• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Следующая остановка — ад». Як я правёў 10 сутак у жодзінскім ізалятары. Піша Ігар Карней

    Нацыянальны сьцяг замест дыванка, «мордай у сьцяну» ва ўпраўленьні міліцыі, 12 сутак шчыраму «ябацьку». Што адбываецца за фасадам беларускага правасудзьдзя.

    Аўтазак

    «Марш сьмелых» 15 лістапада ў Менску працягнуў традыцыю хапуноў-«тысячнікаў», калі (на)сілавікі круцілі ўсіх, хто трапляўся пад руку. Спэцапэрацыя пачалася на далёкіх подступах да праспэкту Пушкіна і скончылася брутальнай зачысткай на імправізаванай «плошчы Пераменаў». Прафэсійная прыналежнасьць значэньня ня мела: журналістаў хапалі нароўні зь іншымі ўдзельнікамі акцыі.

    Сілавікі каля «двара Перамен» 15 лістапада

    «Следующая остановка — ад, суки», — прымаўляе галава ў грувасткім шаломе, цягнучы да міліцэйскага «пазіка» чарговую ахвяру. Там ужо маліла «ўнучачкаў» ня браць грэх на душу худзенькая бабуля: такога выпрабаваньня яе сэрца ня вытрымае. Урэшце старую выштурхнулі, пажадаўшы «хутчэй здырдзіцца».

    Запоўнены аўтобус падкаціў да аўтазака, пачалася перагрузка. На ўваходзе — некалі бел-чырвона-белы сьцяг, цяпер збольшага брудна-шэры. «Топчите, падлы!» — інструктуе з проразі балаклавы ваяка ў чорным.

    Разам з трыма мужчынамі немалой камплекцыі заштурхнулі ў вэртыкальны «пэнал», дзе не разьвярнуцца і дваім. Меней за 2 мэтры вышынёй, сама больш мэтар ушыркі і паўмэтра ў глыбіню. Для ўспрымальных на кляўстрафобію досьвед яшчэ той. Хвілін праз 15 груба выцягнулі назад, у вызваленую нішу закінулі пару дзяўчат.

    Зь дзясятак чалавек паставілі на калені ў вузкім праходзе паміж камэрамі. «Морды в пол», — і далей «шматпавярховы» мат з абмежаванага слоўніка амапаўца. Спроба суседа па локці агледзецца наўкол скончылася для яго кепска: адразу ж атрымаў дзясятак «выхаваўчых» удараў па галаве. Наступныя паўгадзіны паездкі кожны думаў пра сваё…

    Міліцыя

    Мы былі першай партыяй з дастаўленых у Савецкае РУУС Менску. У наступныя гадзіны аўтазакі разгружалі яшчэ некалькі разоў, адзін нават разьвярнулі, рэсурс супрацоўнікаў не вытрымліваў людзкога «перадозу».

    Больш за сотню «адмарозкаў» прыткнулі тварам у плот і гаражную сьцяну. Рукі ўгору, глядзець пад ногі. За сьпінамі атрад міліцыянтаў з аўтаматамі. Раз-пораз у старшага ўключаецца рацыя, афармляецца карціна таго, што адбываеца ў эпіцэнтры вайны з уласным народам: «…территорию под зачистку, „карандашей“ не отпускаем», — распарадзіўся невядомы стратэг лёсам журналістаў.

    Новы загад: выцягнуць матузкі з абутку, куртак і баек, адшпіліць каптуры, зьняць рамяні, усё скінуць перад сабой. Жанчына ў форме перапісвае асабістыя зьвесткі, пасьля вядуць у будынак аформіць арышт каштоўных рэчаў — грошы, тэлефоны, гадзіньнікі, ключы ад машыны і г. д. Опэр запісаў тлумачэньне вэрсіі затрыманьня, зьнялі на відэа анфас-профіль. І вяртаньне да сьцяны.

