• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “У рэжыме аўтапілота”. Як адбывае свой неадэкватны тэрмін зняволення журналістка Кацярына Андрэева

    Асуджаная больш чым на 8 гадоў калоніі журналістка Кацярына Андрэева адчувае “велізарную фізічную і маральную стомленасць”. Пра гэта яна напісала ў адным з апошніх лістоў на волю.  

    Калегі звязаліся з Ігарам Ільяшом, мужам Кацярыны Андрэевай, каб даведацца апошнія навіны ад палітзняволенай, жорстка пакаранай за прафесійную дзейнасць. Цяпер яна адбывае прысуджаныя 8 гадоў і 3 месяцы ў папраўчай калоніі № 4 Гомеля — ва ўмовах агульнага рэжыму.   

    “Каця знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 2 гады і 4 месяцы. За гэты час у яе заўважна пагоршыўся зрок — амаль непазбежная праблема для тых, хто працяглы час знаходзіцца ў зняволенні. Акрамя таго, адчувае велізарную фізічную і маральную стомленасць.

    «Я ў рэжыме аўтапілота», — так акрэслівае яна свой фізічны і псіхалагічны стан”, — расказаў Ігар Ільяш.  

    Ён дадае, што апошні раз бачыўся з жонкай летась у верасні ў следчым ізалятары — яшчэ да этапавання ў гомельскую калонію. Гэта было стандартнае безкантактнае кароткатэрміновае спатканне праз шкло і тэлефон. 

    “Ну а цяпер падтрымліваем сувязь у асноўным праз ліставанне, — працягвае журналіст. — З пачатку 2022 года лісты да Каці прапускаюць толькі ад сваякоў. Але якраз тут пытанняў няма, бо для блізкіх пошта працуе добра: карэспандэнцыя даходзіць рэгулярна і адносна хутка. Таксама Каця мае права на званкі, прыкладна раз на тыдзень. Звычайна па чарзе тэлефануе бацькам, бабулі і дзядулі, мне. Званок прыблізна пяць хвілін, само сабой, гутарка ў прысутнасці супрацоўнікаў калоніі”. 

    Як і большасць зняволеных, у калоніі Кацярына Андрэева працуе на швейнай вытворчасці. Тыдзень у першую змену, тыдзень — у другую. Але, удакладняе Ігар Ільяш, гэта не значыць, што па-за межамі “фабрыкі” вязні прадстаўлены самі сабе. Акрамя ўсяго, трэба прыбірацца ў памяшканнях, мыць падлогі, чысціць снег, перабіраць бульбу і г. д. Іншымі словамі, пастаянна чымсьці занятая.  

    Паводле Ігара, пакуль Каця была ў СІЗА, яна шмат чытала. Але ў калоніі вольнага часу вельмі мала. З апошняга прачытанага — раман Альбера Камю “Чума”. Пісала, што цяпер гэта яе любімая кніга, вельмі сугучная асабістаму светаадчуванню на дадзены момант. Калі ёсць магчымасць і натхненне, таксама піша паэзію.

    “У рэдкія хвіліны прасвятлення прыходзяць вершы. Праўда, папрацаваць над імі нармальна, падрэдактаваць, адшліфаваць няма часу. Або якое-небудзь глупства рэзка абарве парыў — тады ўжо і не хочацца”, — распавядала яна ў адным з лістоў мужу. 

    Сёлета Кацярына Андрэева адзначыць сваё 30-годдзе. Родныя не адкідаюць надзеі, што юбілей яны сустрэнуць разам… 

    Журналістку Кацярыну Андрэеву і відэааператарку Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года ў Мінску падчас асвятлення імі мірнай вулічнай акцыі ў памяць пра забітага актывіста Рамана Бандарэнкі. Спачатку іх асудзілі да адмністрацыйнага арышту, але неўзабаве справу перакваліфікавалі ў крымінальную паводле арт. 342 КК (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). 

    Праваабарончая супольнасць прызнала журналістак палітзняволенымі, а пераслед іх палітычна матываваным. 

    18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук падтрымала патрабаванне прадстаўніцы пракуратуры Аліны Касьянчык і пакарала фігурантак 2 гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму.  

    Дар’я Чульцова цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зняволення і летась 3 верасня выйшла на волю. Цяпер яна ў бяспецы за мяжой. А вось наконт Кацярыны Андрэевай у “правасуддзя” былі іншыя планы. 

    10 лютага 2022 года яе перавялі з папраўчай калоніі № 4 у СІЗА № 3 Гомеля дзеля «працэсуальных дзеянняў». Пазней стала вядома, што журналістцы выставілі новае абвінавачанне — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). 

    Пры тым, што сутнасць прэтэнзій аказалася досыць размытай, новаму працэсу гэта не перашкодзіла. На пачатку ліпеня справу ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка, які ў выніку прызначыў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

    20 верасня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд першай інстанцыі, але чакана пакінуў рашэнне без задавальнення. 
    Неўзабаве пасля гэтага, на пачатку кастрычніка, Кацярыну Андрэеву этапавалі са следчага ізалятара ў калонію № 4 Гомеля. 

    Паралельна Міністэрства ўнутраных спраў уключыла палітзняволеную журналістку ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». 

    Адрас для ліставання: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.  

    Чытайце яшчэ:

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

    Читают УНИАН, смотрят Youtube и устают от новостей: результаты опроса протестной аудитории

    Шэсць наратываў, якія расійская прапаганда распаўсюджвае ў Босніі і Герцагавіне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці