Лічба дня: 85 судоў над журналістамі за год
У 2017 годзе адбылося 85 судоў над беларускімі журналістамі ў сувязі зь іх прафэсійнай дзейнасьцю.
Па выніках гэтых працэсаў 12 разоў журналістаў арыштоўвалі, 72 разы штрафавалі, 1 суд закончыўся спыненьнем справы.
Найбольшы адміністрацыйны арышт, якім каралі журналістаў — 15 сутак. Па 15 сутак адбылі журналісты Алесь Баразенка, Марына Кастылянчанка, Павал Левінаў, Канстанцін Мардзьвінцаў, Леанід Сьвецік. Найбольшы штраф — 60 базавых велічынь, або 1380 рублёў — атрымаў журналіст Алесь Ляўчук.
Больш за ўсіх штрафаў за год атрымалі Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова — часьцей іх каралі за працу без акрэдытацыі. Увогуле лідзіруюць сярод пакараных і затрыманых журналістаў тыя, хто супрацоўнічаў зь «Белсатам».
Два разы на журналістаў падчас працы нападалі невядомыя, адзін раз быў зафіксаваны факт зьбіваньня журналісткі міліцыянтамі — гэта здарылася з Ірынай Арахоўскай у Менску.
Яшчэ 19 разоў на журналістаў былі складзеныя пратаколы, але справы не дайшлі да судоў ці іх лёс невядомы.
Паводле зьвестак БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) на 6 сьнежня 2017 году за год зафіксавана 186 парушэньняў правоў журналістаў, якія зьвязаныя зь іхнай прафэсійнай дзейнасьцю.