Сур’ёзнасць пагрозы COVID-19 не адмяняе абавязкі выконваць правы чалавека
Праваабаронцы падрыхтавалі аналітычную запіску, у якой гаворыцца аб захаванні правоў чалавека ў розных сферах жыцця ў перыяд пандэміі віруса COVID-19.
Аўтары аналітычнай запіскі звяртаюць увагу, што сур'ёзнасць пагрозы не адмяняе абавязкі выконваць правы чалавека.
BAJ.BY публікуе высновы праваабаронцаў, якія тычацца інфармацыйнага складніка нашага жыцця.
Аўтары дакумента — Кацярына Дэкайла, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, эксперт у галіне бізнеса і правоў чалавека, Алег Гулак, эксперт у галіне правоў чалавека, недыскрымінацыі, падыходу, заснаванага на правах чалавека (HRBA), старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта.
Нягледзячы на рознае разуменне ўзроўню пагрозы, кваліфікацыя дадзенай сітуацыі СААЗ як пандэміі, яе маштабы, дынаміка развіцця, ужо відавочныя наступствы і ўплыў на сацыяльныя сістэмы, а таксама практыка мераў, якія прымаюцца большасцю дзяржаў, сведчаць аб тым, што сітуацыя сур’ёзная. Гэта не падстава для панікі, гэта аб’ектыўны фактар, непрыняццё і адмаўленне якога істотна зніжае эфектыўнасць мераў, што прадпрымаюцца.
У кантэксце правоў чалавека ў сітуацыі такой сур’ёзнай пагрозы з’яўляецца аб’ектыўная неабходнасць прымаць меры, звязаныя з абмежаваннямі правоў чалавека не толькі ў сферы аховы здароўя. Пры гэтым крытэрамі правамернасці такіх абмежаванняў з’яўляюцца законнасць, рэальная неабходнасць, прапарцыянальнасць і часовасць. У такой сітуацыі становіцца яшчэ больш складаным пошук балансу паміж абаронаю інтарэсаў індывіда і грамадства. Прасцей кажучы, у экстранай сітуацыі выконваць правы чалавека нашмат складаней, чым у «мірны час».
BAJ.BY звяртае ўвагу на высновы праваабаронцаў, якія тычацца інфармацыйнага складніка нашага жыцця.
Недапушчальнасць інфармацыйнага «вакууму» або «прастою» і інфармацыйная гігіена.
У любой экстраардынарнай сітуацыі эфектыўнасць і аператыўнасць прынятых мер залежыць ад таго, наколькі поўную і дакладную інфармацыю мае не толькі той, хто прымае рашэнні, але і адрасаты гэтых рашэнняў і мераў, то бо грамадства. Менавіта на дакладнасці і паўнаце інфармацыі «завязана» ўтрыманне неабходных мер.
Інфармацыйны «вакуум» або «простай», прадастаўленне няпоўнай і / або недакладнай інфармацыі (асабліва ва ўмовах не ўведзенага афіцыйна каранціну і незакрытых межаў) недапушчальныя, таму што:
Гэта не дазваляе людзям прымаць узважаныя і сістэмныя рашэнні, звязаныя са сваім здароўем, жыццём і дабрабытам у выпадку, калі прымаюцца дзяржавай і бізнэсам меры недастатковыя і неэфектыўныя.
У сучасных умовах, калі на людзей «звальваецца» велізарная плынь разнастайнай і часам супярэчлівай інфармацыі, звязанай з каранавірусам, — ва ўмовах адсутнасці поўнай і пэўнай інфармацыі з афіцыйных крыніц, людзі пачынаюць запаўняць гэтыя «прабелы» па сваім разуменні і меркаванні, што можа нанесці шкоду як ім самім, так і навакольным.
Такім чынам, з аднаго боку, забеспячэнне рэалізацыі права на інфармацыю ў экстрэмальнай сітуацыі цесна звязана з рэалізацыяй шэрагу іншых правоў — права на жыццё, права на здароўе, права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду слова, свабоду перамяшчэння і г.д.
З іншага боку, для забеспячэння інфармацыйнай гігіены і недапушчэння распальвання панікі ў грамадстве ў шэрагу выпадкаў узнікае пытанне аб абмежаванні і права на інфармацыю, і свабоды выказвання меркавання. Пры гэтым паўторымся, такія абмежаванні павінны быць законныя, часовыя, рэальна неабходныя і прапарцыйныя.
Невысокая гатоўнасць грамадства да адказных паводзінаў, невысокі ўзровень культуры здароўя, інфармацыйнай і прававой пісьменнасці ў грамадстве. Асноўныя праблемы, якія робяць і так ўразлівага чалавека яшчэ больш уразлівым, зніжаюць эфектыўнасць мер, што прымаюцца і ствараюць дадатковыя рызыкі парушэння правоў у гэтай сувязі:
1. Людзі не ўспрымаюць праблему COVID-19 сур’ёзна.
Людзі часта не рэагуюць на заклік лекараў застацца дома, працягваюць наведваць грамадскія месцы, хадзіць у бары, рэстараны, не карыстаюцца аднаразовымі пальчаткамі пры выхадзе на вуліцу. Людзі хаваюць ад медыкаў сваё дрэннае самаадчуванне, наяўнасць тэмпературы, каб не трапіць у бальніцу. Людзі не ўсведамляюць, што ад іх паводзінаў можа залежаць здароўе і жыццё іншага чалавека. Такая сітуацыя складваецца, у тым ліку, з‑за адсутнасці поўнай і пэўнай інфармацыі з афіцыйных крыніцаў, на што накладваецца нізкі ўзровень інфармацыйнай культуры, звычка давяраць «суседу», «сарафаннае радыё» як асноўная крыніца інфармацыі і г.д.
Паводле даследавання, праведзенага ў сакавіку 2020 г. міжнародным агенцтвам маркетынгавых і сацыяльных даследаванняў «МАСМД», толькі 59 % апытаных імкнуцца пазбягаць масавага збору людзей, толькі 40 % абмяжоўваюць наведванне гандлёвых цэнтраў, толькі 30 % сталі радзей карыстацца грамадскім транспартам і часцей апрацоўваць антысептыкам свой тэлефон і іншыя паверхні і толькі 25 % абмежавалі наведванне сваіх пажылых сваякоў і бацькоў.
2. Стыгматызацыі і стэрэатыпы.
У грамадстве праяўляецца негатыў, пачынаючы з боязі перыяду «ранняга коронавируса» у дачыненні да людзей азіяцкай знешнасці, і сканчваючы абразамі або высвятленнямі, спалучанымі з умяшальніцтвам у асабістае жыццё, на адрас суайчыннікаў, чый аналіз выявіўся станоўчым.
Гэта стварае глебу для дыскрымінацыі.
3. Людзі часта не ведаюць сваіх правоў, не маюць досведу і не разумеюць, якія паводзіны ў дачыненні да іх з’яўляецца належнымі, а якія не.
Азнаёміцца з дакументам можна ТУТ.