• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Агучвала Ангелу Меркель»: асабісты досвед стажіроўкі ў Deutsche Welle

    Восенню мінулага года беларуская журналістка Настасся (імя змененая) трапіла на стажыроўку ў рэдакцыю Deutsche Welle, што ў нямецкім Боне. Пра тое, як журналісту з Беларусі трапіць на замежную стажыроўку і да чаго рыхтавацца падчас практыкі ў рэдакцыі, дзяўчына расказала БАЖ.

    «Гэта была крыху іншая медыярэальнасць Беларусі»

    Настасся падавала заяўку на стажыроўку яшчэ ў чэрвені 2020. Гэта фіксаваная стыпендыя, якая пакрывае ўсе выдаткі. Зыходзячы з матывацыйнага ліста і досведу працы, арганізатары разам з рэдакцыямі-партнёрамі прапаноўваюць месца для стажыроўкі. Так беларуска трапіла ў Deutsche Welle ў Бон.

    — Паколькі я падавалася ў чэрвені 2020, гэта была крыху іншая медыярэальнасць Беларусі. Я на той момант супрацоўнічала з экалагічнымі СМІ і НДА, таму мая заяўка з большага была пра пераход да зялёнай эканомікі ў Еўропе пасля пандэміі, аднаўляльныя крыніцы энергіі, вуглеродны падатак і асвятленне гэтых тэм у СМІ, — прыгадвае суразмоўца.

    Стажыроўка планавалася восенню, але з‑за новай хвалі каранавіруса яе ў 2020 адмянілі. Праз год арганізатары сканатактаваліся з тымі, хто падаваўся ў 2020‑м, і прапанавалі разгледзець заяўку яшчэ раз. У 2021‑м усё склалася — і напрыканцы верасня Настасся паехала на стажыроўку на два месяцы.

    «DW у Боне працуе кругласутачна»

    Найбольш беларуску ўразіў рэжым працы нямецкіх калег у рэдакцыі:

    — DW у Боне працуе кругласутачна. Ёсць мінімальная каманда, якая заўсёды на працы. Гэта рэдактар, журналіст і смм-спецыяліст. Гэтыя людзі працуюць у тры смены: першая палова дня, другая палова дня, ноч. Астатнія прыходзяць на звычайны працоўны дзень з 9 да 18.

    І яшчэ адным яркім першым уражаннем для Настассі стаў сам будынак, дзе месціцца рэдакцыя:

     — Яго ўзвялі для парламентарыяў яшчэ ў часы, калі Бон быў сталіцай Заходняй Германіі. І ідэя была ў тым, каб паказаць празрыстасць працы дэпутатаў і тое, што яны адкрытыя для народа. Таму ў будынку шмат шкла, шмат паветра. І ў цэлым ідэя празрыстасці ўлады пераклікаецца і з прынцыпамі журналістыкі: трэба паказваць жыццё, якое яно ёсць, мець зразумелыя крыніцы інфармацыі, каб чытач/глядач мог паглядзець на сітуацыю сваімі вачыма і зрабіць свае высновы.

    «Усё лічбавізіравана і ніхто з паперкамі па калідоры не бегае»

    Руская рэдакцыя “DW” дзеліцца на некалькі аддзелаў. Настассі прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў кожным з іх:

    — Таму мае абавязкі крыху мяняліся на працягу стажыроўкі. На выбар былі: аддзел, цалкам прысвечаны Беларусі, культуры, СММ, відэа, а таксама адзел навін. У аддзел культуры я не вельмі хацела.

    Мой план быў у тым, каб праводзіць у кожным з чатырох астатніх аддзелаў па два тыдні, і паспрабаваць усё.

    Але ў выніку таймінг прыйшлося крыху пасунуць.Пачала Настасся з аддзела Беларусі. Пісала артыкулы пра нашу краіну. У цэлым абавязкі журналіста былі стандартнымі: прыдумаць тэму, узгадніць, напісаць. У рэдактараў была планёрка ў сераду. Да яе пажадана прыдумаць тэмы на наступны тыдзень. Таксама ёсць штодзённыя планёркі раніцай. Але практыкантаў туды не клікалі, бо ніхто з іх вольна нямецкай не валодаў.

    Трэба было асвоіць дзве праграмы, бо ў DW усё лічбавізіравана і ніхто з паперкамі па калідоры не бегае (акрамя супрацоўнікаў аддзела відэа, дзе трэба начытваць тэкст). Спачатку ставіш тэкст у адну праграму. Там дадаеш загаловак, падзагаловак, ключавыя словы. Потым яна перасылае тэкст у іншую праграму. І там ты яго вярстаеш. Падбіраеш фотаздымкі, відэа, спасылкі па стандартах рэдакцыі, ставіш тэгі. І ўсё гэта дасылаеш рэдактару/цы. Калі ў яго/яе будуць пытанні,  звяжуцца.

    З аддзела Беларусі Насця пайшла ў СММ. Там напісала пост для інстаграма:

    — Шчыра кажучы, як чалавек, які не піша такія доўгія пасты ў сацсетках, я стамілася. СММ — гэта зусім іншая праца з тэкстам. Было цікава паспрабаваць, але я зразумела, што гэта — не маё. Ну і тут працэс ішоў крыху прасцей. Я тэкст і фота проста даслала сммшчыцы – і яна іх апублікавала.

    Пасля быў аддзел відэа.

    — Тут я нарэшце ўбачыла жывых людзей. Справа ў тым, што восенню ў Германіі ўзмацняліся каранавірусныя меры, таму ў кабінеце мог сядзець толькі адзін супрацоўнік. Большасць працавала з дома, хадзілі на працу па неабходнасці і кантактавалі праз сазвоны. А аддзел відэа хадзіў у рэдакцыю ў поўным складзе. Тут я займалася перакладам тэксту, бо не мела досведу здымання і не хапала часу на тое, каб мяне навучыць. Маёй любоўю калісьці было радыё, таму перакладаць і агучваць тэксты мне цалкам падабалася.

    Руская рэдакцыя відэа робіць план вяшчання наперад. У тым ліку паказвае сусветныя навіны, якія здымаюць іх калегі на іншых мовых. Настасся перакладала з англійскай і нямецкай такія сюжэты, распісвала сінхроны, адаптавала для рускамоўных гледачоў, агучвала жаночыя ролі. Тут таксама прыйшлося асвоіць яшчэ адну праграму. У ёй дадаюцца подпісы, пераключаюцца гукавыя дарожкі. Гэта не поўны мантаж, але таксама нейкая мінімальная рэдактура ад журналіста. Мантажом займаюцца асобная людзі, якія сядзяць у студыях для агучкі. Плюс увесь выпуск зводзіць рэдактар.

    Ролікі потым шлі ў эфір ютуба. Таксама ў вячэрнія навіны маглі ставіць відэа ўласных карэспандэнтаў, відэа, якія ім дасылае берлінскі філіял DW, ролікі ад карэспандэнтаў з месцаў падзей.

    — З цікавага прыгадаю, што ў той час Ангела Меркель якраз сыходзіла са сваёй пасады. Таму было шмат навінаў з ёй. І некаторыя з іх я агучвала. Я не думала, што мой голас калісьці будзе адданы такой высокай палітычнай дзяячцы, як Ангела Меркель. Я рада, што трапіла на стажыроўку ў гэты час.

    «Можна было цалкам абысціся беларускай або рускай мовай»

    Моўнага бар’ера практычна не было. У аддзелах, куды трапляла Настасся, можна было цалкам абысціся беларускай або рускай мовай. Агучка навін і тэксты, з якімі яна працавала, таксама выпускаліся на рускай мове. Як было адзначана вышэй, часам журналістка рабіла пераклады з англійскай, нямецкай на рускую. Глыбей іншыя мовы не выкарыстоўвала.

    — З калегамі з іншых аддзелаў можна было камунікаваць на англійскай. Англійскую я ведаю даволі добра. Нямецкую значна горш. Але ў нейкай базавай камунікацыі спрабавала практыкаваць.

    Вебінары па авалоданні праграмамі таксама былі на англійскай. Нешта з рассылкі на нямецкай прыходзілася гугліць. Дарэчы, DW звычайна ладзіць курсы нямецкай для практыкантаў. Але з‑за каронавіруса ў тым годзе іх не было.

    Ведаў нямецкай хапала дзяўчыне і для вырашэння побытавых пытанняў. І можна было перайсці на англійскую, калі нешта не зразумела. Да таго ж журналістка наймала пакой у доме рускамоўнай гаспадыні.

    Не менш за тры героі ў артыкуле і жорскія стандарты афармлення

    У нямецкай рэдакцыі ўражвае мабільнасць абавязкаў. Насстассю здзівіла, што ў СММ-адзеле нехта можа цэлы тыдзень весці інстаграм, а ў наступны панядзелак за гэтую сацсетку адказвае ўжо іншы сммшчык.

    Ці ў іншым адзеле на гэтым тыдні рэдактар — гэта адзін чалавек. І ўсе з ім узгадняюць тэксты. На наступным — іншы. 

    — Мне падалося гэта даволі цікавым падыходам, — кажа Настасся. — І ў супрацоўнікаў вока не замыльваецца ад аднатыпнай працы. І, думаю, СМІ ад гэтага выйграе, бо ўсё адно кожны плануе, піша і рэдагуе тэксты крыху па-свойму. І бачна, калі гэта ўсё робіць адзін і той жа чалавек. А так атрымліваецца больш аб’ектыўная карціна для чытача.

    А вось да якасці карцінкі відэа ў нямецкіх калег не заўсёды высокія патрабаванні.

    — Добры матэрыял можна зняць і на звычайную відэакамеру, і на тэлефон. Больш важна — тое, што паказваюць, калі размова ідзе пра відэа з месца падзей.

    Затое маюцца больш канкрэтныя патрабаванні да матэрыялаў. У DW ёсць правілы, якіх трэба прытрымлівацца. Напрыклад, не менш за тры героя ў артыкуле, каб пачуць розныя меркаванні.Таксама агаворваюцца жорскія стандарты афармлення: спасылкі, фотагалерэя, відэа, фота, тэгі.

    — І гэтым усім займаецца не адзін чалавек, аддел вёрсткі ці хтосьці там яшчэ. Гэта ведаюць і робяць усе журналісты, — адзначае суразмоўца. — Кожны сам стварае свой тэкст ад пачатку да канца. Рэдактар там толькі вычытвае. Гэта, я думаю, паскорвае працу, бо журналіст лепш за ўсё ведае свой тэкст. І як ён хоча яго падаць. Па-другое, ты больш уцягнуты ў гэты працэс стварэння матэрыялу. Ну, і шчыра кажучы, калі я працавала ў беларускай газеце, за мной тэкст перачытвалі тры-чатыры чалавекі — і ўсё адно час ад часу праскоквалі абдрукоўкі. Таму, на маё меркаванне, колькасць людзей, якія чытаюць тэкст перад выпускам, на якасць не ўплывае. Журналіста і рэдактара дастаткова.

    Мова ў беларускай журналістыцы – пазіцыя або проста інструмент?

    Медиа будущего: нужны ли prod­uct-менеджеры и как использовать нейросети

    Зоя Хруцкая: Не хочам, каб былі праблемы ў іншых ініцыятыў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці