• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Украінскі тэлеканал, кароткаметражка пра Шарамета, акаўнты Павука. Апгрэйд сярод “экстрэмістаў”

    Міністэрства інфармацыі абнавіла “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Цяпер тут медыя з Беларусі і Украіны, а таксама асобныя найменні відэапрадукцыі.

    Інфармацыйнае ведамства на сваім сайце чарговым разам папоўніла базу “экстрэмістаў”. Акрамя беларускіх медыя, гэтым разам у пераліку з’явіўся і прадстаўнік Украіны. 

    Удакладняецца, што ў шэраг непажаданых да паказу на тэрыторыі Беларусі трапіў YouTube-канал «Прямий». Адпаведнае рашэнне прыняў 23 студзеня суд Ленінскага раёна Магілёва, і яно падлягае “неадкладнаму выкананню”.

    Украінскі тэлеканал “Прямий” мае 2 мільёны 360 тысяч падпісчыкаў, актыўна асвятляе расійскую ваенную агрэсію і рэзка крытыкуе рэжым Лукашэнкі за пасобніцтва ў злачынствах.

    Ускосна з украінскай тэматыкай пераплятаецца і наступны пункт. Так, да “экстрэмісцкіх матэрыялаў” аднесены відэаролік пад назвай «Новыя факты забойства Паўла Шарамета». Рашэнне зусім свежае, яго прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 30 студзеня. Сюжэт выйшаў на тэлеканале “Белсат” 20 ліпеня 2021 года і быў прымеркаваны да чарговай гадавіны забойства вядомага журналіста ў цэнтры Кіева – акурат у дзень першай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. У расследванні ўздымаліся пытанні, чаму праз столькі часу не назвалі ні замоўцу, ні матываў тэракта, а галоўнае, якую ролю ў забойстве Паўла Шарамета адыгрываюць беларускія спецслужбы.

    Яшчэ адзін “экстрэмісцкі лот” — сацыяльныя сеткі Face­book, Insta­gram, «Вконтакте», «Одноклассники» гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча. З прычыны пераследу з боку сілавікоў ён з’ехаў у Беласток і заснаваў там мультымедыйны праект MOST. Як вынік, у пералік забароненых патрапіла большая частка інфармацыйнай прадукцыі, якую вырабляе яго каманда.

    Сярод прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі: старонка ў Insta­gram; старонка ў сацсетцы Twit­ter, якая мае ідэнтыфікатар ; YouТube-канал «Мы вернемся” | Руслан Кулевич | MOST» ; супольнасць ў сацсетцы «Одноклассники» пад назвай «MOST – Беласток і Гродно, Польшча і Беларусь»; акаунт «most­medi­aio» у  сацсетцы Tik­Tok. І наўздагон да ўсяго фірмовы лагатып медыя: круг барвовага колеру, у цэнтры якога маецца белы надпіс «MOST».

    Каб закальцаваць тэму абласнога цэнтра, туды ж адрасавалі супольнасць «ВКонтакте» пад назвай «Новости Гродно | Grodno.news».

    Усе санкцыі адным пакетам ухваліў суд Ленінскага раёна Гродна 23 студзеня.

    Нарэшце, чарговую порцыю завочнай дзяржаўнай увагі атрымаў блогер Андрэй Павук. Ён даўно не жыве ў Беларусі, але праз сваю пранкерскую дзейнасць вымагае нервавацца чыноўнікаў самага высокага рангу. Гэтым разам суд Крупскага раёна Мінскай вобласці на пасяджэнні 23 студзеня вырашыў прызнаць “экстрэмісцкімі” акаўнты ў сацсетцы Tik Tok з назвамі «Андрей Паук»  і «puh­lij dic­ta­tor 3.0″.

    Такім чынам, агульная колькасць рэсурсаў, чый кантэнт прызнаны шкодным для палітычнага рэжыму, Міністэрства інфармацыі ўпэўнена набліжае да паўтары тысячы найменняў.  

    Чытайце яшчэ:

    «Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

    Reuters: МФЖ пачынае працэс выключэнне са свайго складу Саюза журналістаў Расіі

    Паўла Мажэйку пакінулі пад вартай яшчэ на месяц. Яму не перадаюць вітаміны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці