“Толькі дзякуючы Аляксандру Рыгоравічу!” Экс-міністр інфармацыі даў “майстр-клас” на ступень службовага “прагіну”
У “Год гістарычнай памяці”, абвешчаны ўладамі нібыта для кансалідацыі грамадства, але які насамрэч стаў пікам рэпрэсій за іншадумства, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ігар Луцкі цынічна выказаўся пра “няправільных беларусаў” і лісліва прыўзносіў “місію” Лукашэнкі.
Колішні міністр інфармацыі Ігар Луцкі, чыя нядоўгая кадэнцыя на пасадзе адзначылася паслядоўнай зачысткай незалежных СМІ, расказаў у інтэрв’ю часопісу «Беларуская думка» (былы “Коммунист Белоруссии”) пра галоўныя “дасягненні” 2022 года.
“У гісторыі Беларусі былі розныя старонкі, але гэта наша мінулае і пра яго трэба гаварыць. Прычым не ўрыўкамі той псеўдагісторыі, якую нам спрабавалі навязаць на світанку незалежнасці (ды і зараз не пакідаюць намаганняў), выкрасліўшы адтуль падзеі і асоб, якія паказваюць нас народам-пераможцам, самабытнай нацыяй са сваёй культурай, традыцыямі і годнасцю. Таму аб’яўленне 2022-га годам гістарычнай памяці – гэта спроба асэнсаваць доўгі шлях беларусаў да ўласнай дзяржаўнасці. Як справядліва зазначыў наш прэзідэнт, урокі мінулага і веданне ўласнай гісторыі – гэта магчымасць не страціць сваю дзяржаву».
Для апанентаў рэжыму чыноўнік падкрэсліў, што “спробы навязаць чужыя ідэалы, падмяніць гістарычныя факты будуць спыняцца жорстка”. Ён нагадаў, што на дзяржаўным узроўні прыняты шэраг мер, у тым ліку прававога характару, каб абараніць гісторыю Беларусі ад фальсіфікацый. А найважнейшым дасягненнем “года гістарычнай памяці” лічыць унясенне ў артыкул 54 Канстытуцыі нормы аб тым, што захаванне праўды аб гераічным подзвігу беларускага народа ёсць абавязак кожнага.
“Аб’ядноўвацца можна з розных пазіцый, і гэта мы назіраем у суседзяў. Для кагосьці такой падставай сталі рэваншысцкія настроі, дзесьці гуртуюцца ў барацьбе з савецкай спадчынай, а камусьці для кансалідацыі патрэбен вобраз ворага. Аб’яднанне на аснове патрыятызму — сведчанне высокай духоўнай культуры. У многім гэта звязана з беларускай ментальнасцю, у аснове якой прыярытэт грамадскіх інтарэсаў над асабістымі. Эгаіст не можа быць патрыётам, бо патрыятызм = ахвярнасць. У грамадстве ўсё больш прыкметная мода на патрыятызм. З аднаго боку, гэта добра. З іншага, масавае яго выкарыстанне можа прыводзіць да дэвальвацыі каштоўнасці, рызыкуе спарадзіць канфармісцкі патрыятызм, пры якім быць патрыётам значыць мець пэўныя дывідэнды. Лічу прынцыповай задачай 2023 года на ўзроўні грамадскай дыскусіі асэнсаваць высокія крытэрыі, якім павінен адпавядаць сапраўдны патрыёт”.
«Добразычліўцам з‑за кардона”, якія “мусоляць” тэзу аб тым, што з пачаткам масавых рэпрэсій грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі знікла як з’ява, Ігар Луцкі традыцыйна адказаў цытатай свайго працадаўцы.
“Наш прэзідэнт адназначна абазначыў: усе, хто называе сябе беларусамі, хто любіць сваю краіну і жадае ёй росквіту, жывуць на роднай зямлі. Нягледзячы на ўсе выклікі, жыццё працягваецца ў звыклым для грамадзян рэчышчы. І гэта найвышэйшае дасягненне, якое стала магчымым перадусім дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Сапраўдных беларусаў хвалюе, што адбываецца ў іх роднай краіне, як вырашаюцца пытанні паўсядзённай рэальнасці. І калі мы гаворым пра ініцыятыву, накіраваную на канструктыўнае ўзаемадзеянне з уладай, на стварэнне ўмоў рэалізацыі сябе ў грамадскай прасторы, то яна не толькі не замерла, а перайшла на якасна новы віток развіцця”.
