• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ад 10 да 12 сутак — магілёўскіх журналістаў пакаралі арыштам

    У Магілёве  7 жніўня былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў трое журналістаў, сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, затрыманых у папярэднія дні ў выніку “зачысткі”  ў рэгіёне перад выбарамі.

    5 жніўня супраць нашых калег Аляксандра Буракова‑старэйшага і Уладзіміра Лапцэвіча ўчынілі правакацыю, а ў чацвер невядомыя ў масках затрымалі  Аляксандра Буракова-малодшага. 

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адназначна звязвае затрыманні з “зачысткай” грамадска-палітычнага поля ў рэгіёне напярэдадні выбараў.

    Аляксандра Буракова (старэйшага) асудзілі за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП), арышт 10 сутак.

    Уладзіміра Лапцэвіча — за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.34 КаАП), арышт 12 сутак.

    Уладзімір Лапцэвіч заявіў, што аб’яўляе ў ізалятары часовага ўтрымання галадоўку пратэсту.

    Буракова (малодшага) — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП), арышт 10 сутак.

    Суд над Аляксандрам Бураковым (старэйшым)

    Журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) быў затрыманы 5 жніўня. Аляксандр паспеў паведаміць калегам, што падставай для дагляду аўтамабіля праваахоўнікі назвалі неабходнасць праверыць, ці не перавозіць журналіст кантрафактны алкаголь.

    Пасля міліцыянты захацелі праверыць ідэнтыфікацыйны нумар машыны (VIN) і чамусьці вырашылі, што ён можа быць фальшывым. На гэтай падставе Аляксандра Буракова затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.

    Пасля выхаду з РАУС была зладжаная парвакацыя.

    — Маёр Башарымаў адкрыў калітку, а побач раптам узнікла нейкая жанчына. Яна нечакана абапёрлася на мой жывот і пачала спаўзаць мне пад ногі. Я пачаў крычаць, што гэта правакацыя. Супрацоўнікі зацягнулі мяне назад у РАУС. Пратакол бачу ўпершыню, — распавёў у судзе журналіст.

    Сведкам інцыдэнту стаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

    Ён пацвердзіў, што раптам узнікла нейкая жанчына і ўпала Буракову пад ногі. Буракоў нічога ёй не рабіў, толькі пачаў крычаць, што гэта правакацыя.

    Сведка Дзяніс Кіеўскі таксама пацвердзіў, што Буракоў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не рабіў.

    Аднак супрацоўнік міліцыі Башарымаў у судзе заявіў, што бачыў, як Буракоў адштурхоўвае нейкую дзяўчыну. «Яна закрычала. Я завёў Буракова назад на тэрыторыю РАУС. Дзяўчыну павялі пісаць заяву», — агучыў міліцыянт свае паказанні.

    У судзе зачыталі апытанне “пацярпелай”. Яе прозвішча Васількова, іншай інфармацыі у судзе не прагучала.

    З пратакола: «Выйшаў Буракоў, з крыкамі накінуўся на мяне і адштурхнуў».

    У суд Васількова не з’явілася. Адвакат настойваў, каб яна дала паказанні ў судзе. У справе таксама ёсць заява Васільковай з просьбай разглядаць справу без яе, бо яна з’ехала ў Расію.

    Журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) заявіў у судзе, што яго пераслед носіць палітычны характар. Міліцыя выкарыстоўвае людзей для правакацый.

    Аляксандра Буракова (старэйшага) асудзілі за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП), арышт 10 сутак.

     

    Суд над Уладзімірам Лапцэвічам

    Справу супраць журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча разглядала суддзя Літвіна.

    Журналіста Лапцэвіча абвінавацілі ў непадпарадкаванні — быццам бы ён 5 жніўня насуперак патрабаванням дзяжурнага прайшоў у памяшканне Ленінскага РАУС Магілёва. Лапцэвіч з абвінавачаннем не згодны, ніякіх патрабаванняў не было. У РАУС самавольна не ўваходзіў.

    Вось паказанні спадара Уладзіміра Лапцэвіча:

    — Увечары 5 жніўня я напісаў скаргу. Мяне запрасілі у РАУС для апытання. Я доўга чакаў, мяне ніхто не апытваў. Я вырашыў сысці, мяне затрымалі.

    Сілай зацягнулі назад у кабінет, пагражалі. Закруцілі рукі і надзелі кайданкі. У мяне сіняк на руцэ. Ударылі галавой аб падлогу. Пагражалі «ластачкай».

    Я патрабаваў адваката. Прычыну затрымання мне не сказалі. Сям’і пра затрыманне не паведамілі. Пратакол не прад’яўлялі. Незаконныя дзеянні вымусілі мяне аб’явіць галадоўку.

    Міліцыянт Галаткоўскі Віктар Сяргеевіч:

    — Лапцэвіч стукаў у дзверы. Я не пускаў яго у рэжымны аб’ект. Ён стаў перашкаджаць закрываць дзверы. Устаўляў нагу. Зайшоў у будынак. Патрабаваў кнігу скаргаў і прапаноў. Напісаў скаргу. 

    Лапцэвіч заявіў хадайніцтва аб допыце сведкаў — адмовілі, хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер відэаназірання — адмовілі.

    Лапцэвіч заявіў адвод суддзі — адмовілі.

    Вырак суда: 12 сутак арышту за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.34 КаАП).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці