• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Юрыст БАЖ распавёў прадстаўнікам АБСЕ пра пераслед журналістаў у Беларусі

    Прадстаўнік ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на 21-ым Пасяджэнні АБСЕ па пытаннях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння выступіў з дакладам пра факты парушэння свабоды слова ў Беларусі.

    У Пасяджэнні АБСЕ па пытаннях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння ад ГА «БАЖ» удзельнічаў юрыст Алег Агееў.

    Алег Агееў у сваім выступе на рабочым пасяджэнні распавёў, што ў Беларусі хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў адбываецца, як правіла, падчас павелічэння пратэстных настрояў у грамадстве, палітычных кампаній. Так, вясной гэтага года, краіна сутыкнулася з чарговым этапам масавага пераследу журналістаў, калі акцыі пратэсту супраць увядзення так званага «падатку на дармаедства» шырока асвятляліся ў недзяржаўных СМІ і сацыяльных сетках.

    На працягу толькі сакавіка гэтага года было зафіксавана 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці, у тым ліку 94 затрыманні і 6 фактаў прымянення гвалту з боку міліцыі.

    Алег Агееў нагадаў, што ў Беларусі па-ранейшаму не вырашана пытанне з журналістамі-фрылансерамі — яны застаюцца па-за прававым полем. Таксама дзейнічае інстытут акрэдытацыі. Гэта дазваляе пераследваць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

    Прадстаўнік ЗША ў сваім выступе, пералічваючы факты парушэння правоў журналістаў у рэгіёне АБСЕ, згадаў і пра пераслед журналіста-фрылансера ​​з Гомеля Кастуся Жукоўскага.

    Прадстаўнік Швецыі распавёў пра раней артыкуляваную занепакоенасць сітуацыяй са свабодай СМІ ў Беларусі.

    Таксама пра сітуацыю ў Беларусі ад імя «Прававой дапамогі насельніцтву» распавядаў Алег Волчак. Ён агучыў кейс блогера Максіма Філіповіча.

    Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзірэ зачытаў даклад аб статусе выканання прынцыпаў і абавязацельстваў АБСЕ ў галіне свабоды самавыяўлення і свабоды СМІ ў краінах-удзельніцах.

    Прадстаўнік афіцыйных уладаў Беларусі таксама прысутнічаў на мерапрыемстве.

    Нарада АБСЕ па разглядзе рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння з’яўляецца найбуйнейшай у Еўропе рэгіянальнай канферэнцыяй, на якой разглядаюцца агульныя пытанні, звязаныя з правамі чалавека. Кожны год у Нарадзе прымаюць удзел больш за 1 000 прадстаўнікоў краін-удзельніц АБСЕ, партнёраў у рамках праграмы супрацоўніцтва АБСЕ, выканаўчых структур АБСЕ, міжнародных арганізацый і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія абмяркоўваюць пытанні рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння АБСЕ.

    У 2017 годзе праходзіла 21 Пасяджэнне АБСЕ па пытаннях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння. Яшчэ ў 1992 годзе Хельсінкскім дакументам на Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ былі ўскладзеныя абавязкі як адказнай арганізацыі па пытаннях чалавечага вымярэння АБСЕ ў сферы бяспекі, па арганізацыі пасяджэння для вывучэння пытанняў рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэння, зацверджаных усімі краінамі-удзельніцамі АБСЕ, і для пошуку магчымасцяў, якія дазваляюць умацаваць механізмы захавання такіх абавязацельстваў. З 1998 года Нарада праводзіцца штогод, на працягу двух тыдняў у Варшаве (за выключэннем 1999 года і 2010 года, калі праводзіліся саміты ў Стамбуле і Астане).

    Нарада ў Варшаве ўключала наступныя напрамкі: забеспячэнне роўнага ажыццяўлення правоў і раўнапраўнага ўдзелу ў палітычным і грамадскім жыцці; памяркоўнасць і недыскрымінацыя; эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы як адказ на рост няроўнасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці