• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістам спрабавалі перашкодзіць працаваць падчас свята ў гонар Васіля Быкава

    Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч спрабавала перашкодзіць працаваць незалежным журналістам Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу.

    Інцыдэнт здарыўся 19 чэрвеня, калі  журналісты-фрылансеры прыехалі ў вёску Бычкі Ушацкага раёна, каб асвятляць імпрэзу ў гонар знакамітага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Быкава.

    Мерапрыемствы па ўшанаванні памяці пісьменніка ладзяцца там штогод 19 і 20 чэрвеня: 19 чэрвеня ладзяць мясцовыя ўлады, а 20 чэрвеня — дэмакратычная грамадзянская супольнасць. Але сёлета з‑за пандэміі каранавіруса Рух “За свабоду” імпрэзу не арганізоўваў, таму журналісты вырашылі завітаць у Бычкі 19 чэрвеня, як раз у дзень народзінаў пісьменніка.

    На сустрэчу ў Бычкі прыехалі каля 20 чалавек, але, як аказалася, не ўсе былі пажаданымі гасцямі. Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч хацела забараніць прысутнічаць на імпрэзе незалежным журналістам Таццяне Смоткінай і Змітру Лупачу.

    Аргументавала чыноўніца гэта тым, што ўлады іх сюды не запрашалі, а журналісты ў сваю чаргу не ўзялі дазвол на тое, каб прысутнічаць на мерапыемстве.

    — Калі вы нашы госці, вы павінны былі як мінімум паведаміць пра тое, што вы ў нас будзеце. Мы павінны разумець, хто з намі, — сказала Алена Пашковіч журналістам.

    Намесніца старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч

    Пасля гэтых слоў Таццяна Смоткіна ўдакладнілася, ці закрытае гэтая імпрэза, і нагадала, што ўжо прадставілася. Журналістка дастала дыктафон, каб запісаць размову, але спн. Пашковіч выказала гэтаму незадавальненне і сышла.

    Паводле слоў журналістаў, пасля гэтага чыноўніца падыходзіла, калі яны фатаграфавалі агульны план, і папярэджвала, каб яе не фатаграфавалі, бо, маўляў, яна тут такі ж госць, як і яны. Журналісты працягнулі сваю працу.

    Таццяна Смоткіна зазначае, што з такой непісьменнасцю чыноўніцы яна сустрэлася ўпершыню:

    “Было рознае: чыноўнікі не пагаджаліся на каментар, пераадрасоўвалі да іншых, падчас культурніцкіх імпрэзаў павялічвалі гук музыкі ў зале, калі запісвала на дыктафон. Але, каб забаранялі фактычна прысутнічаць на імпрэзе, ды ў гонар Васіля Быкава — сумлення нацыі, які прытрымліваўся дэмакратыі — гэта ўпершыню”.

    Зміцер Лупач таксама ўражаны такім інцыдэнтам.

    “Алена Пашковіч сказала, што журналісты ледзь не за два тыдні павінны ў іх пытацца пра дазвол прысутнічаць на імпрэзе. Можа, улады хочуць, каб у іх дазвол прасілі наогул хадзіць па гэтай зямлі”, — здзіўляецца журналіст.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці