• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Памаўчы са мной па-беларуску». Кранальны пост літаратара Міхася Скоблы да 75-годдзя Яўгеніі Янішчыц

    У дзень 75-годдзя Яўгеніі Янішчыц паэт і літаратар Міхась Скобла падзяліўся на старонцы Facebook успамінамі пра той час, калі яна працавала ў часопісе «Маладосць». І нагадаў пра трагічны лёс творцы ва ўмовах ціску з боку дзяржавы.

    «Напрадвесні 1985 года на філфаку БДУ мяне знайшоў ліст з часопіса «Маладосць» за подпісам Яўгеніі Янішчыц. На афіцыйным бланку, але напісаны зусім неафіцыйна, той ліст прыветліва паведамляў, што мае вершы прыняты да друку і будуць апублікаваны ў адным з бліжэйшых нумароў. Так і сталася. Неўзабаве я ўжо скупляў красавіцкую «Маладосць» у шапіках і дарыў сімпатычным аднакурсніцам.

    Мой статус у іхніх вачах пасля гэтага заўважна падрос. У вачах аднакурснікаў падрос таксама – пасля атрымання часопіснага ганарару. Не жарты, 150 савецкіх рублёў — трохмесячная стыпендыя!

    Адзначыўшы дэбютную публікацыю, я патэлефанаваў Янішчыц, спехам падзякаваў і самаўпэўнена заявіў, што мáю вершаў на дзесяць падборак, а паколькі сыходжу ў войска, то гатовы прынесці… Яўгенія Іосіфаўна сказала, што для першакурсніка я занадта настойлівы. І дадала, што часопіс плануе выдаваць сваю бібліятэчку, маўляў, зойдзеце пасля арміі.

    Я пакрыўдзіўся і нават праз два гады ў рэдакцыю не зайшоў. Зайшоў у кнігарню, дзе мне трапілася на вочы свежавыдрукаваная кніга «Каліна зімы» — лепшая ў Яўгеніі Янішчыц. Так мне бачылася тады, так я працягваю лічыць і сёння. Там былі вершы, якія чапляліся за памяць, як ваўчкі дзядоўніка за крысо — раз прачытаў, і ўжо яны табе спадарожнікі на ўсё жыццё.

    «На гарышчы зазвіняць шумёлы, / і вуздэчка заіржэ з сянец». «Кажаш, што магілы зараслі? / Памаўчы са мной па-беларуску». «Рыфму, як іскру, з дарог выкрасае / незацуглянай паэзіі конь!»

    Крыўда сышла, як вада ў пясок, затое ўзнікла — дыстанцыя. Якая звычайна існуе паміж пачаткоўцам і класікам. І хоць класікаў (жывых і мёртвых) у філфакаўскай навучальнай праграме хапала, да Яўгеніі Янішчыц з той пары я ставіўся са шчырым шкалярскім піетэтам. Рукапіс зборніка, прызначанага для бібліятэчкі «Маладосці», пакінуў у прыёмнай — так мне было прасцей.

    А потым, як гром з яснага неба, па нашым студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай імгненна разляцелася вестка: на Старажоўцы… Янішчыц… з балкона восьмага паверха… Дзяўчаты плакалі. Назаўтра на лекцыі Алега Лойкі мы ўшанавалі паэтку хвілінай маўчання. Запомніліся словы прафесара: «Закончылася жыццё, пачалося жыціе».

    Тая трагічная смерць да нашых дзён застаецца таямніцай. Пару гадоў таму на экранах БТ мільгануў дакументальны фільм «Небяспечны талент», зняты ў стылістыцы ясенінскага «чорнага чалавека». Там за Янішчыц (яе ролю выканала Аксана Данільчык) паўсюдна віжуюць чорныя цені, наганяючы вусціш у душы гледачоў. І паэтка, так падказвае фільм, не вытрымала…

    Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які 25 лістапада 1988 года падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня? Чорт, як вядома, можа выскачыць і з табакеркі, а чорны чалавек – адкуль заўгодна, хоць са шлюбнага пярсцёнка.

    Узяўшы ў 1971 годзе шлюб з афіцэрам савецкай арміі і таксама паэтам Сяргеем Панізнікам, Янішчыц жыла з ім у Чэхаславакіі, дзе пазнаёмілася са спеваком Міхалам Забэйдам-Суміцкім, перадрукоўвала і парадкавала яго архіў. За што атрымала ад старога эмігранта срэбны пацірык.

    А калі лейтэнант Панізнік асудзіў савецкую акупацыю 1968 года —закруцілася машына, якая ў Савецкім Саюзе стаяла заўжды напагатове. Мужа за антысавеччыну звольнілі з войска і выключылі з КПСС. Жонку шматкроць выклікáлі на задушэўныя гутаркі ў адпаведныя органы. Пазней Панізнік з горыччу прыгадваў: «Нас развялі, як разводзяць масты, – уключаюцца рычагі, раскручваюцца махавікі». Шлюб быў скасаваны, але «рычагі і махавікі», як выглядае, не пакінулі паэтку ў спакоі. Былога мужа з партыі выключылі, а яе — прынялі, ён доўгі час быў невыязны, а яе адправілі ў Нью-Ёрк на сесію ААН…

    «Махавікам і рычагам» патрэбен быў абяскоджаны талент, але талент заставаўся па-ранейшаму непрыручаны, а значыць, небяспечны. Да таго ж быў характар — па-паляшуцку незалежны і ўпарты. Гэта ж яшчэ школьніцай Жэня Патапчук вырашыла: «Расстралянаму прозвішчу / абяцаю жыццё!». І стала Яўгеніяй Янішчыц — у памяць забітага немцамі першага мужа сваёй маці.

    Пасля Нью-Ёрка ад паэткі патрабавалі палітычных памфлетаў пра варожы капіталістычны свет, а яна пісала пранізлівыя вершы пра драму Айседоры Дункан і Сяргея Ясеніна, спачувала суайчыннікам забітых братоў Кенэдзі, захаплялася Хэмінгуэем і Эн Сэкстан.

    «Махавікі і рычагі» не адступаліся — шантажавалі і запалохвалі, але ў адказ гучала рашучая водпаведзь: «Горка на чарнобыльскім Палессі, / хоць збірай майно на Калыму. / Наступіць на горла ўласнай песні? / А за што, прабачце, і чаму?»

    «На горла ўласнай песні» Яўгенія Янішчыц так і не наступіла. Гэта відно асабліва цяпер, калі выйшаў у свет яе збор твораў, падрыхтаваны Тамарай Аўсяннікавай і Святланай Калядка. У дагоду «махавікам і рычагам» там — ні слова.

    Ці фігуруе дом №8 на Старажоўцы ў нейкіх патаемных данясеннях? І ці з’явяцца калі тыя данясенні ў музеі паэткі на яе радзіме ў Парэччы на Піншчыне, дзе самаахвярнай рупнасцю настаўніцы Антаніны Сідарук ужо сабрана 1228 экспанатаў? Яго Вялікасць Час некалі расставіць усе кропкі над ï. А нам на вечнае суцяшэнне застаецца высокая паэзія незламанай паляшучкі, эпіграфам да якой асабіста для мяне застаюцца радкі са знакамітага «Сказа пра Лысую Гару»:

    Але на зло іх крыку «Знішчыць!»

    З глыбінь народнага жыцця

    Увысь ірвалася Янішчыц —

    Палесся мілае дзіця».

    Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц (20 лістапада 1948 — 25 лістапада 1988) — беларуская паэтка, перакладчыца. Яе вершы — адна з самых яскравых і пранікнёных старонак беларускай літаратуры XX стагоддзя. Акрамя творчай дзейнасці Яўгенія Янішчыц займалася літаратурнай крытыкай, працавала ў розныя перыяды літкансультантам у «Сельскай газеце», загадчыкам аддзела ў часопісе «Маладосць». У 1988 годзе паэтка трагічна загінула: выпала з восьмага паверха свайго дома ў Мінску. Па афіцыйнай версіі гэта адбылося выпадкова.

    Чытайце яшчэ:

    Рэжысёр Зміцер Чэ: «Узаемадзеянне з беларускай аўдыторыяй бы азбука Морзе: ты грукаешся, табе адстукваюць, а потым ты гэта расшыфроўваеш»

    Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»

    «Мне здалося, што смерць падышла да мяне». Лёсы расстраляных паэтаў: Ізі Харык

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці