• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкія ўлады незадаволеныя, як інтэрнэт-рэсурсы асвятляюць тэму добраўпарадкавання гарадской тэрыторыі

    На сайце Брэсцкага гарвыканкама з’явілася афіцыйнае паведамленне пад назвай “Аб пазіцыі Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта на размяшчэнне інфармацыі ў СМІ”.

    Такім чынам мясцовыя ўлады адрэагавалі на публікацыю “на адным з рэгіянальных інтэрнэт-рэсурсаў”, якая тычыцца рэканструкцыі вуліцы Набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце, у выніку чаго былі спілаваныя дрэвы ўздоўж праезнай часткі. Паводле ўладаў, “дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, а па каментар у Брэсцкі гарвыканкам ніхто з прадстаўнікоў СМІ не звяртаўся”.

    Нягледзячы на тое, што назва “рэгіянальнага інтэрнэт-рэсурса” ў паведамленні не згадваецца, хутка стала вядома, што размова ідзе пра публікацыю на сайце “Реальный Брест”, дзе крытычна ўспрыняты дзеянні камунальных службаў, што спілавалі падчас рэканструкцыі згаданай вуліцы 28 таполяў.

    Рэдактар інтэрнэт-партала “Реальный Брест” Дзяніс Марук здзіўлены такой хваравітай рэакцыі з боку ўладаў. “Напярэдадні з’яўлення публікацыі я тэлефанаваў генеральнаму дырэктару Брэсцкай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ігару Сільчанку, каб спраўдзіць звесткі пра запланаваную паркоўку на Набярэжнай і пра тое, наколькі было неабходна знішчаць дрэвы, — паведаміў Марук. – Кіраўнік ЖКГ прасіў нічога не пісаць на гэты конт і паабяцаў, што на наступны дзень сам патэлефануе, каб распавесці пра гэтую сітуацыю. Званка я так і не дачакаўся, і з чыстым сумленнем выставіў на сайт свой рэпартаж, дзе няма ніводнага факта, які б не адпавядаў рэчаіснасці”.

    Дарэчы, напрыканцы афіцыйнага паведамлення гарвыканкама гаворыцца наступнае: “Каб пазбегнуць апублікавання недакладнай інфармацыі Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт рэкамендуе прадстаўнікам СМІ ў пытаннях, якія тычацца жыццядзейнасці горада, звяртацца за каментарамі да службовых асоб Брэсцкага гарвыканкама і Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў”.

    – Гэта прыгожая фраза, але, як высвятляецца, таксама не зусім дакладная, — кажа Дзяніс Марук. – Бо вынікае, што і кіраўнік ЖКГ не мае кампетенцыі ў пытаннях добраўпарадкавання ў горадзе, нягледзячы на яго просьбы і запэўніванні тэлефанаваць па згаданых пытаннях асабіста яму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці