Суд па справе блогера Пятрухіна перанеслі
Суд над брэсцкім блогерам Сяргеем Пятрухіным, якога затрымалі падчас анлайн-трансляцыі, перанесены.
Блогер быў затрыманы ўдзень 2 чэрвеня падчас шэсця ў цэнтры Брэста праціўнікаў акумулятарнага завода. Сяргей Пятрухін вёў жывую трансляцыю з шэсця, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Маякоўскага яго раптоўна схапілі людзі ў камуфляжнай форме і запіхнулі ў атамабіль.
Праз некаторы час Пятрухін даслаў sms-паведамленні мясцовым праваабаронцам, з якіх вынікала, што яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста і абвінавачваюць у дробным хуліганстве (артыкул 17.1 КаАП).
Дарэчы, сведкамі затрымання выпадкова былі журналісты New York Times, якія прыехалі ў Брэст, каб падрыхтаваць матэрыял пра супрацьстаянне жыхароў горада і ўладаў у справе будаўніцтва акумулятарнага завода.
Сёння, 3 чэрвеня, Сяргея Пятрухіна прывезлі з ізалятара ў суд Леніскага раёна Брэста. Суддзя Аляксандр Семянчук задаволіў хадайніцтва блогера пра перанос судовага пасяджэння, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы і заключыць дамову з адвакатам. Чакаецца, што суд адбудзецца 10 чэрвеня.