• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ня можа быць, каб улада не зразумела, што шлях рэпрэсій тупіковы і час рабіць разварот». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча

    Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

    Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

    Свабода публікуе фрагмэнты кнігі.

    Чаго каштуе вызваленьне?

    Кажуць, няма асуджанага, які б не хацеў датэрмінова выйсьці на волю. Цяпер мяркую, што трэба ўдакладніць: няма асуджанага, які б ня думаў пра датэрміновае вызваленьне. Бо іншы падумае, паразважае, а ў выніку прыме такое рашэньне, якое шараговага вязьня шакуе. Гэта пра тых палітычных, якія любой цаной на волю выходзіць ня згодныя.

    Упершыню сутыкнуўся з гэткім настроем у вязьніцы на Акрэсьціна ўлетку 2021 году, падчас першага затрыманьня па сваёй крымінальнай справе. За дзесяць сутак чатыры разы перакідалі з камэры ў камэру. Сядзеў то з наркаманамі, то з хуліганамі, але больш за ўсё, вядома, з палітычнымі. Ім, як і мне, не выдавалі матрац, пасьцельныя рэчы, не дазвалялі атрымліваць перадачы і нават не перадавалі зубных шчотак.

    Сярод палітычных у апошняй з чатырох маіх камэр быў і Вячаслаў — яшчэ малады мужчына, добразычлівы, разважлівы і — о дзіва! — настроены адносна сваёй будучыні аптымістычна. Хоць, як высьветлілася, пэўна ведаў, што з Акрэсьціна на волю яму ня выйсьці, бо пасьля 15 сутак зноў закінулі ў камэру і рыхтуюць да выстаўленьня абвінавачаньня па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу — за ўдзел у маршах пратэсту.

    Вячаслаў, як і мы ўсе, пэўна ж, не імкнуўся пераехаць з Акрэсьціна на «Валадарку», але ўсё ж ставіўся да гэткай пэрспэктывы неяк інакш, чым, скажам, я. Спакойна. Даволі нават бестурботна.

    Спачатку падавалася, што ён такі спакойны, бо недаацэньвае небясьпеку. Але потым пераканаўся: гэтая пазыцыя — ад усьведамленьня сваёй праўды.

    Перад вачыма стаіць сцэна, як Вячаслаў ходзіць па камэры і пасьміхаецца, калі сукамэрнікі кажуць яму пра будучыню ў калёніі.

    «Слухайце, можа каму ёсьць чаго баяцца, а мне — не. Я добра працаваў, зарабляў, плаціў немалыя падаткі. Пасадзяць мяне на тыя два ці тры гады, і такім чынам самі сябе пазбавяць маіх падаткаў. Ужо страта для рэжыму. Я ж пацярплю. Я гатовы адбыць гэты тэрмін, і ніякай міласьці ад іх не чакаю. Мне гэта не патрэбна».

    Хлопцы ўсё ж ад Славы не адчапляліся, распытвалі: ці варта прызнаваць віну, каб выйсьці датэрмінова? Тады я згадаў яшчэ адну гісторыю.

    Гатовыя сядзець

    «Мы ўсе будзем закладнікамі, і некалі намі абавязкова пачнуць гандляваць», — гэта я ўспомніў, як выходзілі на волю палітвязьні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Апавядаў таварышам, як было, калі ўлетку 2011 пачалі выпускаць тых, каго нахапалі на плошчы 19 сьнежня і ў наступныя дні.

    Спачатку праз памілаваньне выйшла першая партыя палітвязьняў, чалавек дваццаць, якія прызналі віну і падпісалі прашэньні. Потым была другая партыя, яшчэ столькі ж. Гэта тыя, хто не прызнаў віны, але прашэньні падпісаў. А трэцяй чаргой вызвалілі яшчэ чалавек дзесяць. Тых, хто нічога не прызнаў і нічога не падпісваў. Але гэта Лукашэнка зрабіў у абмен на паслабленьне санкцый, цяпер дакладна вядома.

    «Ці шмат будзе тых, хто пагодзіцца такой цаной выйсьці на волю?»

    Вячаслаў першым адказаў, што ён гатовы адбыць увесь тэрмін, але каб санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі ні ў якім разе не здымалі.

    «Мая мэта — каб за ўсе ягоныя злачынствы ўрэшце яго судзіў трыбунал у Гаазе», — цьвёрда казаў Вячаслаў і пералічаў учынкі Лукашэнкі, якія павінен разгледзець міжнародны суд: зьніклыя палітыкі, фальшывыя рэфэрэндумы і выбары, узурпацыя дзяржаўнай улады, перасьлед апазыцыі, забойствы і рэпрэсіі супраць дэманстрантаў.

    Перамовы з рэжымам?

    Вячаслаў сваёй пазыцыі не здаваў.

    «У 2020 годзе мы выходзілі на вуліцы дзеля таго, каб зьмяніць гэты рэжым на дэмакратычны. У мяне падрастае дачка. І я не хачу пакідаць ёй краіну, у якой праз дваццаць гадоў яе арыштуюць за ўдзел у выбарах, як цяпер мяне.

    Мае бацькі пакінулі мне якраз такую краіну, у якой можна падрабляць галасы, у якой за крытыку кідаюць за краты. Дык усё, хопіць. Калі коштам нашай свабоды зь яго зноў здымуць санкцыі і ён захавае ўладу — дык за што мы тады пакутавалі? Каб ён зноў прыстасаваўся, зноў улагодзіў Эўропу і зноў выйшаў сухім з вады? Не. Таму я гатовы пасядзець. І, думаеце, я такі адзін? Спытайце іншых», — прапанаваў сукамэрнік.

    І пазьней шмат разоў абмяркоўваў з палітвязьнямі, ці не прыйшоў час пачынаць перамовы з уладамі пра вызваленьне палітвязьняў у абмен на скасаваньне санкцый. А калі пачынаць, дык хто гэта мае рабіць? Заўсёды ўзьнікалі рознагалосьсі.

    Большая частка казала, што перамовы ўвогуле непатрэбныя, бо іх вынікам стане зьняцьцё санкцый, а гэта аўтаматычна будзе азначаць падаўжэньне рэжыму Лукашэнкі. Так думаў, да прыкладу, палітвязень Дзяніс, зь якім давялося сядзець на «Валадарцы». Малады чалавек згадваў, што патрабаваньне вызваліць палітвязьняў было выстаўленае яшчэ разам з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі. «Трэба толькі іх не разьдзяляць, не саступаць. Рэжым абрынецца пасьля эканамічнага каляпсу, які непазьбежна наступіць у выніку санкцый. І тады, каб уратавацца, Лукашэнка сам пачне адпускаць палітвязьняў», — даводзіў Дзяніс.

    Тая размова адбывалася ў канцы 2021 году, калі эканамічныя санкцыі яшчэ толькі пачыналі дзейнічаць. Тады літоўскія чыгуначнікі яшчэ вазілі беларускія грузы, а нарвэская кампанія «Яра» яшчэ не адмовілася ад супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем». У нас былі вялікія спадзяваньні, што як толькі санкцыі набяруць моц, беларуская эканоміка хутка забуксуе.

    Але праз паўгода гэта выглядала ўжо ілюзіяй. Стала зразумела, што санкцыі навучыліся абыходзіць, дый самі яны не такія ўжо і моцныя. Апрача таго, рэжым скарыстаўся вайной Расеі супраць Украіны, каб атрымаць ад Пуціна чарговую фінансавую падтрымку. Знайсьці новыя эканамічныя нішы Лукашэнку ўдалося, але гэтым Беларусь канчаткова прывязала сябе да Расеі, так што ў выпадку каляпсу расейскай эканомікі, таксама абкладзенай санкцыямі, абедзьве дыктатуры патонуць разам. Або разам нейкім цудам застануцца на плыву.

    Але ў дзеячоў апазыцыі за мяжой недастаткова рычагоў, каб прымусіць рэжым сесьці за стол перамоваў. Дый самім у іх удзельнічаць — сябе скампрамэтаваць.

    У перамоўнікаў застаецца адзіны шанец — прасіць аб пасярэдніцтве кагосьці на Захадзе. І каго? Вядома, можна адшукаць на ролю мэдыятара нейкую нэўтральную краіну ці структуру, але незразумела, чым яна будзе спакушаць дыктатара. Зноў адменай санкцый, як у 2011 годзе? Дык аб’яднаны Захад на гэткі варыянт ужо сам ня пойдзе, а іншых выгод Лукашэнку ніхто прапанаваць ня зможа.

    Гаворым пра амністыю

    Так мы спрачаліся, абмяркоўвалі і прыходзілі да высновы, што рэальна спадзявацца можна толькі на перамогу Ўкраіны над расейскімі агрэсарамі, за якой можа наступіць абвал рэжыму Пуціна, а за ім і ягонага сатэліта Лукашэнкі.

    Тым часам скончылася лета 2022 году, і першага верасьня Лукашэнка, прамаўляючы ў нейкай школе, сам загаварыў пра амністыю, у тым ліку і для некаторых палітычных. Але, маўляў, толькі для тых, хто адумаўся, асэнсаваў, і з умовай, што павіняцца.

    Навіна з хуткасьцю ракеты абляцела калёнію. Пра будучую амністыю гаварылі ў кожным кутку, на кожнай лаўцы, у кожнай курылцы. Палітвязьні не дапускалі думкі, што калі ўжо пачнуць выпускаць на волю, дык абмяжуюцца толькі тымі, хто прызнае віну. Хацелася верыць, што дойдзе чарга і да нас, палітычных. Ня можа быць, каб улада не зразумела, што шлях рэпрэсій тупіковы і час рабіць разварот. Пра гэта гаварылі ўслых.

    Вядома, некаторыя пачалі вагацца, задумвацца пра саступкі. Адзін са знаёмых палітвязьняў, Дзьмітрый, у прыватнай размове прызнаўся, што гатовы хоць заўтра пісаць прашэньне на імя Лукашэнкі з прызнаньнем віны. «Проста ўжо няма сіл тут сядзець, гэта ж канцлягер!» — паніклым голасам скардзіўся Дзьмітрый на ўмовы ў калёніі. Асудзілі яго на два гады ўсяго за адзін крытычны камэнтар у сацсетках, актывістам апазыцыі ён ніколі ня быў, нават у маршах ня ўдзельнічаў, і цяпер вельмі перажываў, што «трапіў у замес». Было відаць, што калёнія яго проста выпусташыла.

    У «пятнашцы» я заставаўся яшчэ амаль месяц, і за гэты час надзея на амністыю для палітвязьняў цалкам выпарылася. Спачатку мы заўважылі, што па Беларускай тэлевізіі ўсё радзей гавораць пра будучы закон аб амністыі, а потым пачулі, што палітычныя артыкулы ў яго ўвогуле не зьбіраюцца ўкладаць.

    Што цяпер думаюць палітычныя пра шанцы датэрмінова выйсьці на волю, на каго спадзяюцца? Мяркую, па-ранейшаму не на перамоўнікаў з рэжымам Лукашэнкі, а ўсё больш — на змагароў за незалежную Ўкраіну, у тым ліку на беларусаў-добраахвотнікаў з палку Каліноўскага.

    Чытайце яшчэ: 

    «Фотография — это почти всегда неправда». Сергей Михаленко о роли искусственного интеллекта

    «Про погоду, про природу, как дела». Как написать письмо политзаключенному, чтобы его пропустил цензор

    «Мы не чуем галасы з Беларусі». Наталка Харытанюк пра беларушчыну ў выгнанні, новыя кнігі і масты, якія перакінуцца ў Беларусь

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці