• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Гомелі адхіліў скаргу Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне пад вартай

    Суд Навабеліцкага раёна Гомеля 16 студзеня разгледзеў скаргу былой журналісткі Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне пад вартай. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Аляксандр Зінчук. Скарга не задаволена, Шчыракова па-ранейшаму застаецца ў СІЗА-3. Дэталі разбіральніцтва невядомыя, паколькі суд прайшоў у закрытым рэжыме.

    Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак.

    Некалькі сутак Ларысу трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, потым перавялі ў СІЗА‑3 на вуліцы Кніжнай. Пазней стала вядома, што супраць Шчыраковай распачалі крымінальную справу на падставе арт. 369–1 КК — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Пакаранне паводле артыкула — да 4 гадоў пазбаўлення волі. Што канкрэтна ставяць у віну 49-гадовай жанчыне, невядома. З адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

    За кратамі Ларыса ўжо 41 дзень. Ці праводзяцца з ёю хоць якія следчыя дзеянні, невядома. Спатканняў з ёю сваякі не мелі. У СІЗА прымаюць толькі перадачы з неабходнымі рэчамі і прадуктамі. Родныя і блізкія Шчыраковай сцвярджаюць, што напісалі ёй ужо дзясяткі лістоў, але, імаверна, Ларыса іх не атрымала, бо адказу не давала. Не выключана, што яе лісты затрымлівае цэнзура.    

    Апошні ліст, які прыйшоў ад Ларысы дадому, датаваны 21 снежня. Яна цікавілася вучобай сына, пісала, што не мае добрага сну, бо ў камеры ўначы ўвесь час гарыць святло. Прасіла таксама кнігі па псіхалогіі — увосень Шчыракова паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францішка Скарыны на завочнае навучанне, каб набыць прафесію псіхолага. У свой час Ларыса вочна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт гэтага ж універсітэта, выкладала ў школе гісторыю і англійскую мову, а потым захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя.

    За працу без акрэдытацыі з беларускамоўным тэлеканалам “Белсат”, які транслюе перадачы з Польшчы, Шчыракову затрымлівалі і на падставе пратаколаў міліцыі штрафавалі праз суды больш як 40 разоў. Асвятляла яна ў рэгіёне і пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Апошнім часам Шчыракова адыйшла ад журналістыкі, пра што заявіла публічна. Каб не застацца без сродкаў існавання, зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай. Прапанавала гамельчукам за плату фотаэтнасесіі ў нацыянальных строях са сваёй багатай калекцыі. Мела таксама ўласны праект «Забітыя і забытыя», здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны і змяшчала іх на YouTube. 

    На мінулым тыдні Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Jour­nal­istes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікаюць да безадкладнага вызвалення Ларысы Шчыраковай.

    Чытайце яшчэ:

    Як у Гродне судзяць журналіста Анджэя Пачобута

    Беларусские пропагандисты и провластные Telegram-каналы целый день «атакуют» Почобута

    Камітэт абароны журналістаў асудзіў вырак, які беларускі суд прызначыў журналістам Сняжане Інанец і Аляксандру Лычаўку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці