• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аферы, кіно і турызм у міжваеннай польскай прэсе ў Заходняй Беларусі (+фота)

    У 1930-я гады жыхары Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў праз польскія перыядычныя выданні сачылі за навінкамі сусветнага і польскага кінематографа, жыццём тагачасных “селебрыці” і аферамі вакол іх, а таксама выбіралі, куды паехаць на адпачынак.

    Галівуд і не толькі

    Як казаў Ленін, “найважнейшым з мастацтваў з’яўляецца кіно”. З гэтым выказваннем цалкам былі згодныя і ўлады Другой Рэчы Паспалітай, якія, у адрозненні ад бальшавікоў, дазвалялі сваім грамадзянам глядзець замежныя фільмы. Віленская газета “Слова” ўвесну 1938 года пісала, што ў кінатэатры “Святавід” жыхары горада могуць пазнаёміцца з навінкамі кінематографа Германіі.

    “Нямецкім кіно варта цікавіцца, тым больш што яно сёння валодае вялікімі тэхнічнымі сродкамі і, нягледзячы на адмоўную міжнародную прапаганду, мае што сказаць у культурнай сферы. Эміль Янінгс (нямецкі актор і прадзюсар, першы ў гісторыі лаўрэат прэміі “Оскар” — аўтар) мае сусветную славу. Ён з’яўляецца прадстаўніком старой “псіхалагічнай” школы. Можна ламаць дзіды, дыскутуючы пра суадносіны гэтага накірунку з абстракцыйнымі асновамі кіно як асобнага віда мастацтва, але немагчыма не заўважыць значнага ўнёску, які гэты вялікі актор зрабіў у развіццё кінематографа”, — адзначалася ў выданні.

    Некалькі гадоў таму ў аднаго з жыхароў Баранавічаў мне ўдалося набыць падшыўку даваенных польскіх часопісаў Świa­towid. Гэта было агульнапольскае, багата ілюстраванае здымкамі, грамадска-палітычнае выданне, якое распаўсюджвалася ў тым ліку і ў Заходняй Беларусі.

    Асобны раздзел гэтага часопісу быў прысвечаны кіно, і называўся “Мастацтва і фільм”. З яго жыхары Навагрудскага, Віленскага і Палескага ваяводстваў маглі даведацца пра апошнія навінкі сусветнага і польскага кінематографа.

    Відавочна Świa­towid імкнуўся пераймаць вядомыя амерыканскія выданні тыпу “LIFE” і “TIME” і часта публікаваў здымкі галівудскіх кіназорак.

    Напрыклад, у нумары за сакавік 1939 года расказвалася пра новы штатаўскі фільм “Ганга Дзін”, зняты паводле твораў Р. Кіплінга. У галоўных ролях гэтага прыгодніцкага кіно, што стала класікай, зняліся Дуглас Фэрбэнкс малодшы, Кэры Грант і Джаан Фантэйн. “Даўно чаканая прэм’ера гэтага фільма ў Польшчы адбудзецца зусім хутка”, — пазначалася ў выданні. Дарэчы, шмат гадоў пазней амерыканскі рэжысёр Сцівен Спілберг здыме фільм пра Індзіяну Джонса, які будзе рэмэйкам галівудскай стужкі канца 1930‑х гадоў.

    У згаданым нумары часопіса друкаваліся і справаздачы з парыжскіх мьюзік-холаў, выставы венгерскай сукльптуры і жывапісу ў Кракаве і прэм’еры дакументальнага фільма “Крылы ВМФ”, знятага кінастудыяй Уорнэр Бразэрс.

    У сваю чаргу, у нумары за люты 1938 года рубрыка пра кіно пачыналася здымкам галівудскай актрысы, выканаўцы ролі Эн Дэраў у тагачасным блокбастары “Кінг-Конг”, Фэй Рэй. У выданні расказвалася пра гастролі польскага тэатра ў Познані, амерыканскіх комікаў з кінастудыі «Метра Голдуін Маер» у Польшчы і балета з Польшчы — у Берліне. Заканчваўся выпуск артыкулам пра “бацьку сучаснай касметыкі” Макса Фактара.

    “Гэта галоўны чалавек у Галівудзе. Ён прымае рашэнне, чый твар падыходзіць да здымкаў у фільме, а чый  — не. Не адна “зорка” павінна быць удзячна яму за тое, што знялася ў кінастужках. Усё таму, што ён змог убачыць найбольш каштоўныя бакі асобы актора і схаваць хібы. […] Калі стваралася амерыканская кінаіндустрыя, было прынята рашэнне сабраць у Штатах найлепшых цырульнікаў свету. Была ідэя запрасіць лейб-цырульніка аўстра-венгерскага імператара. Аднак пазней запрасілі больш вядомага чалавека, які працаваў пры двары рускага цара. Ім і быў Макс Фактар, які ў 1904 годзе стварыў свой “Салон прыгажосці” у Галівудзе. Сёння ніводная знакамітая артыстка не можа абысціся без яго”, — падкрэслівалася ў публікацыі.

    Сапраўды, Максіміліян Фактаровіч нарадзіўся пад Лодзю, якая на той момант была ў складзе Расійскай імперыі. Зрабіў выдатную кар’еру ў Пецярбургу, а пазней з’ехаў за акіян, каб стаць сусветнавядомым.

    Цікавіліся жыхары міжваеннай Заходняй Беларусі і ўзроўнем заробкаў тагачасных польскіх зорак экрана. “Прэса інфармуе пра заробкі актораў у ЗША. У Польшчы заробак актораў кантралюецца канвенцыяй, заключанай Хаўрусам артыстаў польскіх сцэн і Хаўрусам кінапрадзюсараў. Аднак заробак актораў галоўных роляў не рэгулюецца гэтымі нормамі. Іх заробкі ў сярэднім складаюць ад 4 да 15 тысяч злотых за фільм. Самыя вялікія ганарары атрымліваюць Ядзвіга Смасарская, Казімеж Юноша-Стэмпоўскі і іншыя. Мінімальныя стаўкі: 75 злотых за ролю ў дзень, і 50 — за эпізод. Статысты атрымліваюць 10 злотых (без уласнага касцюма) і 15 злотых (з уласным)” — падкрэслівалася ў “Віленскім кур’еры”.

    Іспанскія каштоўнасці і “Міс Еўропы” з Вільні   

    Не менш за кіно жыхароў заходнебеларускіх тэрыторый у міжваенны час цікавілі і гучныя скандалы і аферы. У студзені 1937 года “Віленскі кур’ер” пісаў пра судовы працэс пляменніцы апошняга рускага імператара Мікалая ІІ графіні Наталлі Брасавай, якая ў Варшаве судзілася з Міністэрствам дзяржаўнай маёмасці Другой Рэчы Паспалітай па справе вяртання ёй зямельных уладанняў ля Чэнстаховы, што да рэвалюцыі належалі Раманавым. У адпаведнасці з Артыкулам №12 Рыжскай мірнай дамовы, пасля вайны з бальшавікамі былая царская маёмасць адышла ў даход польскай дзяржавы. Аднак з гэтым не маглі пагадзіцца сваякі царскай сям’і, якія аказаліся ў Еўропе без сродкаў да існавання.

    Не менш гучны працэс праходзіў у 1938 годзе ў Вільні. Галандскі міліянер Х. Шольтэн падаў у суд на цётку ўладальніцы тытула “Міс Еўропа” 1935 года Таццяны Маславай, ад якой патрабаваў вярнуць 800 тысяч злотых, інвеставаных у прадпрыемствы на Віленшчыне ў перыяд, калі Маслава і галандскі міліянер былі заручаныя. Раман паміж імі пачаўся адразу пасля перамогі Маславай у конкурсе. Усё ішло да вяселля: багаты галандзец зрабіў шыкоўны прыём у Гандлёва-прамысловай палаце Вільні і вырашыў укласціся ў развіццё прамысловасці на Усходзе Польшчы. Аднак шлюб не адбыўся.

    “Міс Еўропы” заручылася з вядомым у Вільні былым судзёй, а зараз адвакатам”, — адзначала адна з польскіх газет, якая выходзіла ў Заходняй Беларусі. Гэта і прывяло да цяжбы паміж сваякамі “Міс Еўропы”, якім належыла віленскае прадпрыемства, і бізнесменам з Нідэрландаў.

    Нарэшце яшчэ адна афера, за якой сачылі чытачы прэсы, была звязана с іспанскімі ювелірнымі ўпрыгожваннямі: іх таемна ўвезлі на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай і размясцілі ў адным з віленскіх банкаў. “Каштоўнасці былі прывезеныя ў Вільню маладым іспанцам Раманам Плаза. Ён не мог прысутнічаць на судовым працэсе, бо з’яўляецца афіцэрам арміі генерала Франка і змагаецца на фронце ля ракі Эбро. Другі абвінавачаны Салес сёння жыве ў Англіі, а трэці — Ландаў, па распараджэнні якога Плаза і Салес прывезлі каштоўнасці ў Польшчу, зараз у Мадрыдзе. Учора ў Вільню прыехаў і быў дапытаны ўласнік скарбу, іспанскі гранд Мігель Веласкез”, — пісаў “Віленскі кур’ер” у кастрычніку 1938 года.

    Што ж за багацце кантрабандысты тайна прывезлі ў даўнюю сталіцу ВКЛ? Размова ішла пра 48 сапфіраў, 2 рубіны, 29 брыльянтаў, 8 брошак, 3 бранзалеты, 2 пярсцёнкі і 4 булаўкі. Усё з золата.

    Польскія ўлады падлічылі, што, каб прывезці гэтыя каштоўнасці ў Польшчу, яе ўласнікам трэба было заплаціць мыту ў 307 тысяч злотых. У рэшце рэшт, суд вырашыў вярнуць каштоўныя камяні і ўпрыгожванні ўласніку, а іспанскіх кантрабандыстаў прысудзілі да высокіх штрафаў.

     

    З Заходняй Беларусі да Гдыні ў люксавым цягніку за 33 злотых

    Вялікую ўвагу міжваенныя польскія выданні, якія выходзілі ў Заходняй Беларусі, надавалі развіццю турызма ў рэгіёне. У красавіку 1938 года газета “Віленскі кур’ер” пісала пра дзейнасць Польскага краязнаўчага таварыства ў Баранавічах. “У гэтым годзе арганізацыя ажыццявіла 4 экскурсіі, з якіх две — у Вільню цягніком, у іх узялі ўдзел каля 1 200 чалавек, адну —  у Пінск і адну —  у Варшаву. Таварыства прыняло экскурсантаў з іншых польскіх рэгіёнаў (каля 220 чалавек). У гэтым годзе Таварыства скончыла працу над падрыхтоўкай даведнікаў па месцах Міцкевіча, Рэйтана, а таксама па Палессі. Прынята рашэнне больш інтэнсіўна працаваць у рэгіёнах і зрабіць прадстаўніцтва ў Новай Мышы, Снове і іншых месцах. Вырашана таксама стварыць курган у памяць Тадэвуша Рэйтана ў Рэйтанаве ля Ляхавічаў. Да краязнаўчай працы больш актыўна будзе прыцягвацца школьная моладзь”, — пісалася ў газеце.

    Насамрэч у гэты перыяд у Польшчы расла цікавасць да ўсходніх ваяводстваў. Людзі з этнічна польскіх тэрыторый імкнуліся ўласнаручна ўбачыць дзікую палескую прыроду, выкупацца ў возеры Нарач, пахадзіць па сцежках, якімі хадзілі знакамітыя культурныя і палітычныя дзеячы некалі магутных Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ды і самі жыхары Заходняй Беларусі маглі скарыстацца выдатнымі турыстычнымі прапановамі.

    Напрыклад, летам 1939 года адна з польскіх газет, якая выдавалася ў Заходняй Беларусі, заклікала мясцовых жыхароў здзейсніць турнэ па маршруце Вільня-Варшава-Гдыня на люксавым турыстычным цягніку. “Тры дні на моры. Дзень у сталіцы. У цягніку вы зможаце атрымаць асалоду ад выступу кабарэ. У Гдыні турысты спыняюцца ў Турыстычным гатэлі. І ўсё гэта за 33 злотых”, — адзначалася ў выданні.

    …Восенню 1939 года жыхары Заходняй Беларусі вымушаны будуць забыцца пра галівудскае і польскае кіно, гучныя аферы, звязаныя з “селебрыці”, і турыстычныя паездкі. Пачнецца цяжкае выпрабаванне, перажыць якое наканавана будзе не кожнаму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці