• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праграмны дырэктар «Радыё Relax»: у верасні мы запускаем радыёстанцыю з класічнай рок-музыкай — «Аўтарадыё»

    У пачатку гэтага года на FM-прасторы краіны з'явілася «лёгкае ды спакойнае «Радыё Relax». З праграмным дырэктарам радыёстанцыі Аляксандрам Ажынскім размаўляем пра цэнзуру, радыё як эмоцыі і бізнес-праект, а таксама пра запуск ужо гэтай восенню новай радыёстанцыі — «Аўтарадыё».

    — У нашага холдынга дзве радыёстанцыі — «Юмор ФМ» і «Радыё Relax», у верасні мы запускаем «Аўтарадыё». Гэтая назва не належыць ранейшаму ўладальніку ў Беларусі, таксама радыёстанцыя не звязаная з расійскім «Аўтарадыё». Новая радыёстанцыя будзе трансляваць класічную рок-музыку. Такой радыёстанцыі ў Беларусі пакуль няма, а мы акурат стараемся адкрываць на нашым рынку ўнікальныя фарматы.

    Праграмны дырэктар радыёстанцый "Юмор ФМ" і "Радыё Relax" Аляксандр Ажынскі

    Яшчэ нядаўна сярэднесутачная і штотыднёвая аўдыторыя радыё ў краіне была самая нізкая ў Еўропе. Калі мы праводзілі даследаванне, чаму так, то высветлілася, што большасць тых, хто не слухае радыё, не задавальняе фармат радыёстанцый, якія ўжо ёсць у сетцы. Гэта значыць, радыёрынак быў не здольны абслужыць аўдыторыю. Мы ўбачылі, што ёсць дэфіцыт размоўных радыёстанцыі, дэфіцыт станцый з фарматам Soft AC і з фарматам класічнай музыкі. Таму мы і вырашылі стварыць радыёсатнцыю ​​«Юмор ФМ», якая мае размоўны фармат. Кантэнт для станцыі мы закупляем, аднак яе змест цалкам фармуецца тут і ніяк не звязаны з расійскім радыё з такой жа назвай. Па штотыднёваму ахопу ў Мінску, згодна з апошнімі вымярэннямі, «Юмор ФМ» займае другое месца, першае — у радыё «Юністар». Па штодзённаму ахопу ў Беларусі «Юмор ФМ» займае першае месца. Гэта афіцыйныя дадзеныя незалежнай даследчай кампаніі ГЕВС.

    Дарэчы, у «Юмор ФМ» асноўная аўдыторыя — больш за 75 % — гэта мужчыны ад 25 да 60 гадоў. А «Радыё Relax» мы наадварот робім для жанчын.

    «Радыё Relax» за першыя тры месяцы працы ўзяло долю 3,6 % і стала восьмым ў рэйтынгавай табліцы з 22 радыёстанцый. Гэта выдатны старт для радыёстанцыі, 10 траўня будуць новыя дадзеныя, і, думаю, мы будзем яшчэ вышэй — станцыя маладая, ёй ёсць куды расці.

    — Раскажыце пра фармат «Аўтарадыё», якое будзе запушчана ў верасні.

    — Фармат — класічная рок-музыка. Вядома, будуць праграмы, ранішняе шоў. Але ўсё напаўненне будзе прысвечана рок-музыцы. Радыё будзе рускамоўнае. Гэта звязана з тым, што большасць людзей у нашай краіне гавораць на рускай мове. А калі мы кажам пра аўдыторыю «Аўтарадыё», а гэта дарослыя мужчыны старэйшыя за 35 гадоў, то ім так прасцей ўспрымаць інфармацыю.

    Напрыклад, на «Радыё Relax» мы цалкам гаворым на беларускай мове. Але там практычна няма складанага напаўнення, вялікіх размоўных блокаў.

    Наталля Алёхіна і Олег Карабец, служба навінаў "Юмор FM" і галасы "Радыё Relax" (цытаты, рэлакс-чытанне, надвор'е)

    — Выдатна, што ёсць «Радыё Relax» з беларускай мовай у эфіры, але вы самі кажаце пра тое, што ёй адводзіцца роля ў нейкім скарочаным фармаце.

    — Мне як стваральніку праекта «Аўтарадыё» прасцей рабіць усё на рускай, таму што ёсць мэтавая аўдыторыя, для якой руская мова больш лёгкая для ўспрымання, ёсць вядучыя, якія з’яўляюцца носьбітамі рускай мовы. Дарэчы, на «Юмор ФМ» і «Радыё Relax» акурат працуюць носьбіты беларускай мовы, якія яе добра ведаюць. І, заўважу, нас ніхто не просіць гаварыць на беларускай мове, мы самі для сябе вызначаем, на якой мове, у якіх аб’ёмах і на якой радыёстанцыі размаўляць. І яшчэ хачу нагадаць, што мы займаемся бізнесам, то бок мы робім радыё, каб зарабляць грошы.

    — А як жа больш высокія ідэі і ідэалы?

    — Ідэалы давайце пакінем для нейкіх сацыяльных медыя, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту ці жывуць на ахвяраванні заможных людзей, якім хочацца, каб радыё выглядала нейкім пэўным чынам. Мы — камерцыйнае радыё.

    Калі казаць, што мы неяк «падрэзалі» беларускую мову, то глядзіце: «Радыё Relax» — першая ў краіне камерцыйная радыёстанцыя, якая вяшчае на беларускай мове. Таксама трэба разумець, што «Радыё Relax» — лёгкая і спакойнае музычная радыёстанцыя, размоў там мусіць быць мінімальная колькасць. Раз у гадзіну выходзяць нейкія праграмы, і гэта таксама абумоўлена фарматам Soft AC, якога не было да нас на рынку.

    Пры гэтым беларуская мова — гэта ў нейкім сэнсе маркетынгавы ход. Мы доўга не маглі запісаць «упакоўку» эфіру. І калі паспрабавалі яе запісаць па-беларуску, то зразумелі, што станцыя загучала, беларуская мова, прыемная і мілагучная, добра туды «кладзецца». Тут няма ніякіх падвойных сэнсаў.

    Я лічу, што ніхто не павінен прымушаць размаўляць або вяшчаць на якой-небудзь мове. Калі прыходзяць і кажуць, што ты абавязаны нешта рабіць, гэта ўжо цэнзура.

    Праграмны дырэктар радыёстанцый "Юмор ФМ" і "Радыё Relax" Аляксандр Ажынскі

    — Цяпер уводзяцца папраўкі ў заканадаўства, якія абавяжуць СМІ мець не менш за 30 % ўласнага кантэнту.

    — І што ў гэтым дрэннага? Я не ведаю, да чаго гэта прывядзе. Можа быць, да таго, што ў нас будзе развівацца якаснае тэле- і радыёвытворчасць. Дарэчы, за радыё магу сказаць, што ў нас добрае напаўненне. Сярод радыё высокая канкурэнцыя — у Мінску на два мільёны слухачоў 22 радыёстанцыі. Для параўнання, у Маскве — 51 радыёстанцыя і горад больш, чым з 10 мільёнамі насельніцтва, і мы разумеем, які там вялізны рэкламны рынак.

    Але можа быць і адваротная сітуацыя, калі СМІ пачнуць уключаць у эфір няякасны кантэнт — пачынаючы ад ідэі і да яе рэалізацыі. І цалкам магчыма, што людзі пасля такога проста выключаць тэлеканалы і пойдуць у інтэрнэт, а там глядзі што хочаш. Але ёсць правапрымяняльная практыка, трэба паглядзець, як гэта будзе працаваць. Плюс, хутчэй за ўсё, будзе каментарый Савета Міністраў да закона аб тым, што ўваходзіць у 30 % ўласнага кантэнту, як гэта ўсё будзе ўлічвацца, ад якога аб’ёму.

    Але ў цэлым мяркую, што любыя змены — гэта падстава заварушыцца.

    — Вы заўважылі, што ў камерцыйных радыё мэта зарабляць грошы. Маглі б трохі распавесці пра гэтую «кухню»: наколькі радыйная вытворчасць выгодная, якія затраты?

    — Калі рабіць правільна і добра, калі станцыя папулярная, яе слухаюць людзі, то гэта выгадная справа. І даволі дарагая. Але розныя радыёстанцыі маюць розныя аб’ёмы выдаткаў. Напрыклад, «Радыё Relax» не затратнае наогул, бо там няма вядучых, не патрэбныя вялізныя плошчы для вытворчасці. А «Юмор  ФМ» наадварот затратная радыёстанцыя, таму што трэба купляць вялікі аб’ём кантэнту, аплочваць працу вядучых. цяпер мы думаем пра тое, каб стварыць ранішняе і вечаровае шоу, гэта значыць павялічыць колькасць работнікаў.

    А інфармацыйнае радыё яшчэ больш затратнае па сваёй сутнасці. Але ёсць такая навука, як эканоміка, і калі ў вас усё сыходзіцца, то можна рабіць.

    Іван Шпакоўскі, гукарэжысёр

    — Падчас абмеркаванняў радыё сярод калегаў часта кажуць пра тое, што на FM няма радыёстанцыі з сур’ёзнымі перадачамі, рэпартажамі.

    — Калі мы гаворым пра размоўнае радыё, то маем на ўвазе акурат змест, кантэнт, дзеля якога яе і ўключаем. Музыка ж другасная. Ёсць шмат варыянтаў размоўных радыёстанцый: інфармацыйныя, культурныя, гумарыстычныя. Стварэнне такога радыё, як вы сказалі, звязана з шэрагам цяжкасцяў.

    Першая — гэта вельмі дорага. Павінны быць не проста вядучыя, а людзі, якія з’яўляюцца лідарамі меркаванняў. Такія асобы — занятыя людзі, яны хочуць высокай аплаты за сваю працу. Таксама трэба вялікая колькасць прадусараў, якія будуць дамаўляцца з гасцямі перадач, рыхтаваць тэмы для абмеркаванняў, пытанні. Павінна быць вялікая рэдактарская група, якая працуе над стварэннем навін, павінна быць сетка карэспандэнтаў, якія будуць выходзіць у эфір з месцаў падзей, а не проста зачытваць навіны інфармацыйных агенцтваў.

    Другая праблема звязаная з гасцямі. Яны, як і вядучыя, павінны быць лідарамі меркаванняў, «зоркамі». А ў нас цяпер сітуацыя складваецца так, што вялікай колькасці цікавых лідараў меркаваньняў ня набярэш — і ў выніку будзем вымушаныя запрашаць адных і тых жа людзей.

    Гэта не звязана з палітычнай сітуацыяй або пытаннямі свабоды слова. Я не памятаю, калі нас апошні раз цэнзуравалі. Я працую на радыё 16 гадоў і не памятаю сітуацый, каб хтосьці мне казаў: «Гэтую навіну ці песню не стаў». Я ніколі не бачыў знакамітых «чорных спісаў».

    — Інтэрнэт і радыё: ці ёсць дадзеныя, колькі людзей слухаюць FM-радыёстанцыі ў інтэрнэце?

    — Ёсць дадзеныя ГЕВС, і працэнт у цэлым па рынку невялікі — па краіне каля 10 %, а ў Мінску каля 12%. У нас прыблізна пароўну дзеляцца праслухоўванне ў аўтамабілі і на працы, крыху менш — дома.

    — Чаму так мала слухаюць у інтэрнэце і ці ёсць у нашых рэаліях у FM-станцый будучыня ў інтэрнэце?

    — Гэта звязана з двума момантамі. Першае: у некаторых радыёстанцый няма інтэрнэт-вяшчання. Другое — дарослая аўдыторыя, а яна вялікая, не слухае радыё ў інтэрнэце, ім так прасцей.

    Таксама у нас вельмі распаўсюджаныя стацыянарныя прымачы. У многіх радыёстанцый сайты не адаптаваныя пад мабільныя прылады. Таксама ў большасці радыёстанцый няма мабільных прыкладанняў.

    Моладзь, як асноўны спажывец гаджэтаў, не глядзіць тэлебачанне. З радыё так крытычна сітуацыя не выглядае. Але гэта агульнасусветная тэндэнцыя, што моладзь да 18-ці гадоў вельмі мала слухае радыё. У Расіі спрабуюць стварыць для гэтай катэгорыі радыё, якое грае музыку. Але я не вельмі ў гэта веру, таму што гэтая аўдыторыя неплацёжаздольная, а значыць мала цікавая для рэкламадаўцаў, і густы ў маладых людзей цяпер… Калі я ўбачыў самы папулярны сярод моладзі кліп мінулага года, то зразумеў, што «Сектар газа», які мы слухалі ў свой час, гэта проста кветачкі. Спадзяюся, што гэта проста пераходны ўзрост, людзі вырастуць і зразумеюць, што ёсць рэчы больш змястоўныя, культурныя, якасныя.

    Нядаўна глядзеў інтэрв’ю з калегам з Кіева, і ён расказаў, што радыёстанцыя з рок-фарматам у Кіеве стала набіраць папулярнасць менавіта сярод моладзі, гэта значыць у іх адбылася нейкая пераацэнка каштоўнасцяў. І я б хацеў, каб мы на радыё рабілі нешта карыснае. На «Радыё Relax» мы кнігі чытаем, напрыклад. Чалавек, можа, быць паслухае цытату з кнігі і вырашыць прачытаць яе поўнасцю або пераасэнсуе свой дзень.

    А калі запусцім «Аўтарадыё» з новым фарматам, хачу каб галіна ажывілася. Я веру, што нехта адкрые для сябе нешта новае і якаснае. Таму што гэта — рэальна крутая музыка.

    Аддзел продажаў

    — У вас ёсць мара зрабіць нейкую канкрэтную радыёстанцыю?

    — Так, была мара зрабіць дзве станцыі. Адну з іх ужо зрабіў — гэта «Радыё Relax», а другая — «Аўтарадыё», радыёстанцыя класічнага рок-фармату — у працэсе.

    — Думаю, вы шмат слухаеце радыё. Ёсць праекты ў суседніх краінах, якія вам цікавыя?

    — Мне вельмі падабаецца вечаровае шоў на «Еўропа Плюс» Антона Комолова. Яшчэ падабаюцца нішавыя канцэпты, такія як «Радыё дача».

    Некага з заходніх праграмных дырэктараў спыталі, як доўга будзе жыць радыё? Ён адказаў, што радыё будзе жыць да таго часу, пакуль чалавек мае патрэбу ў зносінах. І наша задача ствараць такі кантэнт, каб чалавеку хацелася ўключыць радыё, а не проста слухаць плэйліст. Радыё — гэта тое, што паміж песнямі, гэта — эмоцыя і жыццё. У гэтым наша сіла.

    Падарунак Анастасіі Баранцавай на Дзень нараджэння ад калегаў

    А наша слабасць у тым, што мы як галіна не хочам ісці ў інтэрнэт і аб’ядноўвацца. У Велікабрытаніі, напрыклад, стварылі адзіны плэер, дзе сабраны ўсе радыёстанцыі, што вельмі зручна для карыстальніка. Гэты праект не каштуе вялікіх грошай, але каштуе вялікіх намаганняў дамовіцца паміж сабой. А мы шмат гадоў не можам дамовіцца нават пра стварэнне асацыяцыі радыёвяшчальнікаў. І гэта не звязана з дзяржавай, наогул. Гэта — унутранае пытанне радыёстанцый. Але правільны шлях ён доўгі і цярністы, я веру, што дамовіцца і аб’яднаць намаганні атрымаецца. Не вырашальных пытанняў не існуе. Я гэта дакладна ведаю.

    Фота Таццяны Ткачовай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці