• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Пяць урокаў “Справы БелТА”

    Не падстаўляцца

    “Справа БелТА” выклікае этычныя пытанні да беларускай дзяржаўнай сістэмы: навошта былі брутальныя вобшукі, затрыманні і іншыя дзеянні, якія відавочна перавышаюць грамадскую небяспеку ад злачынства, у якім абвінавачваюць медыйшчыкаў? Ці можа ўвогуле доступ да афіцыйнай інфармацыі (накшталт кадравых прызначэнняў) быць аб’ектам платнай падпіскі? І якімі былі сапраўдныя прычыны крымінальнай справы (тут я падсумоўваю і аналізую асноўныя версіі)?

    Аднак усе гэта не адмяняе той факт, што карыстацца чужым паролем ад “БелТА” было дрэннай ідэяй з усіх бакоў.

    Як зазначыў падчас медыятоку ўкраінскі медыяэксперт Атар Даўжэнка з “Дэтэктар медыя”, беларускія журналісты паводзілі сабе вельмі неабачліва ва ўмовах, у якіх знаходзіцца медыясупольнасць Беларусі. Ён называе гэта “сціплым грахом” і дадае, што і ва Украіне шмат хто карыстаецца паролямі калегаў, каб не плаціць за “Інтэрфакс” альбо “УНІАН” — пры тым што “карысць ад гэтага несувымерная небяспецы”.

    Украінскі калега раіў пачынаць лінію абароны з прызнання, а гендырэктар TUT.by Людміла Чэкіна ў сваю чаргу адзначала, што было б дзіўным, калі б яна за некага давала прызнальныя паказанні: у статусе падазраваных розныя людзі, у кожнага свой адвакат і свая стратэгія.

    Гендырэктар TUT.BY Людміла Чэкіна

    І гэта сам па сабе важны ўрок: за аналізам агульных тэндэнцый важна не забывацца, што справа тычацца канкрэтных асобаў, і кожная з іх мае права на свой асабісты погляд і сваю лінію паводзінаў.

    Ад салідарнасці з калегамі да змяшання іх з брудам

    Мы ў Беларусі прызвычаіліся, што журналісты з дзяржаўных медыя могуць часам прыходзіць на супольныя мерапрыемствы і агулам паводзіць сабе як калегі, але калі надыходзіць час Х, яны будуць шмаляць па нам з усіх медыйных ствалоў, бо такой была адмашка зверху.

    Таму ўдзельнікі медыятоку з сумнымі ўсмешкамі слухалі Атара Даўжэнку, які дзівіўся, што праўладныя медыя (у прыватнасці, “СБ. Беларусь сегодня”) пішуць пра “Справу БелТА” толькі з пазіцыі абвінавачвання і не дапускаюць іншага меркавання — украінскі медыяэксперт назваў гэта махровай савецкай рыторыкай, пячорным падыходам і наўпрост вар’яцтвам.

    Асабліва яго абурыла ідэя прымусіць недзяржаўныя медыя не змяняць загалоўкі падчас перадруку матэрыялаў, бо тыя іх нібыта “скажаюць”. Але ж загаловак — гэта не меркаванне і ацэнка, а наўпрост галоўнае з навіны, і не дзіва, што для кожнага медыя гэтае галоўнае сваё. Зрэшты, пакуль дзяржаўная інфармагенцтва будзе выдаваць загалоўкі накшталт “Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы” — то не дзіва, што любое сучаснае медыя будзе перапісваць іх, як перапісаў бы прафесійны рэдактар за стажорам.

    Дзякуючы Атару Даўжэнку падчас медыятоку было абмеркавана пытанне журналісцкіх стандартаў у незалежных медыя, калі яны пішуць пра “Справу БелТА” (або іншыя прыклады ціску ўладаў на калег-медыйшчыкаў). Сама па сабе салідарнасць — справа добрая і зразумелая. Больш за тое, было б дзіўна, калі б медыя пісалі пра сваіх супрацоўнікаў са штучнай нейтральнасцю: маўляў, міліцыя некага затрымала, а вінаваты ён ці не — нам невядома, высветліць суд. Аднак “калі нагода апісваецца як смяхотная — гэта змяншае давер аўдыторыі”, зазначае ўкраінскі медыяэксперт.

    Гэта не значыць, што не трэба бараніць сваіх. Але рабіць гэта варта з моцнымі аргументамі і прытрымліваючыся ўсіх медыйных стандартаў — зрэшты, так яно будзе і эфектыўней.

    Кантэкст не залішні

    У справе абароны журналістаў, якія апынуліся пад ціскам, важны элемент — пераканаць міжнародную супольнасць праявіць салідарнасць. Наколькі яна істотная, даведаўся на сваёй скуры Паўлюк Быкоўскі, фігурант “Справы БелТА” і пазаштатны аўтар Deutsche Welle, за якога ўступілася не толькі рэдакцыя DW, але нават Нямецкі алімпійскі камітэт.

    Калі Атар Даўжэнка заўважыў, што яму не хапіла нейтральнасці ў асвятленні “Справы БелТА”, то Паўлюк тлумачыў: калі пішаш для замежнай аўдыторыі — часам вымушаны спрашчаць і нават пазначаць, хто добрыя хлопцы, а хто кепскія, каб чытач па-за кантэкстам зразумеў, што да чаго. Калі я пішу для расійскага Repub­lic, то таксама сутыкаюся з неабходнасцю сцісла тлумачыць чытачам беларускі кантэкст, які сам па сабе складаны і заслугоўвае асобнага артыкула для поўнага разумення.

    Антон Трафімовіч з “Радыё Свабода” слушна заўважыў, што “чытач не мусіць думаць пра праблемы журналіста”. Заўсёды важна даваць меркаванні розных бакоў і агулам максімальны кантэкст, нават калі гэта не проста ці падаецца залішнім. Як падсумавала Ала Шарко, кіраўніца прэс-цэнтра Press Club Belarus, “журналістам часам падаецца, што калі бэкграунд быў у дзесяці мінулых матэрыялах, то гэтага дастаткова, а варта сыходзіць з інтарэсаў аўдыторыі”.

    Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі

    Банальнасць дабра

    Журналісцкія стандарты могуць падавацца нуднай тэмай, актуальнай хіба што для першакурснікаў журфаку. І, як казаў Паўлюк Быкоўскі, “банальнасць рэкамендацый вядзе да таго, что іх не хочуць прымаць”.

    Медыястандарты — гэта той фундамент, на якім трымаецца ўвесь будынак медыясупольнасці, і без іх ён рызыкуе пахіснуцца.

    Генеральны прадзюсар тэлеканала “Белсат” Аляксей Мінчонак назваў адну з такіх рызыкаў: “у журналістыцы з’явілася шмат медыяактывістаў, якім галоўнае хайпануць, а стандарты нецікавыя”. Менавіта гэта я меў на ўвазе, калі пісаў раней пра небяспеку паводзінаў Пальчыса і іншых блогераў.

    Погляд з іншага боку камеры

    Ну і зрэшты невялікі, але важны практычны ўрок, які вынес для сябе TUT.by пасля “Справы БелТА”: не варта публікаваць відэа з хатняга вобшуку альбо запісы тэлефонных перамоваў падазраваных, нават калі матэрыял афіцыйна прадастаўляюць следчыя органы. Тую ж тэлефонную гутарку могуць пасля праслухоўвання абрэзаць так, як гэта зручна, ды і наогул — непрыгожа лезці ў прыватную прастору ўслед за чорнымі ботамі сілавікоў.

    Застаецца спадзявацца, што як мага болей беларускіх журналістаў будуць вучыцца на гэтым сумным досведзе калегаў і ніколі самі не стануць ахвярай падобнай справы.

    Фота: Пётр Слуцкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці