Нuman Rights Watch: У Беларусі пераследуюць журналістаў без акрэдытацыі
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Нuman Rights Watch" апублікавала штогадовы Сусветны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека за 2016 год. Частка дакладу прысвечаная свабодзе выказвання меркаванняў і ўмовам працы журналістаў
Станоўчая рыторыка ўладаў у пытаннях правоў чалавека ў 2016 году не падмацоўвалася рэальным паляпшэннем сітуацыі. У краіне працягвае ўжывацца смяротнае пакаранне. Актывісты і крытычна настроеныя журналісты па-ранейшаму падвяргаюцца судоваму пераследу. Назіралася далейшае абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў: было заканадаўча пашырана азначэнне «экстрэмізму», а таксама забаронена распаўсюджванне сярод непаўналетніх пэўнай інфармацыі па надуманых падставах іх бяспекі. Міжнародныя назіральнікі адзначылі некаторы прагрэс на вераснёўскіх парламенцкіх выбарах 2016, заклікаўшы пры гэтым да далейшых рэформаў.
Еўрасаюз, спаслаўшыся на вызваленне палітвязняў і прагрэс на выбарах, адмяніў свае санкцыі, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця зняў абмежаванні на крэдытаванне дзяржаўных арганізацый. Пры гэтым улады Беларусі па-ранейшаму адмаўляліся супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па Беларусі.
У кастрычніку 2016 г. урад зацвердзіў план дзеянняў па выкананні рэкамендацый дагаворных органаў ААН і Савета па правах чалавека па выніках Універсальнага перыядычнага агляду. Кансультацый з незалежным грамадзянскай супольнасцю не праводзілася, а сам дакумент носіць агульны характар, і ў ім недастаткова адлюстраваныя пытанні грамадзянскіх і палітычных правоў.
Свабода выказвання меркаванняў і напады на журналістаў
У пачатку 2016 г. аднавіліся пераследы пазаштатных карэспандэнтаў незарэгістраваных у Беларусі замежных СМІ, якія спыніліся са жніўня 2015 г. калі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка публічна паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. У Гомельскай вобласці Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова дзесяць разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам «Белсат». Яны былі аштрафаваныя на суму, эквівалентную USD 250–300.
У чэрвені Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка былі затрыманыя міліцыяй у Лоеве ў Гомельскай вобласці, калі рыхтавалі відэасюжэт аб прадпрыемстве, работнікі якога скардзіліся на малыя заробкі. Жукоўскі заявіў аб збіцці ў міліцыі і напісаў заяву. Пасля гэтага яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафавалі за парушэнне грамадскага парадку, абразу супрацоўнікаў міліцыі і дробнае хуліганства.
У студзені ў Мінску быў збіты і затрыманы міліцыяй Павел Дабравольскі, які здымаў затрыманне двух актывістаў, якія разгарнулі ў судзе расцяжку «Не палітычным пераследам!» Дабравольскі атрымаў лёгкія траўмы; службовая праверка ўстанавіла, што прымяненне да яго сілы было правамерным. Яго аштрафавалі за непавагу да суду і непадпарадкаванне міліцыі. Сам Дабравольскі сцвярджаў, што ніякага супраціву не аказваў.
У жніўні на закрытым пасяджэнні суд у Менску прызнаў экстрэмісцкімі дзевяць публікацый з інфармацыйна-аналітычнага сайта 1863x.com, які нярэдка крытыкуе ўладу. Абапіраючыся выключна на заключэнне дзяржаўнага эксперта, суд палічыў некаторы кантэнт парнаграфічным і распальваючым нацыянальную варожасць. У адміністратара сайта Эдуарда Пальчыса і яго адваката была ўзятая падпіска аб невыдаванні. Пасля таго як у мінулым годзе ў дачыненні да Пальчыса была ўзбуджаная крымінальная справа, ён з’ехаў з Беларусі, аднак у студзені 2016 годзе быў затрыманы ў Расіі і ў траўні экстрадзіраваны ў Беларусь. Ён заставаўся пад вартай да кастрычніка, калі на закрытым працэсе быў асуджаны на год і дзевяць месяцаў абмежавання волі.
На канец жніўня Міністэрства інфармацыі без судовага рашэння заблакавала па меншай меры шэсць сайтаў за нібыта распаўсюд інфармацыі пра наркотыкі. Ні адзін з уладальнікаў сайта перад гэтым не атрымліваў ніякіх папярэджанняў. На канец чэрвеня Міністэрства таксама вынесла па меншай меры 12 папярэджанняў васьмі СМІ і чатыром інфармацыйным сайтам. Пасля двух папярэджанняў міністэрства мае права звярнуцца ў суд з пазовам пра закрыццё.
У красавіку ў парламенце быў у паскораным парадку прыняты закон, які пашырае вызначэнне «экстрэмісцкай дзейнасці» і які ўводзіць шэраг новых крымінальных складаў, такіх як «стварэнне экстрэмісцкага фармiравання» і «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармiравання». Актывісты папярэджвалі пра рызыкі злоўжывання неканкрэтнымі фармулёўкамі для падаўлення свабоды слова.
У красавіку быў прыняты пакет паправак аб абароне дзяцей ад інфармацыі, «што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю». Яго неканкрэтныя фармулёўкі могуць быць выкарыстаны для абмежавання распаўсюджвання нейтральнай або станоўчай інфармацыі пра лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендэраў (ЛГБТ) як «дыскрэдытуе інстытут сям’і».
Смяротнае пакаранне
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. Ніякіх крокаў па абвяшчэнні мараторыя або адмене смяротнага пакарання ў 2016 году не рабілася.
У лістападзе 2016 г. быў пакараны смерцю Іван Кулеш і Сяргей Хмялеўскі. У красавіку быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд, вынесены ў 2015 г. Сяргею Іванову за забойства, — у той час як яго скарга чакала разгляду Камітэтам ААН па правах чалавека.
Смяротныя прысуды выносіліся: Генадзю Якавіцкаму — за забойства, Сяргею Хмялеўскаму — за забойства трох чалавек, Сяргею Вострыкаву – за забойства двух чалавек і згвалтаванне. У апеляцыйнай інстанцыі ўсе яны былі пакінутыя без зменаў.
Праваабаронцы і крытыкі ўлады
У 2015 года прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка памілаваў шэсць чалавек, асуджаных па палітычна матываваных справах, аднак у іх захоўваецца судзімасць, што не дазваляе ім займаць дзяржаўныя пасады або балатавацца на выбарах. Яны застаюцца пад наглядам міліцыі, і ім забаронены выезд за мяжу.
У лютым 2015 г. юрыст-праваабаронца і кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова была вымушана з’ехаць з краіны пасля таго, як ёй анулявалі від на жыхарства і на тры гады забаранілі ўезд. Яна абскардзіла трохгадовы тэрмін, аднак у студзені 2016 г. атрымала адмову. Другая адмова атрыманая ў кастрычніку 2016 г.
У студзені ў Мінску па крымінальнай справе аб хуліганстве за графіці ў жніўні 2015 г. быў аштрафаваныя на сумы, эквівалентныя USD 300–500, моладзевыя актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў. Выбар на карысць прыцягнення да крымінальнай, а не адміністрацыйнай адказнасці мясцовыя актывісты расцанілі як палітычна матываваны. У сакавіку апеляцыйная інстанцыя пакінула прысуд без змены.
Заснавальнік групы за правы зняволеных «Платформа інавэйшан» Міхаіл Жамчужны ў 2015 г. атрымаў шэсць з паловай гадоў калоніі па справе аб наўмысным разгалашэнні звестак, якія складаюць службовую таямніцу. Справа была звязана з публікацыяй інфармацыі аб парушэннях у міліцыі, атрыманай ім ад аднаго з супрацоўнікаў. У ліпені Жамчужны заяўляў, што адміністрацыя калоніі адмаўляе яму ў неабходнай медыцынскай дапамозе і стварае перашкоды накіраванню ім нагляднай скаргі на прысуд.
У красавіку суд у Менску прызнаў 80-гадовага Аляксандра Лапіцкага вінаватым у абразе Прэзідэнта і іншых службовых асоб за шматлікія скаргі на асуджэнне яго сына ў 2011 г., а таксама за яго заявы аб тым, што віна за выбух у мінскім метро у 2011 г. ляжыць на Лукашэнку. Суд прызнаў Лапіцкага «псіхічна хворым» і прызначыў яму год прымусовага псіхіятрычнага лячэння. У лістападзе, пасля вычарпання ім ўсіх магчымасцяў абскарджвання, яго адправілі ў стацыянар.
У верасні 2016 г. Генеральная пракуратура адмовіла Туркменістану ў выдачы былога дысыдэнта і журналіста Чары Аннамурадава, які прыехаў у Беларусь на адпачынак. Аннамурадав з’ехаў з Туркменістана ў 1999 г., ратуючыся ад пераследаў, і ў 2003 г. атрымаў прытулак у Швецыі.
Свабода сходаў
Са студзеня па красавік міліцыя не разганяла несанкцыянаваныя сходы і не затрымлівала іх удзельнікаў, аднак па-ранейшаму прыцягвала іх да адміністрацыйнай адказнасці з буйнымі штрафамі.
У канцы красавіка дзяржаўтаінспекцыя і АМАП ў Мінску разагналі штомесячны велапрабег «Крытычная маса» і затрымала шэсць чалавек, сярод якіх быў няўрадавы назіральнік. Затрыманых з выкарыстаннем сілы паклалі на падлогу міліцэйскага аўтобуса і завалілі зверху роварамі. Яны былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку і правілаў дарожнага руху. У дачыненні да Станіслава Канавалава і Дзмітрыя Паліенкі былі таксама узбуджаны крымінальныя справы аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Канавалава адпусцілі пад падпіску, пасля справа супраць яго спынілі; Паліенка быў заключаны пад варту да кастрычніка, калі суд прысудзіў яго да двух гадоў умоўна.
Свабода асацыяцыі
Улады працягвалі ўжываць артыкул 193.1 КК, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, у той жа самы час адвольна адмаўляючы ў рэгістрацыі няўрадавым групам і палітычным партыям.
У сакавіку Вярхоўны суд прызнаў законным чацвёртую з 2011 г. адмову Мінюста зарэгістраваць праваабарончае грамадскае аб’яднанне «За справядлівыя выбары». Яе заснавальнікі лічаць гэтую адмову адвольнай і палітычна матываванай.
У красавіку Вярхоўны суд прызнаў законным шостую адмову Мінюста зарэгістраваць партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У тым жа месяцы міністэрства ў пяты раз адмовілася зарэгістраваць апазіцыйны палітычны рух «Гавары праўду». З 2000 г. у Беларусі не была зарэгістравана ніводная палітычная партыя.
Парламенцкія выбары
Міжнародныя назіральнікі адзначылі некаторы прагрэс на вераснёўскіх парламенцкіх выбарах 2016, заклікаўшы пры гэтым да далейшых рэформаў. Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека прызнала, што выбары «былі эфектыўна арганізаваныя, аднак захоўваецца шэраг застарэлых сістэмных недахопаў».
Напярэдадні выбараў Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заклікала да рэформаў у інтарэсах «забеспячэння глыбокай спаборнасці палітычнага асяроддзя». Пра гэта ж казалі і ў Бруселі. Спецдакладчык ААН па Беларусі адзначыў, што «выбары паказалі відавочную адсутнасць палітычнай волі заахвочваць і абараняць правы чалавека ў Беларусі».
Ключавыя міжнародныя актары
Беларусь працягвала лінію на палітычнае «збліжэнне» з еўрапейскімі урадамі і інстытутамі, сустракаючы зваротную гатоўнасць з боку апошніх, нягледзячы на адсутнасць адчувальных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека.
Мінск захоўваў негатыўнае стаўленне да прызначэння ў 2012 г. спэцдакладчыка ААН па Беларусі (Міклаш Харашці) і працягваў адмаўляцца ад супрацоўніцтва з ім. У чэрвені Рада ААН па правах чалавека падоўжыла яго мандат яшчэ на год.
У лютым Еўразвяз адмяніў санкцыі ў дачыненні да 170 фізічных і трох юрыдычных асоб, спаслаўшыся на вызваленне «ўсіх астатніх палітзняволеных» і на адсутнасць гвалту падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 г.
У сакавіку Беларусь наведаў спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, які сустракаўся з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі палітычных партый і няўрадавых груп. На міжнароднай канферэнцыі ён заклікаў адмяніць смяротнае пакаранне, аднак не выказваў публічнага асуджэння іншых парушэнняў правоў чалавека.
У чэрвені, упершыню — у Мінску, прайшоў трэці раўнд дыялогу па правах чалавека паміж Еўразвязам і Беларуссю. Абмяркоўваліся пытанні свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі, выбары, смяротнае пакаранне, катаванні, правы людзей з інваліднасцю. Адносна канкрэтных вынікаў на момант падрыхтоўкі гэтага агляду інфармацыі не было.
У верасні Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця перагледзеў сваю краінавую стратэгію па Беларусі і зняў абмежаванні на фінансаванне дзяржаўных праектаў. Банк адзначыў, што «сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не зведала сістэмных зменаў і застаецца прадметам занепакоенасці», аднак заявіў пра «канструктыўную ролю» Беларусі ў рэгіёне і аб дэманстрацыі ўладамі «большай адкрытасці» да абмеркавання правоў чалавека.