Мінінфарм, БАЖ, БСЖ і прадстаўнікі дзяржпрэсы — ЦВК зацвердзіў склад кансультацыйнага савета па СМІ
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі прыняла некалькі пастановаў, якія вызначаюць парадак выкарыстання СМІ падчас правядзення выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў.
У прыватнасці, кандыдатам на мясцовых выбарах дазволяць выступіць на дзяржаўных радыёстанцыях. Кожнаму дадуць па тры хвіліны. Але ў прамы эфір нікога не пусцяць — выступы будуць ісці ў запісе. Гэта прадугледжана апублікаванай на сайце ЦВК Пастановай № 46.
З 22 студзеня да 12 лютага кандыдаты будуць намагацца змясціць у тры хвіліны расповед і пра сябе, і пра свае планы для рэгіёна. Кандыдаты з Мінска, да прыкладу, будуць выступаць на радыё «Мінск», а з Мінскай вобласці — на радыё «Мінская хваля». У іншых рэгіёнах гэта будуць мясцовыя дзяржаўныя радыёстанцыі.
Таксама ЦВК зацвердзіла Палажэнне аб грамадска-кансультатыўным савеце па разглядзе спрэчак, звязаных з выкарыстаннем СМІ пры правядзенні мясцовых выбараў. Паводле ЦВК, савет, які на парламенцкіх выбарах насіў назву назіральнага, захавае ранейшыя функцыі — будзе разглядаць спрэчкі, звязаныя з выкарыстаннем медыя падчас выбараў.
Савет зацверджаны ЦВК у наступным складзе:
1. Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі (старшыня савета);
2. Намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў (намеснік старшыні савета);
3. Гендырэктар КУП “Агенцтва “Мінск-Навіны” Кацярына Дубінская (сакратар савета);
4. Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец;
5. Галоўны дырэктар Першага канала беларускага радыё Антон Васюкевіч;
6. Першы намеснік гендырэктара БЕЛТА Аксана Кірыльчык;
7. Першы намеснік галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” Міхаіл Лябедзік.
З сённяшняга дня звярнуцца ў савет са скаргай маюць права як кандыдаты і іх давераныя асобы, так і простыя грамадзяне ды арганізацыі. Арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці савета будзе ажыццяўляцца ЦВК.
Адпаведна, па гэтым жа адрасе можна накіроўваць і звароты ў савет: г. Мінск, вул.Савецкая, 11.