• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Лепразорый для блогераў як мара прыдворных прапагандыстаў

    10482c16-c32c-4f4a-af0d-49bb67173a61_cx0_cy11_cw97_w1023_r1_s.jpg

    У вас манаполія адклеілася

    Ідэю змагацца з фэйкамі праз залікоўку журфаку выказаў Генадзь Давыдзька, дэпутат Савету Рэспублікі і старшыня “Белай Русі”, колішні кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, на круглым стале трэцяга фестывалю дакументальнага кіно краін СНД “Евразия.DOC” у прэс-цэнтры Sput­nik Беларусь. “Вельмі важна з журналістыкі, з факультэту журналістыкі, факультэтаў экранных ВНУ хутка знаходзіць маладых людзей, якія думаюць па-экстрэмісцку, і адлічваць”, запэўніў ён.

    За савецкім часам такія пагрозы маглі гучаць сур’ёзна, фактычна як адна з формаў забароны на медыйную працу. Бо хто цябе возьме ў будзь-якую рэдакцыю без вышэйшай адукацыі і з воўчым білетам, калі ўсе газеты ды часопісы навокал дзяржаўныя, падпарадкоўваюцца лініі партыі?

    Але сёння такая наіўная вера ў манаполію на прафесію выглядае даволі смешна. Ну адлічаць з журфаку БДУ хлопчыка, які таленавіта пісаў крытычныя да ўлады памфлеты, альбо выкінуць з факультэту экранных мастацтваў БДАМ дзяўчынку,  заўважаную за стварэннем “экстрэмісцкіх” відэаблогаў – і што?

    Ютуб не пытаецца аб дыпломе дзяржаўнага ўзору пры рэгістрацыі каналу.

    А “Наша Ніва” неяк нават адзначала ў вакансіях, што досвед палітычнага пераследу будзе перавагай для саіскальнікаў.

    Зрэшты, нават на такім скажоным рынку, як беларускі медыйны, працуюць рынкавыя законы. Медыя хвалюе здольнасць аўтара ствараць якасныя матэрыялы, а ўсё астатняе фактычна другасна. Мне дык яшчэ ніводны рэдактар не знізіў ганарары за тое, што вышэйшую адукацыю я атрымаў не на журфаку, ды і за мой чырвоны дыплом бонусаў у медыя не даюць.

    Бацькі і дзеці фэйкаў

    Вось як спадар Давыдзька ўяўляе сабе сучасную медыйную рэчаіснасць: “Цяпер вельмі прыемна і проста: ты зрабіў нейкую гадасць у інтэрнэце — і ты славуты. Плюнуў проста нейкай гадасьцю ў інтэрнэце, ты за гэта не адказваеш, але ты папулярны чалавек, ты блогер. І яго ўсе ведаюць. І гэта дзеці фэйку”.

    Адсутнасць верыфікацыі інфармацыі ў папулярных блогераў альбо ў ананімных Telegram-каналах – насамрэч вялікая праблема. Аднак палягае яна не ў тым, што існуе асобная каста юзэраў-фэйкаробаў, і можна па адным “знаходзіць маладых людзей, якія думаюць па-экстрэмісцку”.

    Быццам прапагандызм – гэта такая хвароба, стан розуму і сэрца, і такіх людзей можна вылічыць і адаслаць у медыйны лепразорый.

    Насамрэч жа лекі супраць фэйкаў – гэта строгае датрыманне журналісцкіх стандартаў, напрыклад – балансу меркаванняў. Гэтага на круглым стале ў прэс-цэнтры Sput­nik відавочна бракавала: Беларусь прадстаўлялі выключна дзяржаўнікі (акрамя Давыдзькі быў яшчэ Андрэй Крывашэеў, сакратар афіцыйнага Беларускага саюзу журналістаў, палітычны аглядальнік БТ з прэзідэнцкага пулу). Тое ж тычацца і фестывалю дакументальнага кіно краін СНД “Евразия.DOC” – там пад відам дакументалістыкі дэманстравалі расійскія стужкі, якія падтрымліваюць крамлёўскія знешнепалітычныя наратывы.

    Напрыклад, фільм “Штат Македонія” за 32 хвіліны даводзіць, што гэтай балканскай краіне “адводзяць ролю парахавой бочкі”, там жывуць “на датацыі з еўрафондаў” і пад “самай вялікай амбасадай ЗША”. Усё гэта ілюструецца кадрам з Джорджам Сорасам, калі нехта яшчэ не здагадаўся па канспіралагічным стылі.

    А аўтару стужкі “Рэвалюцыі “пад ключ” спатрэбілася 43 хвіліны, каб растлумачыць, “як працы амерыканскага паліттэхнолага Джіны Шарпа змаглі змяніць палітычны расклад у свеце” і “ці магчыма з дапамогай найпростых прыёмаў кіраваць масавай свядомасцю”. Кваліфікацыя аўтара сумневаў не выклікае – раней ён зняў дакументальны цыкл “Сталін з намі” і фільм “Жалезны габрэй Сталіна”. Што да нейтральнасці фестывальнай стужкі, то ілюстрацыя красамоўная:

    revolutions-key-sharp.jpg

    У гэтым кантэксце тэзы пра змаганне з непраўдзівай інфармацыяй выглядаюць абсурдна: прапагандысты разам з прапагандыстамі будуць змагацца з прапагандай. Але з‑за хайпавай барацьбы з фэйкамі тырчаць вушы матывацыі заторкнуць рот каментатарам на форумах, блогерам і іншым крытыкам нават не тое што ўлады, а проста беларускай рэчаіснасці.

    Алё, мы прапагандысты і мы шукаем таленты

    “Страшна, калі яны таленавітыя і калі пачнуць служыць злу”, мяркуе Давыдзька адносна “экстрэмістаў”, якіх варта адлічыць з журфаку. Ну то дзякуй богу, што падставаў для страху ў гэтым сэнсе ў нас асабліва і няма.

    Прапагандысты – што мясцовыя, што крамлёўскія – не надта таленавітыя.

    Фэйк з джыпам са зброяй, які нібыта прарываўся праз украінскую мяжу, лопнуў як мыльная бурбалка. Як і справа “Белага легіёну”, пра якую падначалены тады Давыдзьку канал “Беларусь‑1” здымаў фільм “Белы легіён чорных душ”, дзе былі парушаныя амаль усе магчымая стандарты журналістыкі. Калі ж справа развалілася і фігурантаў выпусцілі “за адсутнасцю ў дзеях складу злачынства”, то выбачыцца і выдаць у эфір абвяржэнне падначалены Давыдзьку тэлеканал і не падумаў.

    Калі ўжо дыскусія праходзіла на прарасійскім фестывалі псеўдадакументальнага кіно, то варта ўзгадаць і пра адсутнасць асаблівых талентаў у расійскіх прапагандыстаў. Медыйнае вымярэнне справы Скрыпаля – прыклад поўнага правалу, калі версіі Расіі выглядаюць непраўдападобна, а ідэя зрабіць інтэрв’ю з агентамі на RT прывяла да супрацьлеглых вынікаў. Міжнародная супольнасць не пераканалася ў тым, што яны турысты, якія любяць шпілі Салсберэцкага сабору, а атрымала глебу для пошуку доказаў іх сувязі з ГРУ – і вось гэтую працу як раз таленавіта выканалі як журналісты, гэтак і адмыслоўцы з Belling­cat

    Безумоўна, дзяржаўная прапаганда, узброеная шчодрымі бюджэтамі і эксклюзіўным доступам у тэлевізар, можа часова задурыць галовы вялікай колькасці людзей. Прапагандысты карыстаюцца падтрымкай сілавых ведамстваў – ад зліваў інфармацыі з крымінальных спраў да магчымасці прыціснуць надта спрытных канкурэнтаў з незалежных медыя (прывітанне, “Справа БелТА”). Аднак на доўгай дыстанцыі прапагандысты заўсёды прайграюць незалежным медыям, бо хлусня ўсплывае, раздзьмутыя фэйкі лопаюцца, а якасць рупараў прапаганды саступае ў канкурэнцыі з сапраўднай журналістыкай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці