Выйшаў чарговы нумар літаратурнага альманаха “Новы Замак”. У ім і творы БАЖаўцаў
Хрэнам і пірагамі
Мой Вялікдзень прапах,
Усяночнай у храме
Між бабуль у хустках…
Цытатай з уласнага верша абазначаю літаратурны альманах незалежных пісьменнікаў і журналістаў Гарадзеншчыны за 2017 год, які днямі выйшаў у свет у мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. Выйшаў, лічы, напярэдадні гэтага светлага хрысціянскага свята.
Паэзія і проза, успаміны і эпісталярый, хроніка і пераклады, літаратуразнаўства, гумар і сатыра, сярод кніг — у такіх рубрыках каля трыццаці аўтараў, сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў а часта і Беларускай асацыяцыі журналістаў, у гэтым выпуску выносяць на суд капрызнага чытача свае творы.
Імёны пісьменнікаў-гарадзенцаў Валянціна Дубатоўкі, Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча, Юркі Голуба, Віктара Варанца, Аркадзя Ліцьвіна, Анатоля Брусевіча, Альжбеты Кеды ужо даўно і добра вядомыя не толькі сярод аматараў прыгожага пісьменства Гродзенскай вобласці.
Калі ж паглядзець на геаграфію абласнога прыгожага пісьменства крыху глыбей, то раённыя цэнтры тут прадстаўляюць аўтар гэтых радкоў і Сяргей Чыгрын са Слоніма, Леанарда Юргілевіч з Дзятлава, Міхась Зізюк і Святлана Абдулаева з Навагрудка, Уладзімір Васько з Ліды і Рычард Бялячыч са Шчучына. Астатнія аўтары альманаха збольшага жывуць і працуюць у Гродне. Што да тэмаў публікацый, то Сяргей Чыгрын, напрыклад, друкуе ў гэтым выпуску невядомы ліст жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч да Аляксандра Жыткевіча з Вялікай Кракоткі, што на Слонімшчыне, са сваёй прадмовай, а таксама літаратуразнаўчы артыкул пра слонімскага паэта Рудольфа Пастухова ды нізку вершаў-пародый на лідскіх паэтаў, пачынаючы са Станіслава Судніка.
Шосты нумар альманаха выйшаў пад рэдакцыяй новага рэдактара і ўкладальніка паэта ды вучонага ў адной персоне Янкі Трацяка. Ён замяніў на гэтай пасадзе першага рэдактара і ўкладальніка “Новага Замка” бажаўца Сяргея Астраўцова (Астраўца), якога, дарэчы, няма і сярод аўтараў шостага нумару “Новага замка”. Што ж, рэдактары мяняюцца і ў літаранурных выданнях. Але галоўнае, што пачытаць у “Новым Замку”, як было, так і ёсць што і пра каго.