У Глыбокім адбыўся трэнінг па прававой бяспецы журналістаў
Глыбоцкія журналісты разгядалі асаблівасці напісання рэпартажа з залі суда. А разбірацца ім у гэтым дапамагаў юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў.
На пачатку мерапрыемства сябры глыбоцкай суполкі павіншавалі свайго калегу Яраслава Берніковіча з юбілеем, які ён адзначыў нядаўна. А потым прыступілі да разгляду надзённых пытанняў і тых праблемаў у працы, якія звязаныя з прававой тэматыкай.
Алег Агееў спярша нагадаў заканадаўчую базу, якая датычыцца дзейнасці журналістаў, потым распавёў пра тое, як паводзіць сябе журналістам у будынку суда і з прадстаўнікамі судовай сістэмы.
Потым адбыліся практычныя заняткі, на якіх разглядаліся спрэчныя прававыя выпадкі, што адбываліся з замежнымі і беларускімі журналістамі ў адносінах да дзяржавы. У ходзе дыскусій у групах журналісты беспамылкова вызначылі ці было законным умяшальніцтва ў дзеянні журналістаў і дзе былі парушаныя іх правы.
Па словах глыбоцкіх журналістаў, на ўсе пытанні, якія датычыліся іх прававой дзейнасці і бяспекі, яны атрымалі ад юрыста змястоўныя і тлумачальныя адказы. Як зазначылі яны, сустрэча з сапраўдным прафесіяналам, кампетэнтным у сваёй справе юрыстам, прыносіць вялікі плён. Бо, не сакрэт, пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў журналісты часта сустракаюцца з рознымі перашкодамі, у тым ліку і прававымі.
Напрыканцы сустрэчы журналісты на некалькі хвілін змаглі забыцца на свае прафесійныя праблемы і паслухалі добрую музыку. Госць глыбачан Васіль Шкіндзер з Лепеля сыграў на дудзе і скрыпцы, правёў невялікі майстар-клас па беларускіх танцах.