• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Новы Час» выйграў суд у бізнэсоўца Ізраілевіча

    Суд Савецкага раёну Менску не задаволіў пазоў бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча да газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. З Ізраілевіча суд вырашыў спагнаць 600 рублёў на карысьць газэты і журналіста.

    Інтарэсы журналістаў бараніў юрыст БАЖ Алег Агееў і адвакат Арцём Калоша.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/img_20180910_142953.jpg

    Суд вырашыў, што частка фраз пра Ізраілевіча не наносяць шкоды яго рэпутацыі і не абражаюць яго, а частка фраз увогуле не тычацца Ізраіевіча. Працэс прайшоў за 4 гадзіны. Пазоў Аркадзя Ізраілевіча разглядала судзьдзя Вераніка Абрамовіч.

    Публіка ў судзе сустрэла рашэньне судзьдзі авацыямі. Адвакат Ізраілевіча сказала Свабодзе, што будзе вырашаць з кліентам, ці абсардязць гэтае рашэньне.

    У спрэчках Аркадзь Ізраілевіч паўтарыў свае абвінавачаньні газэты «Новы час» у распаўсюдзе пра яго абразьлівай інфармацыі, якая да таго ж справакавала супроць яго хвалю антысеміцкіх допісаў у сацыяльных сетках.

    Журналіста Дзяніса Івашына Аркадзь Ізраілевіч западозрыў у прафэсійнай няздатнасьці, палічыўшы, што аўтар «Новага часу» недакладна разумее сэнс словаў «афіляванасьць» і «бенецаар», якія ўжываў, даказваючы што ён зьвязаны з пабудовай і дзейнасьцю рэстарацыі «Поедем поедім». Паводле Аркадзьдя Ізраілевіча ён не мае адносін да фірмаў-уласьнікаў рэстарацыі.

    Галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аксана Колб у спрэчках сказала, што Ізраілевіч сам справакаваў нэгатыўныя допісы ў інтэрнэце на свой адрас, калі загаварыў пра тое, што стаў ахвярай антысеміцкай змовы. Таксама Аксана Колб нагадала, што пазоўнік сустрэў словам «Ура» арышт абаронцы Курапат Паўла Севярынца. Паводле журналісткі, горш пашкодзіць сваёй рэпутацыі, як гэта зрабіў сам Ізраілевіч, немагчыма.

    Дзяніс Івашын, аўтар публікацый пра верагодную датычнасьць Ізраілевіча да рэстарацыі «Поедем поедім» спасылаўся на тое, што ўсю інфармацыю, якая даказвала ягоную пазыцыю, ён узяў з афіцыйных крыніц — з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, які выпускае Мінюст, а таксама з пратаколаў, якія былі атрыманыя ў міністэрстве культуры Беларусі.

    Дзяніс Івашын выказаў вялікую падзяку тым, хто падтрымаў яго і газэту «Новы час». «Што сказаць, цуды здараюцца. У мяне не было ілюзій па судовую беларускую сыстэму, але так здарылася. Я на гэта разьлічваў, бо ў пазоўнага боку не было ніякай аргумэнтацыі». Дзяніс Івашын сказаў, што будзе далей расьсьледаваць тэму вакол рэстарацыі ў Курапатах.

    Аксана Колб: «Не гледзячы на судовы вырак мы па ранейшаму гатовыя прадставіць Ізраілевічу слова, каб выказаць сваю пазыцыю. Што да рашэньня суду, я не сумнявалася, што суд разьбярэцца і вынесе справядлівае рашэньне».

    Аркадзь Ізраілевіч пакінуў будынак суду да агалошваньня рашэньня. Перад выхадам з суду бізнэсоўца ад камэнтароў журналістам адмовіўся.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці