• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшаў чарговы нумар літаратурнага альманаха “Новы Замак”. У ім і творы БАЖаўцаў

    Хрэнам і пірагамі

    Мой Вялікдзень прапах,

    Усяночнай у храме

    Між бабуль у хустках…

    Цытатай з уласнага верша абазначаю літаратурны альманах незалежных пісьменнікаў і журналістаў Гарадзеншчыны за 2017 год, які  днямі выйшаў у свет у мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. Выйшаў, лічы, напярэдадні гэтага светлага хрысціянскага свята.

    Паэзія і проза, успаміны і эпісталярый, хроніка і пераклады, літаратуразнаўства, гумар і сатыра, сярод кніг — у такіх рубрыках каля трыццаці аўтараў, сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў а часта і Беларускай асацыяцыі журналістаў, у гэтым выпуску выносяць на суд капрызнага чытача свае творы.

    Імёны пісьменнікаў-гарадзенцаў Валянціна Дубатоўкі, Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча, Юркі Голуба, Віктара Варанца, Аркадзя Ліцьвіна, Анатоля Брусевіча, Альжбеты Кеды ужо даўно і добра вядомыя не толькі сярод аматараў прыгожага пісьменства Гродзенскай вобласці.

    Калі ж паглядзець на геаграфію абласнога прыгожага пісьменства крыху глыбей, то раённыя цэнтры тут прадстаўляюць аўтар гэтых радкоў і Сяргей Чыгрын са Слоніма, Леанарда Юргілевіч з Дзятлава, Міхась Зізюк і Святлана Абдулаева з Навагрудка, Уладзімір Васько з Ліды і Рычард Бялячыч са Шчучына. Астатнія аўтары альманаха збольшага жывуць і працуюць у Гродне. Што да тэмаў публікацый, то Сяргей Чыгрын, напрыклад, друкуе ў гэтым выпуску невядомы ліст жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч да Аляксандра Жыткевіча з Вялікай Кракоткі, што на Слонімшчыне, са сваёй прадмовай, а таксама літаратуразнаўчы артыкул пра слонімскага паэта Рудольфа Пастухова ды нізку вершаў-пародый на лідскіх паэтаў, пачынаючы са Станіслава Судніка.

    Шосты  нумар альманаха выйшаў пад рэдакцыяй новага рэдактара і ўкладальніка паэта ды вучонага ў адной персоне Янкі Трацяка. Ён замяніў на гэтай пасадзе першага рэдактара і ўкладальніка “Новага Замка” бажаўца Сяргея Астраўцова (Астраўца), якога, дарэчы, няма і сярод аўтараў шостага нумару “Новага замка”. Што ж, рэдактары мяняюцца і ў літаранурных выданнях. Але галоўнае, што пачытаць у “Новым Замку”, як было, так і  ёсць што і пра каго.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці