• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Казус Галунова і беларускія рэаліі

    Фантастычнае вызваленне расійскага журналіста-даследніка, якога спрабавалі заканапаціць па наркатычным артыкуле, і для Расіі ўнікальны выпадак. Вунь знакамітага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава там працягваюць марынаваць, хоць і за яго шмат хто ўпісваўся.

    Увогуле ў сюжэце з Галуновым спрацаваў збег чыннікаў. Уключна з тым, што ягонае затрыманне стала інфармацыйнай бомбай, якая заглушыла рэзананс геніяльнай прамовы Уладзіміра Пуціна на Пецярбургскім эканамічным форуме.

    Між тым хапуном на маршы ў падтрымку Галунова 12 чэрвеня ў Маскве расійская ўлада паказала, што застаецца ранейшай. Проста абставіны змушаюць лавіраваць.

    Гэтак жа абставіны апошнім часам змушаюць і беларускую ўладу дэманстраваць нязвыклую гнуткасць. З гэтай нагоды незалежнаму грамадству, уключна з медыямі, не варта ўлягаць у ілюзіі, але гэты чыннік трэба мець на ўвазе і выкарыстоўваць.

     

    Нашы безгалосыя Земфіры…

    Разам з тым, я б не сказаў, што цэх беларускай незалежнай журналістыкі такі ўжо раз’яднаны, не здатны да салідарнасці. Яна адчувалася ў “справе БелТА”, хай сабе і не ў такіх маштабах, у болей камерных формах, чым у выпадку з Галуновым.

    Але, па-першае, у справе БелТА была зачэпка, якая рабіла сітуацыю болей неадназначнай, — так званы несанкцыянаваны доступ да інфармацыі.

    Па-другое, калі казаць пра маштаб ды моц рэакцыі, дык тут пытанне, хутчэй, да стану грамадства ўвогуле. За Галунова ж заступіліся не толькі калегі, але і людзі, што не маюць ніякага дачынення да журналістыкі. Як простыя, так і зоркі самага рознага кшталту: Барыс Грабеншчыкоў, Канстанцін Хабенскі, Oxxxym­iron, Земфіра… А таксама — прадстаўнікі кіроўнай эліты, дзяржаўных ды прадзяржаўных СМІ.

    І вось тут мы сапраўды бачым кантраст з беларускімі рэаліямі. У Беларусі наменклатура выглядае практычна маналітна. Хаця болей правільна сказаць, што любы яе дзеяч проста баіцца рыпнуцца, аказацца белай варонай. Тутэйшыя эстрадныя зоркі сервільныя, у грамадзянскім сэнсе безгалосыя. Хіба што могуць пахваліць ежу ў турме, трапіўшы туды на экскурсію.

    Ну а дзяржаўныя медыі ў нас дык яшчэ і з асалодай патапталіся па фігурантах “справы БелТА”: круцілі кадры ператрусаў (прычым паказвалі буйным планам нумары банкаўскіх картак), вешалі ярлыкі, публікавалі пасквілі. У выніку гэтая гісторыя паглыбіла прорву між двума карпарацыямі — супрацоўнікамі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

     

    Воўк у лесе здох?

    Зрэшты, і ў Беларусі нешта зрушваецца. Рэакцыя на знос крыжоў у Курапатах паказала, што і ва ўладных ды праўладных колах хто-кольвек асмельваецца на сваё меркаванне, адрознае ад генеральнай лініі. Гэта азначае, што і тутэйшая сістэма ўлады — не такі ўжо непарушны маналіт.

    Уважліваму журналісту варта адсочваць працэсы ў кіроўнай эліце. Бо менавіта там рана ці позна пачнуцца працэсы, якія ў выніку (іншая рэч, што мо ўжо пры новым афіцыйным лідары) прывядуць да значных змен у Беларусі.

    Параўнанне расійскага і беларускага рэжымаў цікавае яшчэ вось у якім аспекце. Анексіяй Крыму, іншымі авантурамі за мяжой Масква справакавала доўгую канфрантацыю з дэмакратычным светам, нарвалася на санкцыі і цяпер мусіць “трымаць марку”. Крэмль кідае пальчатку Захаду, троліць яго. Беларуская ж улада менавіта на гэтым тле здолела наладзіць нармалізацыю адносін з Еўропай, ЗША і цяпер відавочна не хоча гэты трэнд псаваць.

    І таму ва ўмовах Беларусі, дзе выходзіць з пратэстам на вуліцы рызыкоўна, грамадскі ціск іншым разам працуе іначай, чым у Расіі. Хай сабе не так эфектна, як у сюжэце з Галуновым, але тым не меней… Рэзананс у медыях, сацыяльных сетках, апеляцыя да міжнародных інстытуцый канвертуюцца ў закулісны ціск Захаду на беларускі рэжым. І той у пэўнай ступені прыслухоўваецца.

    Немагчыма ўявіць сабе, каб Пуцін даў падначаленым адмашку адступіць, аслабіць хватку пасля размоў з нейкім заходнім палітыкам ці амбасадарам. У Беларусі ж падобны механізм, наколькі я ведаю, у асобных выпадках спрацоўвае.

    Мяркую, менавіта грамадскі рэзананс, узмоцнены пазіцыяй заходніх актараў, паспрыяў таму, што “справа БелТА” скончылася адносна мяккім прысудам Марыне Золатавай, а яшчэ 14 фігурантаў увогуле былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

    А яшчэ ў красавіку быў цуд, калі “Белсату” пасля ператрусу нечакана хутка і з выбачэннямі вярнулі тэхніку. Як той кажа, воўк у лесе здох.

     

    У журналістаў таксама ёсць зброя

    Насамрэч ніякі воўк не здох. Нязвыклыя сімптомы ў паводзінах вярхоў у значнай ступені тлумачацца тым, што набліжаюцца выбары.

    Беларускае кіраўніцтва болей не рызыкуе друкаваць пустыя грошы пад электаральныя кампаніі. Рэсурсаў жа, каб па-сапраўднаму ўзняць дабрабыт, няма (тым болей што Расія прыціснула).

    Таму ўлада ў шэрагу канфліктных сітуацый стала паводзіць сябе нязвыкла: даваць задні ход, нават выбачацца. Я маю на ўвазе сенсацыйную паездку кіраўніцы прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Качанавай да магілёўскіх цыганоў, якіх перад тым трэслі бы грушу сілавікі. З гэтай жа оперы — рашэнне прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Аляксандр Лукашэнка даў чыноўнікам наказ болей уважліва ставіцца да людзей: маўляў, не варта перці бульдозерам.

    Відавочна, наверсе вырашана: калі ўжо не атрымліваецца ўзняць жыццёвы ўзровень, то трэба пастарацца хаця б не злаваць народ без дай нагоды.

    Але было б наіўна думаць, што ўлада перакавалася. На любы палітычны пратэст яна пэўна ж будзе рэагаваць хваравіта. Яшчэ болей, у перадвыбарны час яе рэпрэсіўныя інстынкты абвастраюцца. Таму і брутальныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў недзяржаўнай прэсы, рэдакцый зусім не выключаны.

    Між тым казус Галунова паказвае, што нават ва ўмовах аўтарытарызму, які не любіць выглядаць слабым, кумулятыўны зарад грамадскага пратэсту можа ў нейкай сітуацыі спрацаваць.

    А цяпер такая сітуацыя, што і расійскі, і беларускі рэжымы пачуваюцца не надта ўпэўнена. У журналістаў жа няма іншай зброі, акрамя галоснасці ды салідарнасці. І гэту зброю варта адточваць і трымаць напагатове.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці