• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тры пратаколы па адной адміністрацыйнай справе атрымалі глыбоцкія журналісты

    Тры пратаколы па адной адміністрацыйнай справе атрымалі глыбоцкія журналісты. Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача міліцыя лічыць вінаватымі ў тым, што яны ўзялі інтэрв’ю ў жыхароў дома № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім і размясцілі яго на сайце Belsat.eu. Іх вінавацяць у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

    Гаворка ідзе пра сюжэт тэлеканала “Белсат”, які выйшаў у эфір 13 красавіка. У сюжэце распавядаецца пра пяціпавярховік № 142 на вуліцы Леніна, у якім з часу пабудовы вось ужо 46 год ніколі не было рамонту. Людзям кажуць, што грошай няма, а ў той жа час робяць новы дах на будынку ЖКГ у Глыбокім.

    Паводле Змітра Лупача, яму ўручылі аж два пратаколы, у першым яго вінавацяць, што браў інтэрв’ю ў людзей адзін, у другім — з журналісткай Таццянай Смоткінай. Як кажа Зміцер Лупач, з першым пратаколам ён згодны часткова, але ён не лічыць, што браў інтэрв’ю ў людзей. З другім цалкам не згодны.

    Па словах Таццяны Смоткінай, яна таксама цалкам не згодная з пратаколам, бо ніякага інтэрв’ю яна не брала, з “Белсатам” увогуле ніколі не супрацоўнічала. Яна сама з’яўляецца жыхаркай дома № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім і распавядала пра яго праблемы калегам-журналістам, як і ўсе астатнія жыхары. А таксама прапанавала сваёй суседцы Наталлі Пачопка распавесці пра праблемы яе кватэры, у якой зацякаюць сцены. Пенсіянерка з мужам неаднаразова распавядала журналістцы пра свае праблемы і паказвала зацёкшыя сцены. Таццяна нават дапамагала складаць ім граматны зварот да ўладаў, каб зрабілі ў іх кватэры рамонт. Гэта і палічылі міліцыянты за інтэрв’ю.

    Але, як кажа Таццяна, тое, што яна працуе журналістам-фрылансерам, не азначае, што яна ж брала ў суседкі інтэрв’ю і тым больш размяшчала яго на сайце СМІ, з якім ніколі не супрацоўнічала. Да таго ж, згодна з журналісцкай этыкай, журналіст не мае права рабіць матэрыялаў пра свае праблемы. Ён можа звярнуцца да сваіх калегаў як грамадзянін, каб яны агучылі іх.

    «Але ў дадзеным выпадку нават і не я звярнулася да журналістаў з просьбай асвяціць праблемы дома, які без капітальнага рамонту ўжо больш за 46 год, а зусім іншыя жыхары», — зазначае Смоткіна.

    Юрысты ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падкрэсліваюць, што прымяненне артыкула 22.9 ч. 2 да асобных журналістаў юрыдычна непісьменнае. Паводле закона “Аб СМІ”, журналісты рыхтуюць матэрыялы, паведамленні для СМІ, на аснове якіх рэдакцыі вырабляюць “прадукцыю СМІ”. Адпаведна, толькі рэдакцыя і можа быць прыцягнутая да адказнасці па гэтым артыкуле, а ніяк не журналіст.

    Нагадаем, першы раз на журналістах артыкул 22.9. КаАП упершыню быў “апрабаваны” ў Віцебску. Летам 2013 года Кастрычніцкі РАУС Віцебска завёў у дачыненні да незалежнай журналісткі Алены Сцяпанавай адміністрацыйную справу за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Міліцыянты сцвярджалі, што журналістка на працягу доўгага перыяду “ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі”. Справа дайшла да суда, але суддзя накіравала пратакол на дапрацоўку, заўважыўшы неадпаведнасць паміж адміністрацыйным артыкулам і фактычным абвінавачаннем. Больш да разгляду суд не вяртаўся.  

    Да красавіка 2014 г. артыкул 22.9 не “ўсплываў”, хаця папярэджанні журналістам за супрацу з замежнымі СМІ выносіліся. Але з красавіка 2014 года ўлады сталі часта выкарыстоўваць гэты артыкул супраць журналістаў і па ім прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці некалькі дзясяткаў журналістаў, сябраў ГА “БАЖ”. Многім з іх былі прысуджаныя вялікія штрафы за іх прафесійную дзейнасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці