• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: На халеру вы гэта спыталі ў Лукашэнкі?

    Папулярны блогер Стась Карпаў выказаў пажаданне, “каб журналісты адчувалі, што яны нясуць адказнасць не толькі за пытанні. Але і адказнасць за адказы”.

    “Да таго моманту, пакуль у Лукашэнкі не было нагоды выказацца пра БНР — нармальнае святкаванне БНР было болей верагодным. І тэма Курапатаў выглядала не такой безнадзейнай. І тэма беларускага ўніверсітэта”, — тлумачыць Карпаў. Цяпер жа, маўляў, вертыкаль будзе вылузвацца са скуры, каб выканаць жорсткія ўстаноўкі.

    Праўда, у дыскусіі пад пастом адразу ж было зазначана, што тэму Курапатаў, як і шэраг іншых (паказальнымі былі несправакаваныя выпады супраць Польшчы), Лукашэнка ўзняў сам. Так што нават фармальна не выпадае вешаць за гэта сабак на журналістаў, якія не фільтруюць базар.

    Але справа нават не ў гэтым.

     

    Журналіст-перастрахоўшчык — гэта аксюмаран

    Задаваць вострыя пытанні — хоць усявышняму, хоць чорту лысаму — гэта амплуа журналіста. Калі кіравацца прынцыпам “не будзі ліха”, то тады найлепей маўчаць у анучку. Што перакрэслівае саму сутнасць рамяства.

    Я б, канечне, сфальшывіў, калі б маляваў нашых журналістаў гэтакімі адмарожанымі тэрмінатарамі. Натуральна, яны збольшага стараюцца пралічыць рэакцыю на свае пытанні. Працуе і разумная засцярога: па магчымасці не патрапіць пад раздачу, не падставіць рэдакцыю ці кагосьці яшчэ. Але ўсё не пралічыш, асабліва пры нашай спецыфіцы.

    Па вялікім жа рахунку журналіст, што імкнецца не задаваць лішніх, патэнцыйна небяспечных, рызыкоўных пытанняў, — нонсэнс, аксюмаран. Як зазначыў некалі Міхаіл Зошчанка, “спалоханы пісьменнік — гэта страта кваліфікацыі”. Самацэнзура забівае прафесію.

    Так што не варта лішні раз шыкаць, тупаць нагой на журналістаў, якім і так прылятае — з таго боку. На тых самых Лукашэнкавых прэс-канферэнцыях аўтары непрыемных пытанняў не аднойчы наклікалі на сябе гнеў, чулі пагрозы.

    Прадстаўніка ж БелаПАН, напрыклад, гэтым разам увогуле не пусцілі ў залу. Пазалетась БелаПАН у адмысловай заяве раскрытыкаваў папярэдняе падобнае мерапрыемства, бо “мала каму ўдалося паўдзельнічаць у размове. Астатніх, выглядае, паклікалі дзеля масоўкі”.

    Мо таксама лепей было прамаўчаць? Тады, магчыма, і цяпер дапусцілі б да першай асобы. Але тагачасны кіраўнік БелаПАН, памерлы летась Алесь Ліпай вырашыў пайсці на прынцып. І падобна на тое, што арганізатары крытыку трохі ўлічылі. Цяперашняе мерапрыемства хоць і мела рысы рэжысуры, усё ж выглядала болей паліфанічна, дыскусійна, чым папярэдняе. Змаглі задаць пытанні Зміцер Лукашук з “Еўрарадыё”, Валянцін Жданко з “Радыё Свабода”, галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч.

    А з эканамістам і блогерам Яраславам Раманчуком у Лукашэнкі разгарнуўся цэлы батл. Так, і ў ім афіцыйны лідар па вялікім рахунку паказаў сябе рэтраградам. Але няўжо вы думаеце, што калі б Раманчук не палез у спрэчку ці падтакваў правадыру, то было б лепей для бізнесу, а прэм’ер Румас цішком стаў бы тутэйшым Бальцаровічам?

     

    Не цягніце прэсу ў акоп

    А цяпер аб прэтэнзіях процілеглага кшталту. Паколькі недзяржаўныя журналісты любяць уладу як сабака кій, крытыкуюць яе, то частка фэйсбучнай тусоўкі аўтаматам прылічвае іх да палітычнай апазіцыі. І тады небаракам выкочваюць прад’яву ўжо за тое, што на прэс-канферэнцыі яны, маўляў, выглядаюць бяззуба, не паляць дыктатара нянавісцю.

    Дарэчы, я згодны з тым, што не ўсе прадстаўнікі недзяржаўных СМІ найлепшым чынам скарысталі гэтым разам магчымасць задаць пытанне. Хтосьці збіўся на драбязу, хтосьці не ўтрымаўся ад рэверансаў, нейкія важныя сюжэты ўвогуле засталіся па-за ўвагай. Гэты кейс варты асобнага крытычнага разбору.

    Аднак важна разумець: прэс-канферэнцыя і апазіцыйны мітынг — зусім не адно і тое ж. Можна і трэба задаваць вострыя пытанні, але пры гэтым прафесійныя каноны вымагаюць датрымліваць карэктнасць, пазбягаць ярлыкоў і трымаць у цуглях эмоцыі.

    Калі ў Лукашэнкі бралі інтэрв’ю карэспандэнты вядомых заходніх СМІ, то называлі яго не крывавым дыктатарам, а панам прэзідэнтам, пры тым што Захад не прызнаваў беларускія выбары свабоднымі і справядлівымі, ставіў пытанне пра зніклых і г. д.

    Карацей, ёсць законы жанру. У Міколы Статкевіча — свае, у Змітра Лукашука — свае.

    Таму, панове, не трэба цягнуць журналістаў у свой акоп святой барацьбы. Так, яны за дэмакратыю і ўсё такое, аднак дайце ім, калі ласка, магчымасць выконваць прафесійную місію без аглядкі на той ці іншы палітычны лагер.

     

    Нашто вы ходзіце да дыктатара?

    Нарэшце, хто-ніхто з палітызаванай фэйсбучнай публікі ставіць пытанне рубам: а чаму гэтыя журналюгі ўвогуле ходзяць да дыктатара, замест таго каб горда яго ігнараваць?

    Некаторыя дадаюць: ну, вядома ж, ім абы ганарар зарабіць ці 30 секундаў славы атрымаць.

    Увогуле той факт, што журналісты за свае матэрыялы атрымліваюць грошы, пастаянна фігуруе як доказ іх нікчэмнасці ды прадажнасці. Ачмурэць якая логіка! Чаму тады вы не называеце прадажным або хцівым доктара, што зарабляе на пацыентах? Механіка, што не за дзякуй рамантуе ваш легкавік?

    Кепска, калі журналісцкая праца абмяжоўваецца “прэсухамі” ды прэс-рэлізамі. Але тое, што трэба хадзіць на прэс-канферэнцыі і выціскаць з іх максімум, — гэта ж элементарна, Ватсан! Ігнор можа быць захапляльным заняткам ды прадметам гонару для нейкага дысідэнта ці палітыка, што праляцеў са зборам подпісаў, але не для медыйнага працаўніка.

    Бо, па-першае, мы самі ўвесь час звягаем, што, вось, паскудныя чыноўнікі не даюць інфармацыі. Дык вось вам сем з паловай гадзін інфы ды палітычных заяў з першых вуснаў. Інфа непрыемная, развагі не прагрэсіўныя, шалупіння болей, чым зярнят? Ну, дык гэта Беларусь, дзетка.

    Увогуле папракаць журналіста за тое, што ён працуе з адмоўнымі і нават адыёзнымі персанажамі, агіднымі матэрыямі, — тое самае, што кідаць камяні ў сантэхніка, які корпаецца самі ведаеце ў чым.

    Па-другое, тыя медыі, што не кантактуюць з уладнай вертыкаллю і яе прэс-службамі, не імкнуцца ўлезці ў кожную шчыліну, выдрапаць хоць нешта з‑пад замка сістэмы, — у выніку трапляюць у паралельную рэальнасць, ператвараюцца ў ротныя баявыя лісткі. І пачынаюць паліць рэжым напалмам адкуль-небудзь з Варшавы. Для мяне такія рэсурсы ніколькі не цікавейшыя за “СБ” і БТ.

     

    Мы пішам не толькі для апазіцыі

    Між іншым, для тых, хто не проста кляймуе рэжым ды загадзя ведае адказы на ўсе пытанні, а спрабуе разабрацца ў працэсах, якія адбываюцца ўнутры краіны, у яе адносінах з Расіяй, праклятымі буржуінамі і г.д., падчас апошняга піяр-шоў прагучала і нямала адметнага.

    Асабіста мне было цікава, у прыватнасці, зверыць нейкія свае інтуіцыйныя высновы з прызнаннямі правадыра, які мае звычку зліваць канфідэнцыйныя рэчы, раскрываць пікантныя падрабязнасці нібыта вядомых падзей.

    Увогуле ж па колькасці праглядаў бачу, што артыкулы на палітычныя тэмы цікавяць многіх. Таму на снобаў, што капыляць губу, надта не зважаю.

    Вы можаце аблягчаць душу палымянымі пастамі, што ў нас няма палітыкі, няма ні халеры, што ўсе дурні, агенты, усе вас задзяўблі і хай ідуць лесам (гэта тыповы змест нонканфармісцкага сабжу), але дазвольце камусьці пісаць і ў іншым ключы.

    А яшчэ ўлічвайце, калі ласка: мэтавая аўдыторыя незалежных рэсурсаў нашмат шырэйшая, чым кола радыкальных (часцей за ўсё толькі на словах) ворагаў рэжыму. Мы імкнемся працаваць у тым ліку і на публіку з іншымі поглядамі. Мы не хочам выглядаць, як партыйныя сайты з адозвамі.

     

    Каму патрэбны медыі-амёбы?

    Але я зусім не пра канфармізм. Я пра місію СМІ, у тым ліку і грамадзянскую.

    У дыскусіі пад пастом Карпава мой калега Арцём Шрайбман нагадаў, як у 2014 годзе Алесь Ліпай паставіў пытанне, што варта вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага, бо грамадскасць даўно сплаціла нібыта нанесены ім урон.

    Праз некалькі месяцаў Бяляцкі быў датэрмінова вызвалены. Але ж… “Вот интересно, если бы АГЛ тогда психанул, закричал, что уголовникам пощады не будет, и Беляцкому накинули годик и карцер за незастегнутый халат, виноват ли бы был Липай, что вообще поднял тему? Ведь иначе бы администрация тюрьмы не дернулась сама”, — піша Шрайбман.

    Сапраўды, тое выглядала латарэяй. Дык што, не рызыкаваць?

    Крытыкі незалежных медый, між іншым, забываюцца, што рознымі дыскамфортнымі пытаннямі (і яшчэ болей — дыскамфортнымі публікацыямі) рэдакцыі найперш выклікаюць агонь на сябе.

    Сапраўды, былі б БелаПАН і Тut.by цішэйшыя, болей кіраваныя, “нармалізаваныя”, не раздражнялі б начальства рознымі пытаннечкамі, — мо і не патрапілі б у сячкарню “справы БелТА”.

    Але каму такія безгалосыя, бляклыя, як амёбы, медыі патрэбныя?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці