• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дыялог для дыялогу альбо для выніку? Дэлегацыя БАЖ у Брусэлі распавяла пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі

    Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў наведалі Брусэль, дзе на пасяджэнні Падкамітэта па правах чалавека Еўрапейскага парламента распавялі пра сітуацыю са СМІ і свабодай слова ў Беларусі, правялі шэраг сустрэч з еўрапейскімі дыпламатамі. Таксама адбыўся круглы стол з удзелам сябраў ГА "БАЖ", Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў (IFJ, EFJ): абмеркавалі галоўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/dsc_7707_1_01_ee312fce73.jpg

    На пасяджэнні Падкамітэта па правах чалавека ЕП быў прадстаўлены даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У ім адзначаецца тэндэнцыя адступлення ад шырокіх рэпрэсій, асабліва ў 2016 годзе, але вясна 2017 года, калі па краіне пракаціліся акцыі пратэсту супраць падатку на дармаедства, паказала няўстойлівасць гэтага працэсу. У Беларусі прымяняліся прэвентыўныя затрыманні, разгоны дэманстрацый, узмацніўся ціск на незалежных журналістаў.

    У прыватнасці, аўтары дакладу зафіксавалі рэгулярныя адмовы ў акрэдытацыі журналістам тэлеканала «Белсат», затрыманні і штрафы журналістам за ажыццяўленне імі прафесійнай дзейнасці (за 2017 год – больш за 190 інцыдэнтаў), блакаванне сайтаў («Хартыя» і «Беларускі партызан»).

    Аўтары дакладу заклікалі зняць блакаванне сайтаў у Беларусі, спыніць пераслед незалежных журналістаў і блогераў і забяспечыць бесперашкодны доступ да СМІ.

    Пасля прэзентацыі справаздачы выступілі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў: кіраўнік арганізацыі Андрэй Бастунец і экс-старшыня Жанна Літвіна.

    У сваім выступе яны акцэнтавалі ўвагу на некалькі момантаў: пагаршэнне нормаў закона аб СМІ, наступ на інтэрнэт, пераслед кіраўніка інфармагенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, статус журналістаў-фрылансераў у Беларусі і ціск на незалежных журналістаў.

    — Папраўкі ў Закон аб СМІ выдатна адлюстроўваюць стаўленне ўлады да свабоды прэсы і свабоды выказвання. Прапановы медыясупольнасці фактычна праігнараваныя, абмеркаванне законапраекта аказалася не больш, чым імітацыяй для “вонкавага спажыўца”, — сказаў Андрэй Бастунец. Асобную ўвагу ён надаў пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.

    — Журналістаў штрафуюць не за змест іх матэрыялаў, а за факт супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, пры гэтым колькасць штрафаў вырасла нават у параўнанні з мінулым годам, — падкрэсліў Бастунец.

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў асобна распавёў пра пераслед кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая. Супраць яго 12 чэрвеня была заведзена крымінальная справа па ч.2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі па факце ўхілення ад выплаты падатку ў асабліва буйным памеры, а 14 чэрвеня ў яго адбыўся ператрус

    Варта адзначыць, што менавіта з ператрусу, праведзенага супрацоўнікамі ДФР, пачаўся крымінальны пераслед кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага ў жніўні 2011 года. Тады Алеся Бяляцкага таксама абвінавацілі ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў” і асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі. Такое ж абвінавачанне было прад’яўлена і старшыні незалежнага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і бухгалтару прафсаюза Ігару Комліку.

    — Пераслед за нібыта фінансавыя парушэнні — звычайная справа ў аўтарытарных краінах. Праваабаронцы, прафсаюзы, а цяпер справа дайшла і да незалежных медыя, — адзначыў Андрэй Бастунец.

    Прадстаўнікі БАЖ таксама сустрэліся асабіста з некаторымі еўрапейскімі палітыкамі: старшынёй  дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Багданам Здраеўскім і намеснікам кіраўніка аддзела па двухбаковых стасунках з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзіркам Лорэнцам.

    — У адносінах паміж Беларуссю і ЕС мы бачым дыялог для дыялогу, а не для выніку. Пакуль тут праходзіць дыпламатыя ўсмешак, у Беларусі сітуацыя са СМІ і правамі чалавека становіцца больш жорсткай, — адзначыў Андрэй Бастунец.

    Прадстаўнікі еўрапейскіх структур запэўнілі, што Беларусь не выпала з фокусу ўвагі ЕС, хоць утрымаць цікавасць да Беларусі не проста — з‑за Brex­it, анэксіі Крыма і агрэсіўнай знешняй палітыкі Расіі. Еўрапейскія палітыкі фіксуюць парушэнні са свабодай слова ў Беларусі, праблемы свабоды журналісцкай і палітычнай дзейнасці ў краіне.

    Пасля сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі прадстаўнікі БАЖ паўдзельнічалі ў круглым стале, арганізаваным калегамі з Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў. У фокусе ўвагі была рэформа закона аб СМІ, пераслед незалежных журналістаў і блакаванне сайтаў у Беларусі.

    Нагадаем, што Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 14 чэрвеня прыняла папраўкі ў заканадаўства аб СМІ. Адбылося гэта нягледзячы на ​​занепакоенасць беларускай і міжнароднай медысупольнасці тым, што змены прывядуць да ўзмацнення дзяржаўнага кантролю над інфармацыйнай прасторай. У красавіку папраўкі ў заканадаўства прайшлі першае чытанне. Тады Еўрапарламент адрэагаваў на гэта рэзалюцыяй, у якой заявіў, што змена заканадаўства «пагражае свабодзе выказвання».

    У прыватнасці, згодна з новаўвядзеннямі, аўтары ўсіх паведамленняў і каментароў на форумах павінны быць ідэнтыфікаваныя. Улады таксама змогуць блакаваць інтэрнет-рэсурсы без рашэння суда і інш.

    — Дзяржаўны кантроль над СМІ непрымальны. Беларусь заслугоўвае закона аб СМІ, які паважае свабоду прэсы і забяспечвае правы СМІ і журналістаў-фрылансераў, — адзначылі падчас сустрэчы прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі журналістаў.

    Прадстаўнікі МФЖ і ЕФЖ заклікалі беларускія ўлады прыпыніць дзеянне новага закона аб СМІ, а таксама перагледзець статус журналістаў-фрылансераў у Беларусі і даць ім паўнавартаснае права на прафесію.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці