У Горадні аштрафавалі трэцяга чалавека за экстрэмізм у сацыяльных сетках
Гарадзенцу Аляксандру Горбачу прысудзілі штраф у 735 рублёў (30 базавых). Падставай сталі антынацысцкія пасты ў «УКантакце» і абрэвіятуры, якія не спадабаліся міліцыі. Рашэньне вынес суд Кастрычніцкага раёну Горадні.
Горбача прызналі вінаватым у тым, што ён распаўсюджваў нацысцкую сымболіку (артыкул 17.10 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях) і распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы (артыкул 17.11 КаАП).
Мужчына, згодна з матэрыяламі справы, разьмяшчаў на сваёй старонцы сеткі «ЎКантакце» нацысцкую сымболіку. Суд не зьвярнуў увагі на тое, што забароненыя знакі былі намаляваныя на антынацысцкіх трафарэтах. Прыкладам, чалавечак выкідае свастыку ў сьметніцу, або іранічны лёзунг заклікае «Нацысты і іншая поскудзь, рушце за лідэрам».
Экстрэмісцкім суд палічыў фатаздымак Аляксандра на фоне крамы адзеньня ў Барсэлёне, якая называецца A.C.A.B. (All Clothes Are Bonny / «Уся вопратка прыгожая»), а таксама абрэвіятуру з расшыфроўкай All Clitoris Are Beautiful («Усе клітары прыгожыя»).
Таксама Горбача абвінавацілі ў тым, што ён запосьціў у сацсетках антыміліцэйскую абрэвіятуру «С.Л.О.Н».
Горбач пацьвердзіў у судзе, што разьмяшчаў гэтыя матэрыялы ў інтэрнэце, акрамя абрэвіятуры «С.Л.О.Н.», аднак сваёй віны цалкам не прызнаў, бо ня бачыць у гэтых выявах нічога дрэннага.
Мужчына будзе абскарджваць рашэньне суду.
Гэта ўжо трэці суд у Горадні за экстрэмізм у сацыяльных сетках. 2 лістапада быў аштрафаны на 612,5 рубля (25 базавых) горадзенскі музыка, вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў, 15 лістапада аштрафавалі жыхара Івацэвічаў Уладзя Сераду на 367,5 рубля (15 базавых).