• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зварот у Міністэрства інфармацыі з прычыны недакладнай інфармацыі ў дзяржаўнай газеце

    Сябра ГА “БАЖ” з Барысава, юрыст Алег Мацкевіч накіраваў зварот у Міністэрства інфармацыі. Ён просіць скарыстацца паўнамоцтвамі і запатрабаваць ад рэдакцыі газеты “Адзінства” выдаліць інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці.

    У звароце Алег Мацкевіч указвае, што на сайце дзяржаўнай раённай газеты “Адзінства” размешчаная публікацыя “Вниманию граждан!”. У ёй да ведама грамадзян даводзіцца, што “ў адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2012 года № 1087, кожны землекарыстальнік і землеўладальнік, уласнік аб’екта нерухомасці павінен утрымліваць свой зямельны ўчастак, аб’ект і прылеглую да яго тэрыторыю ў належным стане”.

    — Сапраўды, у “Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” ёсць норма, якая абавязвае землекарыстальнікаў даглядаць прылеглую тэрыторыю. Але тычыцца яна не “кожнага”, а вельмі абмежаванага кола суб’ектаў, — звяртае ўвагу юрыст. — Напрыклад, забудоўшчыкаў, гандлёвых арганізацый, арганізацый грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, уладальнікаў аўтазаправачных станцый і г. д. Не ўтрымлівае патрабавання да кожнага землеўладальніка і землекарыстальніка даглядаць прылеглую да ўчастка тэрыторыю і зямельнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі.

    Такім чынам, робіць выснову Алег Мацкевіч, рэдакцыя газеты “Адзінства” распаўсюджвае недакладную інфармацыю, што забаронена Законам “Аб СМІ”. Згаданая інфармацыя наносіць шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам: грамадзяне ўводзяцца ў зман адносна сваіх абавязкаў па добраўпарадкаванні зямлі, да якой не маюць ніякага дачынення, а органы дзяржаўнай улады губляюць аўтарытэт праз недакладнасць інфармавання насельніцтва.

    Апрача гэтага ў публікацыі ўтрымліваюцца звесткі пра рашэнне Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта аб добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы Барысаўскага раёна ад 10.04.2018 г. У звароце юрыст указаў, што дадзенае рашэнне не мае юрыдычнай сілы з прычыны адсутнасці яго афіцыйнага апублікавання ў Нацыянальным рэестры прававых актаў на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь. Адпаведна, гэтае рашэнне не можа вызначаць правы і абавязкі юрыдычных і фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, таму спасылкі на яго ў кантэксце неабходнасці выконваць нейкія абавязкі таксама з’яўляецца недакладнай інфармацыяй, якая наносіць шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці