Фрылансера Жукоўскага спрабуюць судзіць за чужы сюжэт
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Восіпава 26 красавіка перанесла разгляд адміністрацыйнага справы журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. У суд выклічуць даваць тлумачэнні прадстаўніка Цэнтральнага райаддзела міліцыі, адкуль паступіў пратакол.
Жукоўскі ў чарговы раз абвінавачаны ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП.
У пратаколе ўказана, што ён ў перыяд з 5 па 7 сакавіка на вуліцы Кніжнай праводзіў інтэрв’юраванне відэаблогера Паўла Главацкага, гамельчукоў Віталя Шулькіна і Альберта Апекуна, а пасля нібыта вырабіў відэасюжэт і размясціў яго ў праграме “Аб’ектыў” на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”.
Аднак на прадастаўленым міліцыяй у суд дыску запісаны відэасюжэт, выраблены журналісткай Таццянай Уласенка. Згаданыя гамельчукі ў відэарадзе не фігуруюць, чуваць толькі іхнія галасы.
Жукоўскі заявіў у судзе, што не запісваў згаданых людзей менавіта на вуліцы Кніжнай. Таму патлумачыць недарэчнасць мусяць аўтары міліцэйскага пратакола. Наступнае слуханне справы прызначанае на 2 траўня.
Жукоўскі патлумачыў, што не зможа ў гэты дзень прыйсці ў суд, паколькі праходзіць медычную камісію ў звязку з прызывам на ваенныя зборы.
“Гэта хутчэй за ўсё палітычны прызыў. Штрафы не дапамагаюць, дык вырашылі прызваць на зборы, каб хоць на два месяцы адлучыць мяне ад журналісцкай дзейнасці”, — выказаў сваё меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” фрылансер Жукоўскі.
Журналіст паведаміў таксама, што 23 красавіка суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч завочна аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў: за незаконны пікет і стрым у Facebook інцыдэнту ў доме грамадскага актывіста Барыса Анікеева.
Пікет Жукоўскі праводзіў яшчэ 30 студзеня, будучы кандыдатам у дэпутаты гарсавета, а стрым рабіў 16 сакавіка на просьбу Анікеева. Тады міліцыянты прыйшлі ў дом грамадскага актывіста, каб затрымліваць яго “за абразу прэзідэнта”. Праваахоўнікі замкнулі знутры дзверы на ключ, нічога не патлумачылі і сталі чакаць падмогу, каб забраць актывіста ў пастарунак.
Стрыміў інцыдэнт Жукоўскі на сваю старонку ў Facebook. Частку відэаздымкаў скарыстаў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Суд расцаніў гэта як незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнага тэлеканала без акрэдытацыі.