Майстар-клас у Гомелі: як ухапіць ланцуг падзеяў
Гомельская філія ГА “БАЖ” 3 красавіка зладзіла для сваіх сяброў майстар-клас “Дакументальны відэафільм: выбар тэмы і яе ўвасабленне”.
Што знялі і што ўбачылі. У цэнтры – Алесь Матафонаў.
Досведам стварэння дакументальных стужак дзяліўся прафесійны драматург і рэжысёр Алесь Матафонаў, стваральнік шэрагу цыклаў фільмаў і перадач на “Радыё Свабода”, а таксама на Беларускім тэлебачанні – “21 слова”, “Лабірынты”, “Адкрыты архіў”, “Цені і постаці”. Матафонаў скончыў Універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “драматургія”, рэжысёрскія тэлевізійныя курсы ў Санкт-Пецярбургу, Беларускі калегіум па спецыяльнасці “Журналістыка”.
Паводле трэнера, у аснове любога фільма ляжыць “лагічны ланцуг падзеяў, якія развіваюцца”. І да кожнай падзеі трэба зняць “карцінку”.
Сінхрон для дакументальнага фільма.
У сваім расповедзе, праглядзе некаторых дакументальных відэафільмаў, практычных заданнях Алесь Матафонаў, як і добры рэжысёр у фільме, расстаўляў свае “маячкі”, каб даць прафесійныя парады ў вызначэнні ідэі фільма, выбары спосабу здымкаў, асаблівасцяў мантажу, патрабаванняў да гуку, музыкі і нават шуму.
“Мне надзвычай імпанавала тое, што майстар-клас праходзіў пераважна ў форме дыялогу, часам спрэчкі, падчас якіх можна было атрымаць адказы на свае пытанні, – кажа ўдзельніца сустрэчы, сябра ГА “БАЖ” Марыя Булавінская. – Трэнер пазнаёміў нас з найбольш важнымі момантамі, якія павінен ведаць і разумець кожны фрылансер, які працуе ў жанры дакументалістыкі альбо проста здымае аўтарскае відэа”.
Кожны папераменна быў героем і аператарам.
Сёлета гэта ўжо другі майстар-клас, які ладзіць Гомельская філія для сваіх сяброў. На папярэднім разглядалася тэма “Відэарэпартаж: пішам сцэнар, здымаем, мантажуем”. У маі ў Гомелі запланаваны майстар-клас “Мастацкі падыход у фотажурналістыцы”.