Сёння ў Маладзечне будуць судзіць журналістку за артыкул пра акцыю “недармаедаў”
У мінулую пятніцу супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол на рэдактара сайта Kraj.by Святлану Цішко. Журналістку вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34).
Прэтэнзіі міліцыі заключаюцца ў тым, што інфармацыйны сайт паведамляў пра падрыхтоўку несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць Дэкрэта №3, якая прайшла ў Маладзечне 10 сакавіка.
Супрацоўнікі міліцыі лічаць, што размяшчэннем такой інфармацыі рэдактар сайта заклікала грамадзянаў да ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу. Сама Святлана Цішко перакананая, што ніякім чынам не парушала заканадаўства і нікога не заклікала нікуды выходзіць.
– Гэта быў звычайны інфармацыйны матэрыял пра тое, як у горадзе рыхтуюцца да акцыі, напярэдадні якой цэнтральную плошчу Маладзечна нават абнеслі металічнай агароджай, – расказала Святлана прэс-службе БАЖ.
Працэс над Святланай Цішко распачнецца а 16.30 у судзе Маладзечанскага раёна (Маладзечна, вул. Партызанская, 5).