Газета “Борисовские новости” больш не выходзіць у папяровай версіі
Апошні друкаваны нумар недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Борисовские новости” пабачыў свет 17 ліпеня 2019 года. Цяпер газета працягне існаванне толькі ў фармаце інтэрнэт-выдання.
Спыненне выхаду папяровай версіі “Борисовских новостей” яе галоўны рэдактар Анатоль Букас тлумачыць найперш эканамічнымі прычынамі. Пачынаючы з 2005 года, калі незалежныя выданні прымусова выдалілі з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду і падпіскі, “Борисовские новости” выдаваліся ў неспрыяльных і дыскрымінацыйных умовах.
Пасля працяглага перыяду эканамічнага ціску нават “адліга” ў выглядзе вяртання ў падпісныя каталогі “Белпошты” і шапікі “Белсаюздруку” не спрыяла аднаўленню фінансавай стабільнасці барысаўскай газеты.
Змяніліся ўмовы дзейнасці: папяровыя выданні паступова саступаюць месца інтэрнэт-аналагам, а ў сістэме распаўсюду важную ролю сталі адыгрываць не толькі дзяржаўныя рэсурсы, але і камерцыйныя — у выглядзе гандлёвых цэнтраў і маркетаў.
Апошнія некалькі гадоў “Борисовские новости” змагаліся за магчымасць прадавацца ў буйных гарадскіх гандлёвых сетках, але марна. Любыя спробы заключыць дамовы на распаўсюд сканчаліся адмовамі альбо скасаваннем у хуткім часе дзейных дамоваў. З прыватных размоў з гаспадарамі і зацікаўленымі асобамі Анатоль Букас даведаўся, што дзейнасці рэдакцыі замінае пазіцыя раённых уладаў. Але змяніць сітуацыю не ўдалося: у беларускіх умовах вядзенне бізнесу шмат у чым залежыць ад лаяльнасці дзяржаўнай улады.
Не спрыяе роўнасці эканамічных умоў гаспадарання недзяржаўных і дзяржаўных СМІ і дыскрымінацыя ў галіне бюджэтнага фінансавання. Істотныя датацыі з казны атрымліваюць выключна “свае” перыядычныя выданні, у той час як астатнія існуюць у рэальных умовах рынку, абапіраючыся толькі на ўласныя сілы.
Сюды ж можна дадаць і асаблівасці друку недзяржаўных СМІ. У дзяржаўных друкарнях кошт паперы і паслуг для незалежных газет можа адрознівацца ад тых, якімі карыстаюцца дзяржаўныя медыя. У камерцыйных друкарнях кошты на паперу і паслугі розныя, але іх выбар невялікі, а плацежныя здольнасці недзяржаўных СМІ невысокія.
Надалей працягне друкавацца на паперы рэкламны дадатак да “Борисовских новостей” — “Рекламный БорЖоМи”. Рэдактар Анатоль Букас плануе выдаваць дадатак на 16 старонках у каляровым друку (зараз ён выходзіць на 12 старонках у манахромных выкананні).
“Борисовские новости” выдаваліся з ліпеня 1992 года. Газета выходзіла раз на тыдзень на 48 старонках, яе наклад у лепшыя часы дасягаў да 15 000 асобнікаў.