• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Новы Час» мусіць сплаціць Зайдэсу маральную кампенсацыю і апублікаваць абвяржэнне — рашэнне суда

    Агучана рашэнне суда Савецкага раёна Мінска па іску бізнесоўца Леаніда Зайдэса да газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына.

    Суд Савецкага раёна Мінска разгледзеў справу па позве аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі бізнесоўца Леаніда Зайдэса да газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына.

    Пазоў Леніда Зайдэса задаволены часткова:

    «Новы Час» абавязаны сплаціць Зайдэсу 700 рублёў маральнай кампенсацыі і судовыя выдаткі. Акрамя таго, «Новы Час» павінен апублікаваць абвяржэнне свайго матэрыялу.

    Журналіст Дзяніс Івашын не мусіць плаціць кампенсацыю Зайдэсу.

    Галоўная рэдактарка "Новага Часу" Аксана Колб, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна і юрыст БАЖ Алег Агееў

    Леанід Зайдэс у судзе адсутнічаў. Яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка Яўгенія Патапава.

    У працэсе суд запрасіў меркаванне спецыяліста наконт першай спрэчнай фразы («Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Real­ty LLC i Beal­cy Invest­ments Ltd») у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Эксперт вызначыў, што спрэчны зварот адносіцца да слова «партнёры». У якасці эксперта выступіў першы намеснік дырэктара Цэнтра па навуковай рабоце, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Аляксандр Лукашанец.

    Патапава выказвала думку, што з артыкула, які апублікаваў «Новы Час» не вынікала, што размова ішла пра будаўніцтва аб’екта (рэстаранна-забаўляльнага комплекса «Поедем Поедим») да 2014 года, калі ён знаходзіўся ў межах ахоўнай зоны. Пасля таго, як ахоўныя межы перанеслі, будаўніцтва стала законным. Таму інфармацыя пра незаконнасць будаўніцтва ў артыкуле Івашына мае паклёпніцкі характар. Што тычыцца інфармацыі з Украіны пра крымінальную справу супраць службовых асоб ТАА «Маг 2000», то гэта не азначае, што яна менавіта супраць Зайдэса (хаця ён і заснавальнік «Маг 2000).

    Леонид Зайдес

    Узгадванне Зайдэса ў гэтым кантэксце абражае яго гонар і годнасць, перадае «Новы Час» словы адваката.

    Прадстаўніца Зайдэса заяўляла ў судзе, што публікацыі ў НЧ, на яе думку, нанеслі ўрон гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Пацвердзіла неабходнасць грашовай кампенсацыі маральнай шкоды. Яна сказала, што контрагенты, у тым ліку замежныя, прыпынілі супрацу з Зайдэсам, што ўдарыла па бізнесу.

    Леанід Зайдэс, адзін з уласнікаў рэстаранна-забаўляльнага комплекса «Поедем Поедим» (колішні «Бульбашъ-холл»), патрабаваў спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 8 000 рублёў: 5 000 з выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства “Час навінаў” — выдаўца газеты «Новы Час» і 3 000 з журналіста Дзяніса Івашына.

    Прычынай сваіх маральных пакутаў ён палічыў публікацыі з цыкла журналісцкіх расследаванняў Дзяніса Івашына. Журналіст раскрыў схему пабудовы, а таксама выявіў большасць асобаў і юрыдычных структур, якія, паводле ягонага меркавання, датычныя да будаўніцтва рэстараннага комплекса каля гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты».

    У верасні 2018 года адбыўся суд па справе аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Аркадзя Ізраілевіча супраць «Новага Часу» і Дзяніса Івашына. Бізнес-партнёр Леаніда Зайдэса, патрабаваў у якасці маральнай кампенсацыі за публікацыю пра яго інфармацыі ў журналісцкіх расследаваннях спагнаць з рэдакцыі газеты і журналіста – 40 тысячаў і адну тысячу рублёў адпаведна. Тады па выніках слухання справы пазоў Ізраілевіча суд адхіліў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці