• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Эксперымент працягваецца”: сайт orsha.eu адзначае першы круглы юбілей

    10 год працы сайта праляцелі незаўважна, жартуе заснавальнік і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмярчак.

    “Насамрэч пачыналася ўсё з эксперыменту: у Оршы не атрымлівалася зарэгістраваць недзяржаўную газету, і некалькі чалавек вырашылі аб’яднацца, каб стварыць інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс. Лічу, што пэўных поспехаў у гэтым накірунку мы дасягнулі: паводле дадзеных сістэмы Livein­ter­net, наш сайт Orsha.eu штодня выходзіць на 18–25 пазіцыю ў катэгорыі  «Гарады і рэгіёны». Хаця ў пачатку года мы марылі трапіць у першую “трыццатку”. Нас не толькі ведаюць і чытаюць, але і імкнуцца да стасункаў, на сайце заўжды шмат каментароў. І гэта, на шчасце, не той выпадак, калі чытачы імкнуцца паспрачацца адно з адным ці паліць кагосьці брудам. У каментарах бывае шмат канструктыўных прапаноў, з якіх часам “вырастаюць” тэмы для новых артыкулаў”.

    За 10 гадоў працы на рахунку сайта — шмат перамог. Найперш гэта — вырашэнне камунальных праблем у горадзе. Колькі разоў было такое, што людзі запрашалі карэспандэнта сфатаграфаваць, прыкладам, недароблены рамонт у пад’ездзе. А праз пару дзён пасля публікацыі артыкула тэлефанавалі з падзякамі, маўляў, ужо ўсё паправілі! У бліжэйшых планах рэдакцыі — правесці кампанію за рамонт дарог у горадзе з прыцягненнем чытачоў. Нашы публікацыі падштурхоўваюць адказныя службы працаваць больш эфектыўна», — гаворыць Ігар Казмярчак.

    Што да больш далёкіх планаў, то іх таксама багата.

    “Па-першае, трэба мяняць інтэрфэйс рэсурсу, каб ён стаў больш сучасным і зручным. Па-другое, мы плануем пашыраць сувязі з рознымі грамадскімі супольнасцямі Оршы. Наш сайт увогуле калісьці задумваўся як “голас народу”, каб са сваімі прапановамі да нас мог прыйсці любы чалавек. Таму мы заўжды імкнуліся і надалей будзем імкнуцца пісаць пра розныя бакі гарадскога жыцця — палітыку або спорт, музыку або экалагічныя імпрэзы”, — расказвае рэдактар.

    За 10 год працы інтэрнэт-рэсурс некалькі разоў мяняў сваю назву, але нязменнай заставалася рэдакцыйная палітыка, скіраваная на ўсебаковае інфармаванне гараджан. У тым ліку пра тыя падзеі і імпрэзы, якія не згадваюцца ў афіцыйным мясцовым друку. Каманда сайта навучалася працаваць разам, імкнецца набываць новы досвед, не баючыся спрабаваць і эксперыментаваць. Бо ўсё і пачыналася з эксперыменту, які ўрэшце прынёс добрыя вынікі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці