Магілёўскі суд вярнуў у міліцыю адміністрацыйную справу супраць журналісткі Скрэбуновай
Адміністрацыйную справу магілёўскай журналісткі Аліны Скрэбуновай накіравалі з суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва назад у мясцовы райаддзел міліцыі. Пра гэта Аліна Скрэбунова даведалася, калі разам з праваабаронцам Барысам Бухелем 22 чэрвеня наведала канцэлярыю суда Кастрычніцкага раёна.
Фота з сацыяльных сетак
На Аліну Скрэбунову супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва 15 чэрвеня быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Журналістку хацелі абвінаваціць у падрыхтоўцы матэрыялаў для тэлеканала “Белсат”.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што пасля вяртання матэрыялаў адміністрацыйнай справы у Кастрычніцкі РАУС яна, хутчэй за ўсё, будзе спыненая.
Барыс Бухель
“Ужо прайшлі ўсе тэрміны з моманту здзяйснення нібыта зробленага Алінай Скрэбуновай правапарушэння. Да таго ж супрацоўнікі міліцыі не дакладна склалі пратакол, таму я ад самага пачатку не меў сумневу, што справа не будзе мець ніякай перспектывы пры разглядзе ў судзе”, — кажа Барыс Бухель.
Сама Аліна Скрэбунова мяркуе, што пераслед у адносінах да яе з боку супрацоўнікаў міліцыі, хутчэй за ўсё, будзе працягнуты. Па словах журналісткі, матэрыялы для праверкі магілёўскім райаддзелам дасылае УУС Магілёўскага аблвыканкама:
“Гэта ўжо другая такая справа. Не думаю, што яны спыняцца”, — кажа журналістка.
У траўні ў адносінах да Аліны Скрэбуновай ужо праводзілася праверка супрацоўнікамі Ленінскага РАУС г. Магілёва. Журналістцы інкрымінавалася парушэнне часткі 2 арт. 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Праверка праводзілася па інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, А. Скрэбунову хацелі абвінаваціць у падрыхтоўцы матэрыялаў для тэлеканала “Белсат”, але справу спынілі за недаказанасцю.
Днямі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва склалі на магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча 7 пратаколаў за матэрыялы, які былі апублікаваныя ў тыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва”