З’явіўся падрабязны юрыдычны аналіз сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі
Грунтуючыся на нормах міжнароднага крымінальнага права, эксперты Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub — Марыке дэ Хун, Андрэй Васільеў і Марыя Колесава-Гудзіліна — падрыхтавалі падрабязны юрыдычны аналіз сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, учыненых Лукашэнкам і беларускімі ўладамі ў перыяд з мая 2020-га па май 2023 года.
У час падрыхтоўкі даклада праваабаронцы галоўным для сябе абралі такое пытанне: ці ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што супраць беларускага насельніцтва былі здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці?
«Гэты даклад — унёсак у магчымасці міжнароднай супольнасці, каб падтрымаць беларускі народ у ягоных надзеях на спыненне гвалту і беспакаранасці, а таксама ў ягонай барацьбе за мір, дэмакратыю і справядлівасць. Гэта была вельмі складаная і карпатлівая праца. Экспертам нашай арганізацыі ўдалося сабраць вялікі спіс доказаў злачынстваў лукашэнкаўскага рэжыму і прааналізаваць іх», — падрэсліў кіраўнік Justice Hub Дайнюс Жалімас.
У дакладзе прадстаўлены ўсебаковы прававы аналіз магчымасцяў прыцягнення да адказнасці праз:
-
Міжнародны крымінальны суд,
-
Унутраныя суды (у Беларусі і замежжы),
-
Стварэнне спецыяльнага трыбунала па злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі.
Таксама праваабаронцы адзначылі шырокі спектр патэнцыйных злачынцаў. У дакуменце падкрэсліваецца асаблівая роля пракурораў і суддзяў у пераследзе грамадзян па палітычных матывах. У спіс патэнцыйных вінаватых патрапілі і суддзі Канстытуцыйнага суда Беларусі, якія пацвердзілі канстытуцыйнасць шэрагу рэпрэсіўных законаў, тым самым забяспечыўшы юрыдычнае абгрунтаванне рэпрэсій.
Прачытаць поўную версію даклада (на ангельскай мове) можна тут