• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дэбаты ў Магілёве: сваю пазіцыю выказвалі журналісты і праваабаронцы

    У Магілёве бажаўцы зладзілі дэбаты на тэму “Праваабаронцы vs. Журналісты: як узаемадзейнічаць?”

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/buhel_i_den_vasilkou.jpg

    У дыскусіі, якая адбылася 29 лістапада ў Грамадскім цэнтры “Кола”, ппынялі ўдзел больш за 20 чалавек – сябры ГА “БАЖ” з Магілёўшчыны, мясцовыя грамадскія актывісты, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый.

    Правабарончую супольнасць падчас дэбатаў прадстаўляў вядомы магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, у якасці яго апанета выступіў журналіст Дзяніс Васількоў.

    Барыс Бухель падчас свайго выступу засяродзіў увагу ўдзельнікаў своеасаблівага “Дэбат-клуба”  на тым, што журналістам часцяком трэба больш уважліва адносіцца да парадаў праваабаронцаў, асабліва калі гэта датычыцца ўзаемадачыненняў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і абароны сваіх інтэрэсаў у судах. Праваабаронца нагадаў, што толькі за апошнія месяцы на Магілёўшчыне былі пакараныя штрафамі за сваю журналісцкую дзейнасць па сумнавядомай ч. 2 арт. 22.9 КаАП два мясцовых журналісты – Уладзімір Лапцэвіч і Аліна Скрэбунова. Барыс Бухель таксама заклікаў журналістаў і палітыкаў выказваць салідарнасць з людзьмі, якія падвяргаюцца пераследу, аказваць ім маральную падтрымку падчас судовых разбіральніцтваў.

    Дзяніс Васількоў у сваім выступе выказаў меркаванне пра тое, што на Магілёўшчыне паміж журналістамі і мясцовымі праваабаронцамі існуе плённае супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што шмат у чым гэта заслуга менавіта Барыса Леанідавіча Бухеля, які ў любы час гатовы прыйсці на дапамогу ў складанай сітуацыі, а таксама даць журналістам неабходны каментар з пункту гледжання беларускага і міжнароднага заканадаўства. Журналіст таксама падкрэсліў станоўчую ролю магілёўскага праваабарончага рэсурсу http://mspring.online, які заўсёды аператыўна і дакладна падае мясцовыя навіны і падзеі з пункту гледжання мясцовых праваабаронцаў. Матэрыялы з гэтага сайта рэгулярна з’яўляюцца на старонках цэнтральных беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў.

    Пасля выступаў асноўных выступоўцаў да дыскусіі далучыліся іншыя ўдзельнікі дыскусійнага клуба. І тут асноўная нагрузка выпала на долю Барыса Бухеля, якога літаральна засыпалі рознымі пытаннямі і прапановамі.

    У прыватнасці, кандыдат эканамічных навук з Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі прапанаваў праваабаронцам больш увагі надаваць таму, каб спрабаваць прыцягнуць да адказнасці суддзяў, якія выносяць неправамерныя прысуды ў адносінах журналістаў і грамадскіх актывістаў праз звароты са скаргамі ў вышэйшыя судовыя інстанцыі і Адміністрацыю прэзідэнта. П. Мігурскі прывёў некалькі прыкладаў, калі шклоўскім грамадскім актывістам удалося дабіцца зняцця з пасады некалькіх чыноўнікаў менавіта дзякуючы такім зваротам.

    Вядомы беларускі палітык, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пагадзіўся з меркаваннем Барыса Бухеля, што патрэбна выказваць больш салідарнасці з пацярпелымі ад пераследу людзьмі, у тым ліку і журналістамі. Разам з тым палітык зрабіў шэраг заўваг у бок праваабаронцаў і пажадаў ім быць больш блізкімі да патрэбаў простых людзей.

    Свае меркаванні пра неабходнасць больш цеснай камунікацыі паміж журналістамі і праваабаронцамі выказалі карэспандэнт DW Аляксандр Буракоў, рэдактар інтэрнэт-партала https://masheka.by Юрый Плоткін, журналіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч. Віталь Васількоў асабліва падкрэсліў, што журналістам і праваабаронцам патрэбна знаходзіць паразуменне, бо і тыя, і іншыя працуюць на карысць грамадства, дзеля таго, каб яно стала лепшым. Ён адзначыў, што на Магілёўшчыне паміж журналістамі і праваабаронцамі такое паразуменне ёсць, яны знаходзяць агульную мову.

    Напрыканцы дэбатаў іх мадэратар Аляксандр Буракоў падвёў вынікі дыскусіі. Яе ўдзельнікі прыйшлі да агульнай высновы, што цеснае супрацоўніцтва паміж незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі неабходнае і карыснае для абодвух бакоў.

    Па словах Аляксандра Буракова, правядзенне дэбатаў будзе спрыяць умацаванню прафесійных сувязяў сябраў Магілёўскай суполкі БАЖ, якія жывуць не толькі ў Магілёве, але і на перыферыі. Таксама іх правядзенне забяспечыць лепшае разуменне актывістамі грамадска-палітычных арганізацый мэтаў і спецыфікі працы журналістаў.

    А. Буракоў адзначыў, што наступныя дэбаты ў Магілёве пройдуць у снежні гэтага і ў першай палове студзеня 2018 года, іх тэмамі будуць “Палітыкі vs. Журналісты: як узаемадзейнічаць?” і “Моладзевыя лідары vs. Журналісты: як узаемадзейнічаць?” Да ўдзелу ў дыскусіях з журналістамі Магілёўшчыны будуць запрошаныя прадстаўнікі кіраўніцтва палітычных партый і грамадскія лідары новай генерацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці