Да 25 сакавіка. Беларускія перыядычныя выданні эпохі БНР
У пачатку ХХ стагоддзя ў краінах Усходняй Еўропы адбываўся працэс абуджэння нацый. Не выключэннем была і Беларусь, дзе народы, якія насялялі тэрыторыю нашай краіны, актыўна шукалі свой шлях у будучыню. Адной з праяў гэтага было развіццё перыядычнага друку.
Краіна, падзеленая фронтам
Падчас Першай Сусветнай вайны рускім уладам было не да беларускіх газет. Фронт імкліва рухаўся на ўсход і імперыя Раманавых губляла адну правінцыю за другой. У лютым 1916-га ў акупаванай кайзераўскімі войскамі Вільні пачынае выходзіць беларуская газета “Гоман”. На друк і паперу выданне атрымлівала грошы ад нямецкіх уладаў. Пры гэтым немцы не ўмешваліся ў працу рэдакцыі і не навязвалі сваіх поглядаў аўтарам. Газета стаяла на пазіцыях сялянска-рабочага сацыялізму і выступала за атрыманне Беларуссю незалежнасці.
Вялікую ўвагу аўтары выдання надавалі асвятленню гісторыі кнігадрукарства на Беларусі, рэфармацыйнаму руху, гістарычным асобам перыяду Вялікага княства літоўскага. Акцэнт на гістарычны бок можна патлумачыць тым, што першым рэдактарам “Гомана” быў бацька беларускай гістарыяграфіі Вацлаў Ластоўскі. У газеце друкаваліся творы Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Змітра Жылуновіча, Максіма Багдановіча і іншых. У 1917 годзе другім і апошнім яе рэдактарам стаў беларускі журналіст Язэп Салавей. У гэты час на старонках “Гомана” друкавалася шмат матэрыялаў, у якіх крытыкавалася расійскае самадзяржаўе. Аўтары газеты ўсё часце выказваліся за неабходнасць стварыць незалежную Беларусь. Па сутнасці, да 1918 года на тэрыторыі Беларусі, акупаванай немцамі, “Гоман” быў адзінай беларускай газетай.
У гэты час (1916 год) беларускія перыядычныя выданні выдаваліся і на тэрыторыі Расійскай імперыі. Зміцер Жылуновіч у Петраградзе стварыў штотыднёвік “Дзянніца”, а Эдвард Будзька газету “Светач”. Выданні выходзілі ў расійска-французскай друкарні за ўласны кошт выдаўцоў. Галоўнай аўдыторыяй газет сталі бежанцы, якія эвакуіраваліся з Беларусі пасля акупацыі амаль паловы яе тэрыторыі кайзераўскімі войскамі. Частка нумароў даходзіла і на Радзіму. Аўтары газет пісалі пра неабходнасць развіцця беларускай вышэйшай адукацыі, нацыянальнай культуры.
“Няхай жа “Дзянніца і “Светач” асвячаюць мрокі стогначай пад цяжарам крывавых дзён старонкі роднай, хай мрок асвеціцца надзеяй, што лепшыя часы недалёка, а на небе, як знак гэтага, залунае “Дзянніца” асвятляючы ўвесь, што ні на ёсць, шырокі прастор краю Беларускага. Хай газеты гэтыя будуць жывым адбіткам душы і думак — і ўсяго перажытага народам”, — характарызавала дзейнасць узгаданых выданняў беларуская пісьменніца Канстанцыя Буйло.
Аднак царскім уладам не спадабалася вальнадумства беларусаў і ў снежні 1916 года выхад газет спыніўся.
Галоўнае выданне
У траўні 1917 года ў Мінску пачала выходзіць газета “Вольная Беларусь”, рэдактарам якой быў Язэп Лёсік. Яе фундатарам стаў будучы прэм’ер-міністр Беларускай народнай рэспублікі Раман Скірмунт. Першапачаткова выдаўцом газеты быў Беларускі нацыянальны камітэт, а пазней — Таварыства беларускай культуры. Супрацоўнікамі “Вольнай Беларусі” былі Змітрок Бядуля, Павел Каравайчык ды іншыя. Выданне падтрымлівала ідэю незалежнасці Беларусі і нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў. Яго аўтары падкрэслівалі неабходнасць узвышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы, як галоўнага элемента згуртавання нацыі. У адным з нумароў газеты падкрэслівалася, што
“мова — гэта не толькі сродак зносін і перадачы інфармацыі, але самадастатковая каштоўнасць і галоўны набытак народа”. Язэп Лёсік адзначаў, што роднай мовай мусяць валодаць усе, хто ўзначальвае беларускі рух. “У іншым выпадку гэтыя людзі будуць руйнаваць адной рукой тое, што пабудавалі другой”, — падкрэсліваў публіцыст.
“Вольная Беларусь” радасна вітала аб’яўленне незалежнасці БНР увесну 1918 года. У адным з сакавіцкіх нумароў выдання падкрэслівалася: “Вышэй адзначаным актам аб незалежнасці (мелася на ўвазе Трэцяя статутная грамата Рады Беларускай народнай рэспублікі — І.М.) беларускі народ на ўвесь свет надае голасна знаць пра сябе. Гвалтам расійскіх цароў народ беларускі быў так прыціснуты, што не мог вольна і адважна развіваць свае нацыянальна-культурнае багацце, сваю духоўную істоту. Праз асіміляцыю ён стаў толькі цестам, з якога царскія чыноўнікі мясілі, што сабе хацелі, абы толькі стаў ён “исконно рускимъ и православнымъ”.
Выданне крытычна ставілася і да ўлады бальшавікоў, палітыка якіх у дачыненні да беларусаў мала чым адрознівалася ад царскай. Газета заклікала звычайных жыхароў беларускіх зямель больш актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўнай будучыні Беларусі.
Акрамя матэрыялаў сацыяльна-палітычнага характару, у “Вольнай Беларусі” друкаваліся літаратурныя творы беларускіх аўтараў. Сярод іншых на яе старонках з’явіўся верш Максіма Багдановіча “Пагоня” і п’еса Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча “Пінская шляхта”. Газета спыніла сваё існаванне ў лістападзе 1918 года, калі ў Беларусь ізноў прыйшлі бальшавікі.
“Бальшавіцкія злачынцы ачысцілі рэдакцыю да апошняй паперкі. Забралі пішучую машынку, шапірографы, рукапісы, канцэлярскую паперу, пячаткі, канторскія кніжкі. Дзе гэта ўсё дзелася — не вядома. Згінула навекі, а тым часам шмат было рукапісаў вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія ніякімі грашыма аплаціць немагчыма, бо гэта былі аўтэнтыкі”, — узгадваў тыя жудасныя дні Язэп Лёсік.
Пазней, у канцы 1930‑х, падчас рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі бальшавіцкія спецорганы шмат каму будуць узгадваць супрацу з “буржуазна-нацыяналістычнымі выданнямі” кшталту “Вольная Беларусь”. Насамрэч, людзі, якія друкаваліся ў гэтых газетах, былі сапраўднымі патрыётамі Беларусі і верылі, што нашая краіна можа быць незалежнай.
Вайсковыя і цывільныя газеты
У гэты ж час (1917—1918 гг.) Цэнтральнай беларускай вайсковай радай выдавалася газета “Беларуская рада”. Выданне актыўна выказвалася за неабходнасць фарміравання нацыянальнага беларускага войска, якое зможа абараніць незалежнасць краіны. Прадстаўнікі вайсковай рады накіроўвалі на франты Вялікай вайны вярбоўшчыкаў, якія павінны былі праводзіць агітацыю сярод жаўнераў Рускага імператарскага войска, беларусаў па паходжанні, за уступленне ў нацыянальныя ўзброеныя сілы. У гэтай справе, безумоўна, дапамагала і газета.
У сакавіку–жніўні 1918 года на тэрыторыі БНР выдавалася газета “Беларускі шлях”, якая прысвяціла шмат ўвагі праблеме сацыяльна-палітычнага і культурнага адраджэння беларусаў. Рэдактарамі выдання былі Павел Аляксюк і Алесь Гарун. Аўтары газеты крытыкавалі бальшавікоў за русіфікацыю і палякаў за паланізацыю беларусаў, выказваліся ў падтрымку развіцця беларускага школьніцтва і культурных устаноў. У артыкулах газеты прасоўвалася ідэя аб неабходнасці саюзу паміж усімі народамі, якія засялялі землі гістарычнай Літвы. 29 сакавіка 1918 года ў выданні была надрукавана Трэцяя статутная грамата Рады БНР. У “Беларускім шляху” свае творы апублікавалі Уладзіслаў Галубок, Змітрок Бядуля, Аляксандр Уласаў і іншыя. У кастрычніку 1918 года ў Мінску быў выданы першы і апошні нумар штомесячніка “Варта”. Рэдактарам выдання быў Язэп Варонка, а ў часопісе, сярод іншых былі друкаваліся артыкулы Кастуся Езавітава і Антона Луцкевіча. Аўтары справабавалі выпрацаваць алгарытм фарміравання беларускай дзяржаўнасці і выступалі супраць экспансійнай палітыкі бальшавікоў.
За мяжой
Па ініцыятыве Аляксандра Цвікевіча ў Кіеве выходзіла газета “Беларускае эха”. У гэты час палітыка накіравалі ва Украіну для вядзення перамоў аб прызнанні БНР, і адным з вынікаў гэтай працы было з’яўленне беларускага выдання. Бальшавікі не маглі не рэагаваць на ўздым нацыянальных пачуццяў беларусаў. У сакавіку 1918 года ў Петраградзе, а пазней у Маскве, аднавіўся выхад газеты “Дзянніца” (рэдактар Зміцер Жылуновіч), якая выходзіла як выданне Беларускага нацыянальнага камітэту, што быў часткай Наркамату па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Гэтае выданне публікавала звароты да беларускіх сялян і працоўных з патрабаваннем “бараніць рэвалюцыю”, а таксама заяўляла пра тое, што “Беларусь — гэта частка Расіі”.
У ліпені–снежні 1918 года у былой сталіцы Расійскай імперыі выходзіла газета “Чырвоны шлях”, у якой друкаваліся, між іншым Янка Купала і Цётка. Як зразумела з назвы выдання, яно выступала на бальшавіцкіх пазіцыях і за стварэнне ў Беларусі савецкай рэспублікі. У адной з публікацый аўтары газеты выступілі ў падтрымку беларускай мовы. Аднак, як пакажуць далейшыя падзеі, бальшавікі не збіраліся падтрымліваць мову і культуру беларусаў і бачылі ў гэтым праяву “буржуазнага нацыяналізму”.
У лістападзе 1918 года адбылася рэвалюцыя ў Германіі, што прывяло да адступлення германскіх войскаў з Беларусі. У дадзенай сітуацыі Рада БНР выдала 4‑ю статутную Грамату, у якой заклікала беларусаў да захавання парадку.
Аднак хутка Беларусь была занята бальшавікамі, і на тэрыторыі, абвешчанай 1 студзеня 1919 года БССР, выдаўніцтва “беларускіх буржуазных газет” спынілася. Хутка пачалася польска-бальшавіцкая вайна, падчас якой адбыўся рэнесанс беларускага нацыянальнага перыядычнага друку. Аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Кароткі перыяд БНР даў магчымасць беларусам адчуць сябе нацыяй, якая здольная стварыць незалежную дзяржаву, шанаваць сваю мову, культуру і гістарычную спадчыну. Беларускія перыядычныя выданні, якія выходзілі ў той час, з’яўляюцца каштоўнымі артэфактамі вельмі няпростай эпохі. Праз матэрыялы, надрукаваныя там, мы, сучасныя жыхары Беларусі, можам зразумець тое, праз якія выпрабаванні прыйшлося прайсці нашым продкам, каб сёння мы зваліся народам.
Абмяркоўвайце ў каментах! ↓ ↓ ↓