    Там і прастаялі наступныя 12 гадзін. Браўся марозік, рукі ў нязручнай позе дубелі, кроў адступала. «Что непонятно? Разве была команда расслабиться?!», — гаўкнуў узброены сілавік на спробу расьцерці запясьці. Тут жа прафэсійны тычок кулаком у абшар пячонкі.

    Калі на пятай гадзіне нехта пачаў стагнаць, што зараз страціць прытомнасьць, мужчынам дазволілі завесьці рукі за сьпіну, а жанчын перавялі ў падвал упраўленьня. Тады ж па адным далі схадзіць у напаўразваленую надворную біяпрыбіральню. Расшпіліць гузікі на прарэху скурчаныя пальцы яшчэ здолелі, цалкам зашпіліцца — ужо не.

    «Камандас» тым часам забаўляліся ў курылцы: вадзілі лязэрным прыцэлам па вокнах пяціпавярховікаў. Перад тым у сеціве разышліся здымкі «палонных», якіх 7 гадзін трымалі ў пакутлівай позе на гэтым жа месцы, новыя кадры былі б залішнія.

    А 22‑й на сярэдзіну двара вынесьлі стол, і цывільныя ў балаклавах пачалі выклікаць падпісваць аднатыпныя пратаколы: браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці ў групе асобаў, абазначаных бел-чырвона-белай сымболікай. Неістотна розьніліся толькі час і лякацыя. Ніякія аргумэнты не прымаліся — «суд разьбярэцца». Пасьля бясплённага абурэньня факталягічнымі нестыкоўкамі і запісу «ня згодны» — да абрыдлай сьцяны.

    За поўнач у суседніх дамах, што вышыхтаваліся па-над агароджай з калючым дротам, патухла апошняе вакно. Пад’ехаў аўтазак. Пракрычэлі прозьвішчы паўтара дзясятка мужчын і маладзенькай дзяўчыны. У будцы амапавец абыякава выцадзіў: вас — на Жодзіна, Акрэсьціна перапоўненае. У той дзень забралі амаль 1300 чалавек.

    Ізалятар

    Пасьля 12-гадзіннага стаяньня «мордай да муроў» прабежка з рукамі за сьпінай па лябірынтах-калідорах Жодзінскага ізалятару ўзбадзёрыла, але хоць не прынізіла — за тыдзень да таго алімпійскага прызэра ў дзесяціборстве Андрэя Краўчанку і пераможцу Кубку сьвету ў кікбоксінгу Івана Ганіна прагналі гэтым шляхам на карачках…

    На ўваходзе ў пакой надгляду кінуты вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. З усяго відаць, што «трафэй» сьвежы, яшчэ не пакамечаны. Арыштанты ступаць на гістарычны сымбаль адмаўляюцца, стараюцца пераскочыць. Ззаду вертухай штурхае ў сьпіну, нэрвовы даглядчык мацярыцца, гразіць арганізаваць пратакол і 15 сутак зьверху. «В Польше будете выступать, здесь вы — никто», — чуецца жалезны аргумэнт.

    Пасьля працэдуры распрананьня, чарговага надгляду адзеньня, прысяданьня ў адных трусах заводзяць у камэру № 13. Тут ужо кешкаюцца напаўголыя браты па няшчасьці, значыць, усе ў аднолькавым статусе.

    Пералічваемся: 20 прэтэндэнтаў на 10 ложкамесцаў. Двух’ярусныя жалезныя шконкі без матрацаў, пасярэдзіне — намёртва замураваны крывы стол з мэталічнымі ражкамі і дзьве такія ж лаўкі на шасьцёх. З праяваў цывілізацыі — умоўна адгароджаны сарцір зь дзіркай у падлозе і са сьлядамі «фэкальнай залевы» на сьценах. Побач умывальнік з халоднай вадой.

    Тут увесь зрэз сучаснага грамадзтва: навуковы супрацоўнік акадэмічнага інстытуту, гісторык, філёляг, кіраўнік ІТ-кампаніі, прадпрымальнікі рознага калібру, майстры ўчасткаў БелАЗу і МАЗу, студэнты — адлічаныя і пад пагрозай. Кожны трэці кульгае, з падбітым вокам ці апухлым носам — гэта значыць, разьлік на спрынтэрскія якасьці ня спраўдзіўся. Некаторыя з пазнакамі «каардынатараў»: камусьці пры затрыманьні расфарбавалі чорным рукі, некаму на ілбе напісалі «бчб».

    Бывалыя з другой-трэцяй ходкай уводзяць у нюансы побыту. «Старшым» у камэры абраны самы ўзроставы сядзелец Яўген Антонавіч — малодшы брат памерлага палітвязьня, лідэра БНФ і рабочага руху Віктара Івашкевіча.

    Стомленасьць бярэ сваё: хтосьці кідаецца на жалезны насьціл, іншыя месьцяцца на падлозе, нехта дрэмле за сталом — нарэшце рукі можна падкласьці пад галаву, а не трымаць іх угары ці за сьпінай. Дзень і ноч гарыць зыркае сьвятло, «начнік» ёсьць, але забаронены як зьява.

    Трывожны сон парушае «баландзёр»: бяз слоў прасунуў у кармушку чатыры боханы хлеба і столькі ж алюміневых кубкаў з гарбатай. На лёгкі сьняданак з‑пад плінтусаў пацягнуліся тутэйшыя прусакі.

    Суды

    Судоў у панядзелак не дачакаліся. А як статус не зьмяніўся, то «не паложана» і выгодаў. Па-ранейшаму два чалавекі на спальнае месца і пачарговая «адключка» на неахайна звараных канструкцыях. Вынікам — сінякі па ўсім целе. Не спыняеццца абмеркаваньне палітычнай сытуацыі і варажба пра магчымае пакараньне. Многія яшчэ вераць у штраф і вызваленьне.

    Што праўда, паставілі на забесьпячэньне. «Камплімэнт» ад кухара зьдзівіў зь першага дня: «аўтарская» капуста кіслотна-сіняга колеру. Прычым шматфункцыянальнага прызначэньня: на вячэру ідзе як «рагу», а калі на абед даліць паўмісы вады, гэта ўжо «боршч».

    Пратакол судовага рашэньня

    Судовы канвэер запрацаваў у аўторак — і не «трушком, а на ўсю моц», бо праз 72 гадзіны давялося б усіх выпускаць. Паколькі ўласных рэсурсаў не хапае, на скайп-сувязь змабілізавалі судзьдзяў-«гастарбайтэраў» з Крупак, Смалявічаў, Чэрвеня. Ноў-хаў сёлетняй кампаніі — адмова ад «балясту» ў выглядзе адвакатаў і неабавязковая прысутнасьць сьведкаў.

    Паўторнікам з сумна вядомым артыкулам 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) апрыёры гарантаваныя 15 содняў. Гэта ж тычыцца і «бонусу» ў выглядзе спадарожнага 23.4 (непадпарадкаваньне супрацоўніку праваахоўных органаў пры выкананьні службовых абавязкаў).

    Судовая арытмэтыка «складаньня» і «зьніжак» пабівае законы матэматыкі. Яўген Івашкевіч з двух пратаколаў атрымаў 10+7=15. Аляксандар Камісараў, якога за актыўнасьць прымусілі сысьці з пасады майстра цэху БелАЗу, паводле той жа формулы «склаўся» на 10+15=20.

    Спэцвыпуск «Арыштанцкіх навінаў»

    Прэтэнзіі наконт нестыковак у пратаколах ігнаруюць, іншагароднія судзьдзі проста не арыентуюцца ў сталічнай геаграфіі. «У суда нет оснований не доверять свидетельским показаниям», — рэагуе на заўвагі чэрвеньскі судзьдзя Чаркоўскі, адмаўляючыся патлумачыць, чаму на працэсе няма сьведак-сілавікоў Бельскага і Варанкова. Ня кажучы аб праве на абарону.

    Упершыню пачуў аб паслузе «паскораны суд» для тых, хто прызнае «віну». Працэдура займае 3 хвіліны, аднак разьлік на датэрміновае вызваленьне марны — 7 дзён арышту. Абскардзіць рашэньне немагчыма.

    На некалькі сотняў прысудаў адзін штраф усё ж быў. І гэта выклікала прыступ шаленства ў прыстаўленага амапаўца Мішы. Пясочыў крупскую судзьдзю, на якой падставе «нейкаму ўбогаму» яна выпісала 20 базавых. І тая бездапаможна апраўдвалася! Маўляў, пэнсійнага ўзросту, даглядае маці. «Никаких поблажек! Это им не Польша», — камандуе сяржант.

    Паэтычныя рэляцыі вязьняў

    Здарыўся і забаўны выпадак. Сярод затрыманых выявіўся прыхільнік Лукашэнкі. Як расказалі сядзельцы з суседняй камэры, мужчына хваліўся, што выходзіць на вуліцу, каб падтрымаць амапаўцаў у змаганьні з «фашыстамі». Праўда, у агульнай мітусьні сілавікі ня сталі заглыбляцца ў зьмест заклікаў і загрузілі яго ў аўтазак разам з астатнімі. «Ябацька» не сумняваўся, што «высокі суд» ва ўсім разьбярэцца і падзякуе за пазыцыю. «Нет оснований не доверять свидетельским показаниям», — аўтаматычна паўтарыў «высокі суд», выпісаўшы апалягету рэжыму 12 дзён арышту.

    Амапавец, які перад гэтым расьпякаў судзьдзю за залішнюю мяккасьць, суцяшальна паляпаў асуджанага па плячы: трымайся, братан…

    Зрэшты, статус са сваімі выгодамі: асуджанаму паложаны матрац. На падлозе ў капцёрцы, дзе выдаюць «пасьцельнае», чарговы бел-чырвона-белы «дыванок».

    Ізаляцыя

    Серада для жодзінскіх арыштантаў — дзень асаблівы. З раніцы пад сацыяльным цэнтрам за паўкілямэтра ад ізалятару фармуецца доўгая чарга, каб перадаць сваякам 5 кіляграмаў харчоў і самых неабходных рэчаў. Неацэнная дапамога валянтэраў, якія дапамагаюць рассартаваць зьмесьціва: каб не яны, наўрад ці ў засьценкі трапляла б і палова перадачаў.

    Сваякі і блізкія асуджаных каля жодзінскага ізалятара

    І хоць з калідору даносіцца шамаценьне пакетаў і сумак, па камэрах іх разносяць толькі празь дзень — выпрабоўваюць на вытрымку. Падтрымка з волі на вагу золата: зубная шчотка, станок для галеньня, хатнія тэпці, сала, цыбуля, слодычы расквечваюць ізаляцыю. Гэта адзіны шанец зразумець, што родныя ведаюць пра тваё месца знаходжаньня — інфармацыйная блякада татальная. Ужо пасьля вызваленьня выявілася, што ніводзін радок з лістоў і тэлеграмаў за калючы дрот не прашчаміўся.

    Гэтак жа і ў зваротным кірунку: ня тое што напісаць сямейнікам, а нават падаць скаргу на прысуд, тэрмін якой абмежаваны 5 днямі. Першыя навіны атрымалі праз паўтара тыдня: з Акрэсьціна перавялі Андрэя з Горадзеншчыны. Сярод іншага прадпрымальнік пастаўляе жалезны посуд дзяржаўным установам, а цяпер вось давялося зь яго хлябаць баланду.

    Тым часам з 20 чалавек застаюцца 13: кагосьці павезьлі ў турму на Акрэсьціна, іншых разьвялі па суседніх «нумарах». Трое маладых сьпяць намітуські.

    Побыт

    Арыштанцкі побыт разнастайнасьцю не вылучаецца. Пад’ём а 6‑й пад гімн, і практычна адразу ж у кармушку прасоўваюць порцыю «клейстару» — панцак ці аўсянка ў ліпкай сьлізі. Штораз пачынаецца спрэчка з баландзёрам, што не далівае кампоту, у лепшым выпадку кубак на дваіх, а здараецца, і на траіх: «Дасталі ўжо, эўразэкі, шыбка граматныя!». І ўсё ж здаўся, адшкадаваў лішнюю порцыю.

    Перамога прынцыповая: ваду з‑пад крана непажадана піць. Імправізаваныя фільтры з ватных дыскаў і марлі ўжо празь некалькі гадзін ператвараюцца ў кавалак чорнага бруду.

    Посуд «палітычна матываваны»: алюміневыя паверхні ўпрыгожаныя надрапанымі лыжкай споклічамі «Жыве Беларусь!», «Свабода!», «Наша возьме!» і нават выявамі «Пагоні». А яшчэ гэта разносчык каранавірусу: як сам памыў, так некаму наступным разам і пяройдзе, пад высокай тэмпэратурай ніхто не трымае. Яўген Івашкевіч перастаў адчуваць пахі на 10‑ы дзень, яшчэ у пяці чалавек станоўчы тэст пацьвердзіўся па выхадзе.

    На рэгулярны перастук між камэрамі ў рытме «Жыве Беларусь» адміністрацыя рэагуе «мероприятием воспитательного характера» — уключаюць прапагандысцкія песьні з калекцыі пра «любімую, якую не аддаюць». Калі з калідору чуецца гістэрычны крык «я вам счас спою!», гэта значыць, дзесьці зацягнулі альтэрнатыўны рэпэртуар — «Муры», «Магутны Божа» або «Купалінку». «Вы никогда не победите!», — кідае ў паветра адзін зь «вертухаяў». У арыштантаў на гэты конт іншая думка.

    Шахматныя фігуркі з хлебнага мякішу

    Да адбою трэба чымсьці сябе заняць — сядаць на шконкі забараняецца пад пагрозай экспрапрыяцыі матрацаў. Да паловы тэрміну ў камэры застаецца штатны расклад, на лавах зьмяшчаюцца 6. Разьмяць косьці няма дзе: пры дзьвярах пятак на тры крокі, далёка ня зойдзеш.

    Дзіўным чынам не забракавалі ў перадачы кнігу Ўладзімера Арлова «Каханак яе вялікасьці». Падзеі 500-гадовай даўніны актуальныя па сёньня, робяць адкрыцьцё сядзельцы, якія да таго ня моцна заглыбляліся ў нязьменную сутнасьць «усходняга брата».

    Калі ўся літаратура перачытаная, а на просьбу прынесьці хоць нумар «СБ» (унутранай інструкцыяй прадугледжанае «чытаньне»), чуецца: «Разве это место, похожее на библиотеку, бл…? В Польше начитаетесь, грамотные».

    Міжволі ўсплываюць прыхаваныя таленты. Студэнт-пяцікурсьнік Кастусь, перад якім рысуецца пагроза адлічэньня з БНТУ, зьляпіў з хлеба камплект шахматаў — дошку разьлінавалі проста на стале. Праграміст Андрэй, адлічаны за актыўнасьць з апошняга курсу гістфаку БДУ, у рэжыме онлайн абнаўляў насьценную газэту «Арыштанцкія навіны» ды практыкаваўся ў напісаньні вершаў. Былы дальнабойнік Дзьмітры рабіў замалёўкі камэрнага побыту.

    Ніводзін радок з волі да вязьняў не даходзіць

    Плюс талака як спосаб самаарганізацыі: ад мыцьця падлогі да мазгавога штурму ў разгадваньні сканвордаў.

    За 10 дзён двойчы вывелі за межы камэры — у душ і на шпацыр. У апошнім выпадку зьмена антуражу збольшага ўмоўная. Каменны мех на 10 квадратных мэтраў закратаваны зьверху ў некалькі пластоў, так што наяўнасьць неба толькі ўгадваецца. Радасьць хіба для курцоў, якім нарэшце дазволілі папаліць.

    І пасьля зноў у камэру № 13, якая на нейкі час стала прытулкам для людзей, аб’яднаных агульнымі мэтамі і памкненьнямі. Дыскусіі пра будучыню краіны не змаўкалі доўга пасьля каманды «адбой»…

    Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці