• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «СМІ павінны быць праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі». Як чыноўнікі пастаўскіх медыйшчыкаў вучылі

    На пасяджэнні Пастаўскага райвыканкама з удзелам сталічных ды абласных босаў 18 кастрычніка абмяркоўвалі рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і працу з маладымі спецыялістамі.

    Пра вынікі нарады піша газета «Пастаўскі край». На пасяджэнні прысутнічалі, у прыватнасці, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергіенка і памочнік Лукашэнкі — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло.

    З мясцовых на сустрэчу ў выканкам запрасілі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, кіраўнікоў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дырэктараў школ, старшынь сельскіх саветаў, ідэолагаў ды кадравікоў.

    Ігар Сергіенка пацікавіўся як у раёне працуюць СМІ, удакладніў, якія змены патрэбныя і наколькі мясцовыя жыхары сочаць за тымі падзеямі, што адбываюцца не толькі ў рэгіёне ці краіне, але і ў свеце.

    Паводле начальніцы ідэалагічнага аддзела Пастаўскага райвыканкама Галіны Чаплінскай, праца раённых СМІ знаходзіцца ў полі зроку і раённай адміністрацыі, і Савета дэпутатаў.

    «Асноўны акцэнт робіцца на тое, што сродкі масавай інфармацыі павінны быць праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі. Мы бачым неабходнасць пашырэння прысутнасці нашых СМІ на розных інтэрнэт-пляцоўках. Кадры раёна скіраваныя на канструктыўную працу, і тут ёсць патэнцыял для ліквідацыі недапрацовак», — патлумачыла яна.

    Чыноўніца адзначыла, што ў сучасным свеце, дзе на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны, роля СМІ значна ўзрасла.

    «У такіх умовах галоўная задача, якую ставіць час, — барацьба за розум і душы нашых людзей. Любая інфармацыя распаўсюджваецца з хуткасцю гуку — і пазітыўная, і негатыўная. Усё гэта ператварылася сёння ў інфармацыйную вайну. Задача органаў улады — фармаваць канструктыўную грамадскую думку праз сучасную і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з людзьмі», — падсумавала галоўны ідэолаг Пастаўшчыны.

    У Пастаўскім раёне на сёння толькі два мясцовыя СМІ, абодва дзяржаўныя — газета «Пастаўскі край» і тэлебачанне «Паставы-ТВ».

    Раней там можна было набыць і незалежную газету «Вольнае Глыбокае», але з эканамічных прычын напрыканцы 2020 года рэдакцыя была вымушаная спыніць выхад друкаванай версіі. А сайт, на якім пасля гэтага засяродзіліся журналісты выдання, беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і заблакавалі да яго доступ.

    Паводле звестак пастаўскіх уладаў, наклад раённай газеты «Пастаўскі край» на 1 кастрычніка складае 4670 асобнікаў, падпісны — 4610 асобнікаў. Вядома, што гэта з улікам «добраахвотна-прымусовай» падпіскі. Асноўныя падпісчыкі раёнкі жывуць у сельскай мясцовасці. У Паставах газету выпісваюць 1900 чалавек.

    Максімальны аб’ём вяшчання пастаўскага тэлебачання «Паставы ТВ» складае 4 гадзіны ў суткі.

    Чытайце яшчэ:

    Belarus IGF-2023: силовики, раскаявшиеся айтишники и экстремистские активисты

    Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў

    Блогера Дзмітрыя Сельвяструка прызналі палітычным вязнем

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці