• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Унікальны фотаздымак — падарунак Барысу Хамайду ад калег да Дня волі

    Віцебскія сябры ГА “БАЖ” павіншавалі найстарэйшага распаўсюдніка незалежнай прэсы з Днём волі. І ўручылі падарунак — архіўны фотаздымак, зроблены 20 гадоў таму. На ім спадар Хамайда стаіць з плакатам «Беларусь. Незалежнасьць. Вясна» і з газетай «Выбар» у руках — у 1990-я гады ён быў рэдактарам гэтага выдання, аднаго з першых незалежных у Беларусі.

    Барыс Хамайда разглядае падарунак ад віцебскіх журналістаў

    Барыс  Ханонавіч быў расчулены. Ён паказваў фотаздымак мінакам, якія таксама падыходзілі яго віншаваць, і распавядаў, што фатограф Антон Сцепанішчаў засняў яго ў няпросты момант.

    “За гэты плакат мяне затрымалі, абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Потым судзілі, далі вялікі штраф. Затое, пакуль разбіраліся і складалі паперы, супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзела міліцыі папрасілі ў мяне “Выбар” і “Народную волю”. І чыталі іх усім пастарункам, перадаючы з рук у рукі… У апошнія гады мяне ўжо амаль не затрымліваюць — мусіць, прызвычаіліся, што я стаю на гэтым месцы. Але, калі здараецца, то у мяне заўжды распытваюць, чаму знік “Выбар”, чаму газета больш не выходзіць”, — прыгадаў Барыс Хамайда.

    Барыс Хамайда быў заснавальнікам аднаго з першых незалежных выданняў  Беларусі ў 1990‑м годзе, заплаціўшы за рэгістрацыю “Выбара” уласныя грошы — 2 тысячы рублёў, заробленыя на Поўначы. Праз некалькі гадоў Барыс Хамайда заняў пасаду рэдактара, а ў 1994 годзе Міністэрства інфармацыі на фармальнай падставе анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі выдання, пасля чаго газета пачала выходзіць нерэгулярна, бо друкавалася ў напаўпадпольных умовах. Апошні нумар выйшаў у 2005 годзе. Але “Выбар” віцябляне памятаюць дагэтуль.

    Пра гісторыю выдання, пра яго ўплыў на жыццё Віцебска, у якім газеты «Выбар» цяпер дужа бракуе, “бажаўцы” Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў рыхтуюць дакументальны фільм, заснаваны на ўспамінах і разважаннях Барыса Хамайды.

    Таксама віцебскія сябры ГА “БАЖ” рыхтуюць фотавыставу, прысвечаную рэдактару і распаўсюдніку незалежнай прэсы, вядомасць якога сягнула далёка за межы роднага горада. Абвешчаны збор фотаздымкаў, што складуць дзве часткі акспазіцыі: “сучасную” і “гістарычную” — з фотаздымкаў архіўных, зробленых 10, 15 і нават 20 гадоў таму.  

    Плануецца, што фотавыстава будзе падрыхтаваная да канца вясны. А потым экспазіцыя, якая ствараецца як перасоўная, «паедзе падарожнічаць”: жыхары бліжэйшых рэгіёнаў таксама выказалі жаданне яе ўбачыць.  

    Для спадара Хамайды рыхтуецца адмысловы фотаальбом, куды будуць сабраныя ўсе фотаздымкі прапанаваныя ў экспазіцыю. А адзін з іх, вялікага фармату, на якім Барыс Хамайда шчыра ўсміхаецца, радуючыся вясне і незалежнасці, стаў яму падарункам да Дня волі.

    Барыс Хамайда рыхтуе “працоўнае месца”Спадар Хамайда паказвае фотаздымак Таццяне Севярынец

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці