Хашчавацкі, «Салідарнасць» і «Гродзенская праўда» на разглядзе савета пры ЦВК
Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец прыняў удзел у чарговым паседжанні Назіральнага савета па кантролю за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ пры ЦВК Беларусі.
На паседжанні разглядаліся скаргі кандыдатаў у дэпутаты парламента Юрыя Хашчавацкага, Максіма Крупейчанкі, а таксама назіральніка ад грамадскага аб’яднання “БХК” Рамана Юргеля. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрый Хашчавацкі прасіў Назіральны савет прызнаць незаконнай адмову рэдакцыі газеты “Вячэрні Мінск” надрукаваць яго перадвыбарчую праграму.
— Шмат часу працы савета было прысвечана скарзе Юрыя Хашчавацкага. Але я быў адзіны, хто выступаў за тое, каб скарга была задаволеная. Астатнія сябры савета — прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і дзяржаўных СМІ — лічылі, што рэдакцыя “Вячэрняга Мінска” дзейнічала ў межах сваіх паўнамоцтваў, калі не надрукавала праграму. Я казаў, што дзяржаўныя СМІ не маюць права цэнзураваць праграмы кандыдатаў, і што спрэчныя моманты павінен вырашаць суд, а не рэдактар выдання, — распавёў Бастунец.
Другой разглядалася скарга ад прадстаўніка РПГА “БХК” Рамана Юргеля і фактычна паўтарала тое, што ўжо разглядалася на мінулым пасяджэнні савета адносна сітуацыі з выданнямі у Гродзенскай вобласці.
— Дзяржаўныя газеты надрукавалі інтэрв’ю з людзьмі, якія з’яўляюцца дзяржслужбоўцамі. І праз дзень гэтыя ж людзі сталі кандыдатамі ў дэпутаты. Паколькі некаторыя публікацыі былі прадметам разгляду мінулы раз, савет вырашыў падтрымаць рэкамендацыі да дзяржаўных СМІ аб карэктным асвятленні кампаніі. Тут адбыўся цікавы момант. Кіраўнік савета, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі выказаў меркаванне, што падобныя рэкамендацыі трэба скіраваць недзяржаўным выданням. Ён дастаў цэлы стос нумароў “Народнай волі”, “Свободных новостей”, іншых выданняў.
Ізноў мне прышлося нагадваць, што Выбарчы кодэкс Беларусі не рэгулюе працу прыватных медыя. Таму прыватныя СМІ могуць друкаваць любыя матэрыялы за ці супраць тых ці іншых кандыдатаў, калі не парушаецца заканадаўства, у адрозненні ад дзяржаўных СМІ, якія абавязаныя забяспечваць роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў, — кажа Андрэй Бастунец.
Трэцяя ж скарга ў назіральны савет тычылася акурат публікацыі ў недзяржаўным СМІ. Кандыдат па Свіслацкай выбарчай акрузе № 94 у Мінску Максім Крупейчанка прасіў савет разглядзець публікацыю інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” “5 фактов о самом богатом кандидате в депутаты”
— І хоць публікацыя, на мой погляд, выглядае даволі станоўча для Крупейчанкі, кандыдату не спадабалася, што журналістка выказала меркаванне, што на дадзенай акрузе пераможцам у гонцы будзе названы іншы чалавек. Ізноў такі мне прыйшлося казаць, што Выбарчы кодэкс не рэгламентуе працу прыватных медыяў. Савет у гэтым выпадку сапраўды не знайшоў парушэння з боку інтэрнэт-газеты “Салідарнасць”. Міністэрства інфармацыі можа разгледзець прэтэнзіі кандыдата да выдання, але толькі ў выпадку, калі справа будзе даведзеная да суда і той выдасць адпаведную пастанову, — патлумачыў Андрэй Бастунец.
Нагадаем, што ЦВК Беларусі прыняў рашэнне ўключыць у склад назіральнага савета па выбарчых спрэчках старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца 3 жніўня.