Ігар Луцкі ва ўпор не бачыць мэтанакіраванага пераследу значнай часткі беларусакага грамадства на падставе ідэйных супярэчнасцяў.
Ён упарта паўтарае мантру пра “народнае адзінства” – яшчэ адно дасягненне “мудрага прэзідэнта”.
“У 2021 годзе ў нас з’явіўся новы дзяржаўны сімвал — дзень народнага адзінства. Ён стаў не толькі святочным днём, а кропкай усведамлення датычнасці кожнага з нас да мінулага і будучыні нашай краіны, якая аб’яднала цэлыя пакаленні. Беларусы палюбілі гэтае свята, яно набывае непаўторныя асаблівасці, рытуалы, фармат. Яго вельмі глыбокі змест выказаў кіраўнік дзяржавы: «Калі мы не возьмем галаву ў рукі, то ў цяперашнім перадзеле свету зноў апынемся ў страшным палітыка-эканамічным замесе”. Той самы выпадак, калі лідэр фармулюе і простымі словамі даносіць да свайго народа глыбокі сэнс гістарычнага моманту”, — не хавае захаплення функцыянер прэзідэнцкай адміністрацыі.
Цалкам лагічна, што на фоне ўяўнай “беларускай стабільнасці”, у якую Луцкі і кампанія, падаецца, самі шчыра вераць, яскравым прыкладам “палітычнага разладу і маральнага заняпаду” становіцца Украіна.
“Хачу звярнуць увагу на наступны красамоўны факт: у той час, калі нашы з вамі суграмадзяне вядуць дыскусіі аб дзяржаўным будаўніцтве і грамадскім развіцці, грамадзяне брацкай Украіны знаходзяцца літаральна на мяжы выжывання, да якой іх падштурхнулі гора-палітыкі. Якія яшчэ адзнакі патрэбныя? Адзінства і згода нам не проста дарагія, гэта базавыя ўмовы захавання беларускага народа, магчымасці самастойна і незалежна будаваць сваю будучыню. Якіх бы палітычных поглядаў ні прытрымліваўся кожны з нас, ёсць адна агульная мэта — застацца гаспадарамі роднай зямлі, выстаяўшы на чарговым вітку цывілізацыйнага крызісу”, — пафасна канстатаваў чыноўнік.
Толькі вось чамусьці апусціў той факт, што “адзінствам і згодай” у Беларусі не патыхае ўжо два з лішкам гады.
Сапраўднай ганьбай для ХХІ стагоддзя выглядае наяўнасць тысяч палітычных вязняў у турмах, крымінальны пераслед не толькі за публічнае агучванне меркавання, а за аўтаматычны лайк пад пастом.
Нарэшце фактычнае вынішчэнне інстытутаў грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Ну хіба што такая задача якраз і ставілася канчатковай мэтай “кансалідацыі” па-беларуску.
Ігар Луцкі цягам 2014–2018 гадоў быў першым намеснікам міністра інфармацыі, а перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020-га і наступнай хваляй гвалту стаў кіраўніком ведамства. На гэтай пасадзе актыўна прасоўваў ідэю навешвання “экстрэмісцкіх” ярлыкоў на нелаяльныя медыя. Летась у красавіку Лукашэнка падвысіў падначаленага ў службовай іерархіі, прызначыўшы намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі, дзе той адказвае за ідэалагічны напрамак.
За спрыянне рэпрэсіям супраць іншадумства Ігар Луцкі трапіў у санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША, Канады ды іншых краін.
Чытайце яшчэ:
“Адчуваюць сябе нядрэнна, наколькі гэта магчыма ў зняволенні” — З чым ідуць у новы год нашы калегі-палітвязні
Нестандартны гардэроб, бан на танную гарэлку, Акрэсціна. Гісторыя Івана Мураўёва
Брат журналіста-палітвязня Аляксандр Сацук: “Сяргей напісаў апеляцыю на 85 лістах”