Хутчэй за ўсё, штраф і вымова. Радыё Unistar пакарае вядоўцу Каверына за камэнтары пад дыскусіяй пра «агідную белмову»
Актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі зьвярнуўся да кіраўніцтва менскага радыё Unistar з просьбай даць ацэнку паводзінам свайго вядоўцы Канстанціна Каверына.
Днямі ў запісе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Каверын патлумачыў «агіднае стаўленьне да беларускай мовы» школьнай траўмай ад непрыемных кантактаў з выкладчыкамі.
Дзяніс Садоўскі кажа, што даўно слухае Unistar, і Канстанцін Каверын быў адным зь яго ўлюбёных вядоўцаў. Таму пасьля зьяўленьня рэзананснага паста ня мог не адрэагаваць: маўляў, калі нешта напісаў і пры гэтым нават ня думаў кагосьці крыўдзіць, але аказалася, што ўсё ж пакрыўдзіў, то ў такіх выпадках звычайна выбачаюцца. Аднак за параду атрымаў ня толькі «бан», а і абразьлівы камэнтар: «Идите… Вот именно вы, персонально. В… За обиженность».
«Звычайны нявежда і хамло», — пракамэнтаваў гэта ў сваім Фэйсбуку Дзяніс Садоўскі. І накіраваў ліст у адміністрацыю Unistar.
У атрыманым сёньня адказе за подпісам праграмнага дырэктара Аляксандра Найдзёнава гаворыцца, што паводзіны супрацоўніка кампаніі абмеркаваныя, яго чакае пакараньне:
«Канстанцін Каверын — вядучы радыё Unistar. Акрамя гэтага, у яго ёсьць праца на тэлебачаньні, у футбольным клюбе БАТЭ, а таксама ў сфэры арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Рэдакцыя нясе поўную адказнасьць за тое, што агучваецца вядучым у эфіры, а таксама на пазаэфірных мерапрыемствах радыёстанцыі.
Старонка ў сацыяльных сетках зьяўляецца яго асабістай прасторай, і меркаваньне, агучанае Канстанцінам у Фэйсбуку, можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі. Што і адбылося гэтым разам. Мы лічым недапушчальным хамства ў адносінах да іншых карыстальнікаў сацсеткі. Паводзіны вядучага ацэненыя як непрымальныя. Мы прынялі меры, Канстанцін будзе пакараны».
У офісе Unistar карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што сёньня раніцай адбылася «вялікая размова» з Канстанцінам Каверыным. Раней вядоўцу ўжо рабілі заўвагі, што ў камэнтарах, якія ён пакідае пад сваімі пастамі ў сацсетках, трэба больш стрыманасьці.
Канчатковыя санкцыі будуць агучаныя па выніках паседжаньня дырэктарату. Якімі менавіта яны могуць быць — не ўдакладнілі, сказаўшы, што гэта ўнутраная справа рэдакцыі, вынікі не для публічнага абмеркаваньня. Але, сказалі ў рэдакцыі, размова, хутчэй за ўсё, пра штраф і вымову.