• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Плянавалі лавіць інтэрнэт ля польскай мяжы». Вялікае інтэрвію з галоўным рэдактарам Hrodna.life

    Галоўны рэдактар незалежнага горадзенскага парталу Hrodna.life Аляксей Шота расказаў, як рэдакцыя перажыла пратэсты і рэпрэсіі, ці плянуюць супрацоўнікі рэлякацыю і як апошнія выбары паўплывалі на журналісцкае жыцьцё ў горадзе.

    Сьцісла:

    • «Хтосьці меўся ехаць да польскай мяжы і лавіць там інтэрнэт».

    • «У нашай рэдакцыі быў цэнтар усталёўваньня Psyphon».

    • Тэлеграм партала пасьля выбараў вырас з 1000 да 10 000.

    • «Мы думалі, усё скончыцца на наступны дзень».

    • «Шмат праглядаў набрала навіна пра мацёру, якая прынесла 22 парсючкі».

    • «Часам думаеш пра сябе: „Мы ж такія малыя, каму мы патрэбныя?“».

    • «Гэта яўная палітычная замова з мэтай нас прыдушыць».

    • Падтрымку чытачоў можна параўнаць з даходамі ад рэклямы.

    • «Зьехаць можна праз 15 хвілін. Гэта не праблема».

    • «Раней многія думалі, што Руслан — гэта і ёсьць уся рэдакцыя»

    За апошні год у рэдакцыі Hrodna.life шмат што зьмянілася. Нехта сышоў, нехта зьехаў, многіх затрымлівалі, некаторых білі. Рэдакцыя перажыла ператрус, а аўдыторыя вырасла ў разы.

    Цяпер у Hrodna.life працуе 9 чалавек. Пасьля жніўня 2020 году зьехаў за мяжу вядомы «журналіст на ровары» Руслан Кулевіч. Ён працягвае пісаць для сайта, але ўжо менш. Цяпер у Кулевіча ўласны відэапраект «Мы вернемся» — пра беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі.

    «Многія думалі, што Руслан — гэта і ёсьць уся рэдакцыя. Яны былі зьдзіўленыя, што ёсьць іншыя журналісты. Руслан зрабіў зь сябе брэнд. Цяпер іншых нашых журналістаў таксама пазнаюць», — расказвае Аляксей Шота пра час пасьля выбараў.

    Яшчэ адзін журналіст звольніўся з рэдакцыі з асабістых прычын, дызайнэрка зьехала за мяжу празь перасьлед. Чатырох чалавек падчас выбарчай кампаніі затрымлівалі. Апрача Кулевіча, гэта Алена Кавальчук, якая рэгулярна працавала ў «полі», рэдактарка Ірына Новік, якая лётала з дронам, калі ў горад прыяжджаў Лукашэнка, і відэаапэратар Андрэй Ломаў — ён адседзеў суткі і атрымаў штраф па артыкуле 23.34 КаАП.

    На Шоту заводзілі адміністрацыйную справу за сьцяг у акне кватэры, але потым закрылі. У Ірыны Новік праводзілі ператрус як у сьведкі ў «справе аб карціне Алеся Пушкіна», забралі тэхніку. Мужа журналісткі Тацяны Сідлярэвіч звольнілі з МНС, як мяркуе Шота, ня толькі праз палітычныя погляды, але і праз тое, дзе працуе жонка.

    «У людзей стралялі, а ў іхнай стужцы былі кветачкі»

    Што да рэжыму працы, то зь мінулага траўня ў рэдакцыі яе паболела, са жніўня яна зрабілася больш небясьпечнай.

    «Цябе ў любы момант могуць закрыць з надуманай прычыны. Няўжо раней газэты не выкідалі з падпісных каталёгаў? Ці не заводзілі справы на журналістаў? Раней улады стараліся падладжваць справу пад закон, цяпер яны не замарочваюцца доказамі», — мяркуе Шота.

    На час выбараў Hrodna.life рыхтаваўся да поўнага адключэньня інтэрнэту. Паводле пляну, хтосьці меўся ехаць да польскай мяжы і лавіць там інтэрнэт на польскую сім-карту. Іншыя б падвозілі яму з «поля» флэшкі з фота, відэа. Аднак гэта не спатрэбілася, бо праз VPN інтэрнэт працаваў.

    «Адзінае, чытачы не маглі чытаць сайт, таму мы так разьвілі сацсеткі. У нашай рэдакцыі быў цэнтар усталёўваньня праграмы Psyphon (дапамагае абыходзіць блякаваньне. — РС) на тэлефон. Людзі прыходзілі дзясяткамі: „Кажуць, у вас ведаюць, як уключыць інтэрнэт“», — успамінае суразмоўца.

    Ён мяркуе, што партал годна перажыў асьвятленьне выбараў.

    «Калі адбывалася ўся „жэсьць“, хто зь мясцовых мэдыя пісаў нешта талковае? У людзей стралялі, а ў іхнай стужцы былі кветачкі і выдатнае надвор’е. Мы былі адзіныя, хто не набраў у рот вады і не абас***ся. Мы тады набралі касьмічную колькасьць чытачоў», — эмацыйна разважае галоўны рэдактар.

    Інстаграм парталу за апошні год вырас з 16 тысяч да 34 тысяч на піку, потым пайшоў спад. Тэлеграм раней амаль не разьвівалі. Пасьля выбараў канал узьляцеў з 1000 да 10 тысяч.

    «Калі ёсьць ціск, значыць, мы ўсё робім добра»

    «Калі касіркі ў краме або людзі ў аўтобусе абмяркоўваюць публікацыі Hrodna.Life, гэта посьпех. Пэўны час чытачоў у нас было больш, чым жыве людзей у горадзе», — цешыцца Шота.

    Ён адзначае, што Hrodna.life прызнаюць розныя бакі.

    «Прыходзяць рэклямадаўцы, колькасьць чытачоў расьце. Ёсьць прызнаньне прафэсійнай супольнасьці: летась мы былі найлепшым рэгіянальным выданьнем, год таму — найлепшым рэгіянальным сайтам, у маніторынгу Media IQ у нас высокі рэйтынг», — пералічвае рэдактар.

    Партал, на думку Шоты, прызнаюць і ўлады: у судах над актывістамі спасылаюцца на ягоныя матэрыялы. У рэдакцыі быў ператрус.

    «Калі ёсьць ціск, значыць, мы як стрэмка ў задніцы, усё робім добра», — прызнае Шота.

    «Усе на жнівень плянавалі адпачынкі»

    Аляксей заўважае, што журналісты пасьля асьвятленьня пратэстаў «выпаліліся».

    «Мы думалі, што ўсё скончыцца на наступны дзень. Усе на жнівень плянавалі адпачынкі. Ніхто з таго часу адпачынкаў ня браў. Мяне прыемна зьдзівіла, што былі спробы людзей у рэгіёнах адстаяць свой выбар. Бо звычайна тут паўжыцьцё-паўсьмерць», — расказвае рэдактар.

    Цяпер журналісты збавілі тэмп.

    «Я раней мог займацца сайтам круглыя суткі. Цяпер думаю — навошта? Каб раней за сябе адправіцца на Аўльс (там горадзенскія могілкі. — РС)? Раней было 10–15 публікацый на сайце, цяпер 3–5. Прагляды зьмяншаюцца, але гэта нармальна. Мы за год вырасьлі ў 4 разы, упалі ў 2 разы», — камэнтуе Аляксей.

    «Ніхто са жніўня адпачынкаў ня браў»

    Цяпер на сайт пішуць і студэнты горадзенскай Школы журналістыкі.

    «Прыйшоў вельмі моцны набор. Гэта вынік апошніх падзей. Людзі ўбачылі, што журналісты — патрэбная прафэсія. Калі нам як рэдакцыі трэба будзе эвакуавацца за мяжу, то тут у нас застануцца талковыя „рукі-ногі“. Я асабіста зьяжджаць нікуды не зьбіраюся. Мая сям’я жыве тут паўтара стагодзьдзя. Былі Гітлеры, Сталіны — і мая сям’я ня зрушылася ні на мэтар адсюль», — кажа гарадзенец.

    «Часта ў топе тэксты маладых журналістаў»

    Апошнім часам на гарадзкім партале зьмяняецца тэматыка. Аўдыторыя стамілася ад палітыкі.

    Цяпер людзі ахвотна глядзяць праект «Мая кватэра ў Горадні» пра жытло. Шмат праглядаў нядаўна набрала навіна, якую можна ўбачыць хутчэй у раённай газэце — пра мацёру, якая прынесла 22 парсючкі. Заўжды актуальнай застаецца тэма мяжы: як выжывае Кальварыйскі рынак у Беластоку безь беларусаў, або як беларусы ў эміграцыі ствараюць свой бізнэс.

    «Часта ў топе тэксты маладых журналістаў, бо зь імі працуе добрая рэдактарка Ірына Новік. Яна даводзіць набор словаў да ладу. Мне б не хапіла цярпеньня», — прызнаецца Шота.

    Рэдакцыя апошнім часам амаль цалкам адмовілася ад чужога кантэнту, усе матэрыялы ўласныя або добра перапрацаваныя. Hrodna.life стаў найлепшым мясцовым недзяржаўным выданьнем (тут і тут).

    «Заходзіш на сайт Media IQ, там ёсьць крытэры добрага выданьня, арыентуесься на іх, і ўсё», — коратка тлумачыць Аляксей.

    Журналісты езьдзяць на ўсе даступныя курсы, назіраюць за працай калег. Перадусім узорам працы быў Tut.by, досьвед пераймалі і ў сяброў зь менскага гарадзкога сайта City­dog. Шота чытае рассылкі пра мэдыя на расейскай і ангельскай мовах, падтрымлівае стасункі з калегамі па ўсім сьвеце, цікавіцца іркуцкім выданьнем «Верблюд в огне» і справамі ў журналістаў зь Мінэсоты.

    Hrodna.life прызналі найлепшым рэгіянальным выданьнем

    «У каго заўгодна можна знайсьці экстрэмізм»

    У студзені ў рэдакцыю прыйшоў зь ператрусам АМАП. Прычынай стаў «экстрэмізм» на сайце, а менавіта некалькі спасылак на тэлеграм-канал, які забаранілі чытаць беларускія ўлады. У партала забралі чатыры фотаапараты, дрон, ноўтбук, флэшкі, грошы. Суд прызначыў Аляксею Шоту заплаціць больш за 12 тысяч рублёў штрафу.

    «У каго заўгодна можна знайсьці экстрэмізм. Гэта яўная палітычная замова з мэтай нас прыдушыць», — камэнтуе прысуд Шота.

    Ён узгадвае, што год таму, пасьля затрыманьня Ціханоўскага, яго выклікалі ў гарвыканкам і далі папярэджаньне за парушэньне закону аб рэкляме.

    «Цяпер стаўкі вышэйшыя», — кажа ён.

    «Мы чакалі ператрусу ў жніўні-верасьні»

    Галоўны рэдактар прызнаецца, што да ператрусу яны былі не гатовыя.

    «Былі сыгналы, што намі могуць зацікавіцца, казалі пра „рассаднік бчб-фашызму“, але я думаў, што прыйдуць да суседзяў па офісах», — кажа суразмоўца.

    У Горадні па адным адрасе месьцяцца рэдакцыя Hrodna.Life, крама тавараў зь беларускімі сымбалямі «Адметнасьць», этнакрама «Цудоўня», культурная пляцоўка «Цэнтар гарадзкога жыцьця», крама настольных гульняў «Кубік».

    «Мы чакалі ператрусу ў жніўні-верасьні. У студзені амаль нічога не адбывалася. Мы зноў прывезьлі тэхніку ў рэдакцыю. Аказалася, дарма. Расслабляесься, калі цябе часта ня б’юць. Часам думаеш пра сябе: «Мы ж такія малыя, каму мы патрэбныя?», — дадае Аляксей.

    «Варта перажыць тыдзень і супакоіцца»

    Ператрус не спыніў працу рэдакцыі. Псыхалягічнае аднаўленьне заняло ў журналістаў тыдзень.

    «Варта падыхаць, паглядзець добры фільм, схадзіць прагуляцца, адкрыць добрую бутэльку, якую захоўваў да лепшых часоў. Перажыць тыдзень і супакоіцца», — пералічвае ён спосабы вярнуцца да працы.

    Пасьля ператрусу абмеркавалі варыянты разьвіцьця падзей.

    «У Беларусі цябе паўсюль знойдуць. Важна было паказаць уладам, што ўсё добра, мы працуем», — кажа рэдактар.

    Супрацоўнікі зьвярнуліся да чытачоў з просьбай падтрымаць іх пасьля сплаты штрафу, бо на яго рэдакцыя аддасьць апошнія запасы. Аляксей кажа, што падтрымка чытачоў — адчувальная, яе можна параўнаць з даходамі ад рэклямы.

    Аляксей Шота разважае, што манэтызаваць сайт — асобная задача.

