Рэпартаж: Як спецыялісты па сігналізацыі і рамонту вагонаў патрабавалі акрэдытацыі для журналіста «Народнай волі»
Анатоль Гатоўчыц наведаў выбарчыя ўчасткі ў Гомелі. Высновы журналіста: людзі сістэмы максімальна імкнуцца схаваць інфармацыю пра тое, што і як робіцца ўнутры яе.
Наведаўшы 17 лістапада пяць выбарчых участкаў у Савецкім раёне Гомеля, на пачатку 16‑й гадзіны дабраўся на працілеглую ўскраіну горада – у густанаселены спальны мікрараён “Валатава”. У школе №49 на вуліцы Петруся Броўкі месцяцца ўчасткі №7 і 8, якія належаць да Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акругі №31.
Нікога з выбаршчыкаў на ўчастку №7 на другім паверсе навучальнай ўстановы не было. За доўгім сталом — чацвёра сябраў камісіі, насупраць за асобным сталом — сакратар участковай выбарчай камісіі Аляксандр Яўменаў. Побач — трое назіральнікаў.
Дастаю пасведчанне, паказваю сакратару Яўменаву — рэгіструйце. Сакратар раіць чакаць старшыню камісіі Яўгена Сусолкіна. Той неўзабаве выходзіць з бакавых дзвярэй, бярэ пасведчанне, тэлефануе камусьці па мабільніку і зноў знікае хвілін на восем-дзесяць у бакоўцы.
Выбарчы ўчастак № 7. У цэнтры — Яўген Сусолкін
Пакуль старшыня нешта ўзгадняе, гутарым з сакратаром. На ўчастку па спісу 1920 выбаршчыкаў. За пяць дзён датэрміновага галасавання камісія паказала, што ўчастак наведалі 612 чалавек, альбо 31,8 %. Прамежкавыя лічбы асноўнага дня галасавання сакратар не называе.
Пакуль гутарылі, зайшлі двое выбаршчыкаў. Кажу — буду здымаць.
“Не, чакайце старшыню”, — раіць Яўменаў.
Нарэшце Яўген Сусолкін выходзіць з бакоўкі ў дзіўным настроі і сур’ёзным тонам пачынае тлумачыць:
“Вы павінны паказаць акрэдытацыю, што маеце права браць інтэрв’ю і рабіць здымкі”.
Пытаюся, ці ўважліва старшыня глядзеў пасведчанне, і ў каго ў такім разе мушу атрымаць акрэдытацыю, маючы дакумент агульнанацыянальнага выдання? Уцямнага адказу не атрымліваю. Сусолкін раіць глядзець на стэнд, дзе змешчаныя звесткі пра кандыдаты ў дэпутаты і вывешаны пратакол датэрміновага галасавання.
Цікаўлюся ў Сусолкіна, хто ж вылучыў яго ва ўчастковую камісію, бо за сорак гадоў журналісцкай працы ўпершыню сустракаю кіраўніка камісіі, які так выбарачна разумее нават выбарчае заканадаўства. Але Яўген Дзмітравіч раіць не перашкаджаць, а то, маўляў, давядзецца выклікаць міліцыю.
На шчасце, міліцыя побач — у калідоры. Сам іду да старшага лейтэнанта, але той і слухаць не жадае, хто там і чаму перашкаджае журналісту.
“Усё вырашайце з камісіяй”, — адмахваецца старшы лейтэнант. — Я сачу за парадкам”.
На выбарчым участку №8, дзе старшынёй была Марына Маставая, — тая ж “карціна алеем”, як прамаўляў герой папулярнага фільма: патрабуюць акрэдытацыі ў акруговай выбарчай камісіі. Рабіць здымкі таксама нельга.
“Фатаграфаваць я не дазваляю, — кажа Маставая. — Лічу, што ў кожнага чалавека ёсць права на асабістае жыццё. Паводле Выбарчага кодэкса, старшыня камісіі вызначае, можна фатаграфаваць на ўчастку ці не”.
Цікаўлюся, які калектыў вылучыў Марыну Рыгораўну арганізоўваць “засакрэчаныя” выбары на згаданым участку? Марына Рыгораўна адмаўляецца хоць нешта казаць на гэтую тэму — маўляў, гэта таксама прыватныя звесткі.
Пазіцыя старшыняў згаданых камісій надзвычай здзівіла, бо ў Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе №31, да якой адносяцца ўчасткі 7 і 8, балатуецца і кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віталь Уткін. Менавіта раённая адміністрацыя адказная за фармаванне кампетэнтных кіраўнікоў нізавых выбаркамаў.
У рашэнні адміністрацыі №825 ад 1 кастрычніка пазначана, што і Яўгена Сусолкіна, і Марыну Маставую вылучыла раённая арганізацыя Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. У адкрытым доступе ёсць інфармацыя, што Сусолкін працуе на чыгунцы намеснікам начальніка па ідэалогіі, кадрах і сацыяльных пытаннях Гомельскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, а Марына Маставая — займае такую ж пасаду ў Гомельскім вагонным участку па рамонту ўнутранага абсталявання. Дарэчы, працаўнікі гэтых структураў рэгіянальнага аддзялення Беларускай чыгункі складаюць аснову ўчастковых выбарчых камісій. А дзеля прыдання бачнасці дэмакратычнага складу, вылучаюцца то ад “канапных” партый, то ад праўладных грамадскіх арганізацый. Такія камісіі цалкам кантралююцца старшынёй-начальнікам.
І, відаць, нездарма гараджане з вялікай долей скептыцызму ставяцца да выбараў — акурат, як мужчына ў гадах, якога напаткаў на прыпынку грамадскага транспарту, калі пакінуў выбарчыя ўчасткі ў школе №49. “Галасуй не галасуй — зробяць па-свойму”, — і гамяльчук махнуў рукою, нібы адрэзаў бессэнсоўную гаворку.
Зрэшты, практыка фармавання камісій па вытворчаму прынцыпу даволі зручная, каб накручваць яўку асабліва падчас датэрміновага галасавання. Не магу нічога сказаць пра акругу №31, бо не маю звестак, а вось пра Гомельскую Цэнтральную акругу №33 шмат цікавага распавядаюць незалежныя назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
За пяць дзён да асноўнага галасавання ўчастковыя камісіі падалі, што ў акрузе прагаласавалі 26,3 % выбаршчыкаў, назіральнікі налічылі ў два разы меней — толькі 12,4 %. На ўчастку №24 лічбы адрозніваюцца ў тры з лішнім разы.
“У мяне і ў асноўны дзень галасавання звесткі пра колькасць прагаласаваўшых значна адрозніваюцца ад тых, што падае камісія. А я інжынер-матэматык, лічыць умею”, — кажа сталая назіральніца ўчастка №24 Наталля Маслава.
Участковая камісія №24 таксама складзена па вытворчаму прынцыпу — у ёй пераважаюць працаўнікі жыллёва-камунальнага прадпрыемства “Цэнтральнае”.
Крыху замаскіраваны вытворчы прынцып фармавання нізавых выбарчых камісій характэрны і для Савецкага раёна. У прыватнасці, камісію №25, якая праводзіла выбары ў школе №61 па праспекту Кастрычніка, 70 , ачоліў дырэктар ААТ “Гомельжалезабетон” Аляксандр Старастаў. З ім у камісіі намеснік, начальнікі аддзелаў кантролінгу,эканомікі і працы, маркетынгу ды іншыя падначаленыя спецыялісты. Адны вылучаліся праз раённыя арганізацыі “Белай Русь”, БРСМ, Чырвонага крыжа, Беларускага фонду міру, другія — праз збор подпісаў.
Цікаўлюся ў старшыні камісіі Старастава, колькі выбарцаў прагаласавалі па стану на 13.30, а ён так проста і адказвае: “Лічу, што ведаць вам гэта не абавязкова”. Пры гэтым у камісіі згадваюць, што датэрмінова ўдзел у выбарах узялі 609 чалавек з 2300, альбо 26,4 адсотка.
Невысокую актыўнасць прыхарошвалі гучная музыка, шматлікія спартовыя спаборніцтвы ды выступы творчых калектываў.
“Ад папярэдніх да сённяшніх выбараў нам лепей жыць не стала. Кошты выраслі і на харчы, і на лекі, і на ўсякую ўсячыну, – кажа пенсіянер Мікалай, які разам з жонкаю пакінуў выбарчы ўчастак. — Прагаласавалі за юрыста, можа яна пра нас падумае ў той Палаце”.
Тым часам абласная выбарчая камісія паведаміла праз афіцыйнае агенства, што па стану на 14.00 на Гомельшчыне выбары адбыліся ва ўсіх 17 акругах — прагаласавалі 60,09 адсотка выбарцаў ад іх агульнага ліку.
P.S. Наконт інцыдэнта на ўчастках 7 і 8 накіраваў электронны зварот у Цэнтрвыбаркам.
Фота аўтара