• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі 2015 года. Папаўненні ў журналісцкіх сем’ях

    Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае падводзіць вынікі года. Сённяшні сюжэт – пра папаўненні ў журналісцкіх сем’ях.

    Мы распыталі маладых мамаў і татаў, як змянілася іх жыццё пасля нараджэння «маленькай будучыні» і ці збіраюцца пасля дэкрэту вяртацца ў прафесію.

    Таццяна Гусева з інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” гаворыць, што зараз замест журналіста стала вельмі ўважлівым чытачом. І вельмі цэніць час, які праводзіць з сынам.

    – Майму сыну толькі 1,5 месяцы. Ніякага дэкрэтнага адпачынку «перад» у мяне не было, да самага нараджэння я працавала і перастала гэта рабіць толькі тады, калі мяне паклалі ў радзільню. І, калі б не мой сын, я б так і далей працавала, працавала і працавала. Таму я вельмі ўдзячная яму за гэты адпачынак 

    Адпачынкам яго, канешне, не назавеш. Але дзякуючы яму я атрымала магчымасць пажыць звычайным нармальным жыццём. З дзецьмі час вельмі запавольваецца, ужо не трэба хутчэй-хутчэй нешта пісаць, таму ёсць магчымасць нарэшце паглядзець на рэчы навокал.

    Як актыўны чытач медыяў я заўважыла, што ў сучасных СМІ, аказваецца, вельмі мала засталося самога чалавека. Мы пішам пра грамадскія падзеі нейкія, палітычныя справы, а самога чалавека засталося вельмі мала. Большасць тэкстаў у СМІ чамусьці прысвечаныя не яму, а цяпер мне гэтага вельмі не хапае.

    Зразумела, што я не збіраюся сядзець дома ўсе тры гады. Безумоўна, я буду нешта пісаць і паступова ператварацца з чытача ў журналіста. Але цяпер я маю час, які ўсім людзям вельмі важна не згубіць, – час сапраўднага жыцця, час інвестыцый у будучыню. Калі сын падрасце, я ўжо не буду яму так патрэбная, – гаворыць маладая маці Таццяна Гусева.

    У сям’і Глеба Лабадзенкі і Таццяны Шапуцька сёлета нарадзіўся ўжо другі сын – Дамінік. І хоць старэйшаму, Стэфану, толькі 3 гады, Таццяна кажа, што паспявае і падпрацоўваць на сайце “Новага Часу”, і вучыцца ў магістратуры.

    – Я дапамагаю на сайце газеты “Новы Час” з дзяжурствамі, а таксама час ад часу пішу туды артыкулы, каб за гэтыя гады не згубіць навыкаў і кантактаў з людзьмі. Бо, калі нічога не рабіць, праз шэсць гадоў вярнуцца ў прафесію будзе вельмі цяжка. Калі Дамініку будзе 2–3 гады, я збіраюся вярнуцца ў журналістыку цалкам. Светапогляд мой асабліва не змяніўся, я раней цікавілася рознымі грамадска-палітычнымі тэмамі і зараз імі цікаўлюся. Ну, можа трошкі больш увагі стала надаваць такім тэмам, як сацыяльная дапамога, маладыя сем’і, але кардынальна нічога не памянялася, – гаворыць маладая маці Таццяна Шапуцька.

    Сумуе па працы і журналістка Таццяна Бублікава. Але прызнаецца, што ўначы, калі Агата засынае, яна ўсё ж рэдагуе свой маленькі журналісцкі праект.

    – Я не чакала, што так зменіцца маё жыццё з нараджэннем Агаты. Мне вельмі не хапае таго, што раней яго напаўняла: навінаў, сустрэчаў з сябрамі-журналістамі, і нават заходзіць у Фэйсбук цяпер атрымліваецца толькі раз-два на тыдзень. Але я вельмі сумую па сваім актыўным жыцці. І, як толькі будзе магчымасць, збіраюся ўліцца ў яго зноў. Пакуль гэта не атрымліваецца – Агата без мяне не застаецца адна. Але, трэба прызнацца, па начах я ўсё ж рэдагую адзін маленькі журналісцкі праекцік.

    Дарэчы, нядаўна я чытала вынікі аднаго даследавання. Аказваецца, амерыканскія вучоныя высветлілі, што чым больш актыўныя ў дзяўчынак маці, тым больш сацыяльна актыўнымі вырастаюць і самі дзяўчынкі. Таму я хутка вярнуся, – кажа Таццяна.

    А вось яшчэ адна сёлетняя маці Вольга Шыракаступ з баранавіцкага выдання “Intex-press” гаворыць, што пасля нараджэння ў іх сям’і маленькага Кастуся яна пачала чакаць і чытаць уласную газету разам з мужам.

    – Вельмі сумую па сваёй працы і заўсёды чакаю, калі выйдзе мая газета. У нас нават з’явілася новая форма адпачынку дома. Напрыклад, я сяджу кармлю сына, а муж мне чытае маю газету, ці “БелГазету”, ці навіны на нейкім сайце. Вось так мы бавім час вечарамі, хоць раней сумеснага такога вольнага часу не было.

    Хоць я і сумую па сваёй працы, але, думаючы пра будучыню ў прафесіі, адразу разумею, наколькі мала часу змагу прысвячаць сыну. І таму зараз вельмі хочацца «ўкласці» ў яго як мага больш, – гаворыць Вольга.

    А вось адзіны сёлетні тата-журналіст, да якога нам удалося датэлефанавацца, кажа, што нават і рады змене статусу. Бацька Казіміра Ілля Маліноўскі гаворыць, што новы статус прымусіў яго стаць больш клапатлівым у дачыненні да сваёй сям’і.

    – Зараз сапраўды вельмі цяжка працаваць на поўную моц, бо банальна не спіш па начах. Даводзіцца таксама займацца многімі рэчамі, якімі да нараджэння Казіміра займалася мая жонка: хадзіць у крамы, гатаваць ежу, прыбірацца ў кватэры часам. Але гэта зрабіла мяне больш клапатлівым і чуллівым. Я нават на канцэрт “Нейра Дзюбеля” не пайшоў, – смяецца Ілля.

    Таксама ГА “БАЖ” нагадвае, што бацькамі сёлета сталі сябры нашай арганізацыі Марына Маўчанава, Алена Насковіч, Вольга Кузьміч і Юра Сідун, Вікторыя Мікуліч, а зусім нядаўна – Марыйка Мартысевіч і Павел Касцюкевіч.

    Магчыма, мы не даведаліся яшчэ пра кагосьці, але вельмі жадаем усім дзецям хуткага і здаровага ўзрастання, а ўсім сёлетнім бацькам – мудрасці і радасці. А прэс-служба ГА “БАЖ” абяцае вярнуцца да гэтай тэмы ў наступным годзе… 🙂

    Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці