Журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса чакае суд за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”
На журналіста-фрылансера з Гомеля, сябра ГА “БАЖ” Яўгена Меркіса складзены пратакол за парушэнне артыкулу 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).
Яўген Меркіс вёў наўпроставы рэпартаж для тэлеканалу “Белсат” падчас акцыі пратэсту ў Рагачове 12 сакавіка.
14 сакавіка ў РУУСе Савецкага раёна Гомеля на Меркіса быў складзены пратакол паводле артыкулу 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Пратакол складала следчая К. С. Палякова.
Меркісу прадэманстравалі раздрукоўкі з інтэрнэту з яго выявамі, а таксама відэа з трансляцый тэлеканала “Белсат”.
“Фактычна гэты пратакол за незаконнае інтэрв’юіраванне рагачоўцаў”, — гаворыць Яўген Меркес.
Дата судовага паседжання па заведзенай адміністрацыйнай справе пакуль невядомая.
Позву на выклік у Цэнтральны РАУС на 15 сакавіка атрымаў і старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц, які таксама быў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас нядзельнай акцыі пратэсту.
— У адрозненне ад Яўгена, у мяне пазначана, што выклікаюць у сувязі з адміністрацыйным парушэннем паводле артыкула 23.34 КаАП. А гэта — парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, — распавёў Анатоль Гатоўчыц.