    «Мая мара заўжды была рабіць мэдыя без навін: інтэрвію, партрэты, тлумачэньні. Але ў Беларусі мы так вельмі хутка збанкрутуем… Ёсьць сайты, якія ня грэбуюць даваць рэкляму пра „моцны горадзенскі хрэн у роце“, мы не гатовыя», — кажа ён.

    Яны разглядаюць досьвед славацкага Den­ník N, які паставіў краўдфандынг на паток, а таксама брытанскае выданьне The Bris­tol Cable, якім валодаюць каля 2 тысяч акцыянэраў — яны і вызначаюць палітыку рэсурсу.

    Партал перадусім існуе за кошт рэклямы, продажу кантэнту і дарэньняў чытачоў.

    «Працуем далей»

    Галоўны рэдактар Hrodna.life кажа, што будучыня ў партала «цудоўная». Сёлета яны плянавалі ўпершыню ўручаць уласную прэмію за ўнёсак у разьвіцьцё гораду, але вырашылі перанесьці яе на спакайнейшыя часы.

    Таксама ў будучыя пляны ўваходзіць бясплатны гарадзкі папяровы часопіс. Адзін нумар выйшаў у лістападзе і быў прысьвечаны жнівеньскім падзеям у Горадні. Праўда, калі яго плянавалі ў ліпені, тэматыкай была адукацыя і школа. Пакуль часопіс выдаваць ня будуць.

    Партал спадзяецца вярнуцца да офлайн-актыўнасьцяў: экскурсій, сустрэчаў з чытачамі, прагляду фільмаў.

    Hrodna.life працягне выдаваць кнігі. Неўзабаве выйдзе іхны альбом пра агратрэш-архітэктуру «50 адценьняў парасячага». Рыхтуецца кніга гістарычных эсэ краязнаўцы Яўгена Аснарэўскага, якога ніхто ня бачыў, і гістарычны даведнік «Горадзенская азбука».

    «Варта перажыць тыдзень і супакоіцца»

    «Варта перажыць тыдзень і супакоіцца»

    «Зьехаць можна праз 15 хвілін. Гэта не праблема. І там жыць не праблема. Я б не хацеў нікуды зьяжджаць. Як можна працаваць з‑за мяжы? У мяне вялікі скепсіс да журналісцкіх праектаў, якія робяцца з‑за мяжы. Ты губляеш сувязь з рэальнасьцю», — кажа рэдактар.

    Ён мяркуе, што пытаньне рэлякацыі стаяла перад усімі беларускімі незалежнымі рэдакцыямі з 29 траўня мінулага году, калі затрымалі Ціханоўскага.

    «Пасьля вобшуку ў студзені быў самы блізкі момант, калі здавалася, што нам давядзецца зьехаць. Але тыдзень адпачыць — і ўсё нармальна. Працуем далей», — кажа Аляксей Шота.

    Горадзенскі інтэрнэт-партал Hrodna.life працуе з 2016 году. Ён паўстаў на базе папярэдняга сайта «Твой стыль» (2007–2015), дзе публікавалі матэрыялы навучэнцаў Школы журналістыкі. У 2015–2016 гадах партал прайшоў поўны рэбрэндынг.

    Аляксею Шоту 32 гады. Ён скончыў магістратуру ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве па палітычных навуках у 2014 годзе. Вучыўся ў Школе мэдыямэнэджмэнту, Школе маладых мэнэджараў публічнай адміністрацыі. Разьведзены, мае двое дзяцей.

     

    «Мы гуляем у футбол на мінным полі». Вялікая размова з галоўным рэдактарам «Салідарнасці» Аляксандрам Старыкевічам

    Петр Кузнецов: Власти готовы крутить гайки до конца. И это большая ошибка

    Гэта цыкль размоваў з галоўнымі рэдактарамі недзяржаўных СМІ. Гутарку з галоўрэдам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам можна пачытаць тут, з Алегам Гаруновічам з «Трыбуны» — тут. Размова з галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» Паўлам Сьвярдловым — тут. З галоўнай рэдактаркай і дырэктаркай агенцтва БелаПАН Ірынай Леўшынай — тут. З галоўнай рэдактаркай выданьня Kyky.org Насьцяй Рагатко — тут. Размова з галоўнай рэдактаркай партала Tut.by Марынай Золатавай — тут. Размова з галоўнай рэдактаркай штотыднёвіка «Новы Час» Аксанай Колб — тут. Гутарка з заснавальнікам «Сильных новостей» Пятром Кузьняцовым — тут. Размова з галоўным рэдактарам «Салідарнасці» Аляксандрам Старыкевічам — тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці