• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зяленскага на перамовах у Гомлі прадстаўляе былы беларускі журналіст, якога дэпартавалі за крытыку Лукашэнкі

    У склад дэлегацыі Ўкраіны на перамовах з расейцамі ў Гомлі ўваходзіць дарадца Уладзіміра Зяленскага Міхаіл Падаляк. Ён вучыўся і працаваў у Беларусі, пакуль яго не дэпартавалі за крытыку Лукашэнкі ў 2004 годзе.

    Да каманды Зяленскага Падаляк далучыўся ў пачатку 2020 году. Ён стаў дарадцам кіраўніка Офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака і «антыкрызісным мэнэджэрам», адказвае ў Офісе за інфармацыйную палітыку.

    Працаваў у «Народнай волі» і «Правде Гайдукевича»

    Падаляку 49 гадоў, яго дзяцінства прайшло ў Заходняй Украіне. З 17 гадоў ён жыў у Беларусі, скончыў Менскі мэдычны ўнівэрсытэт. Але прафэсійную дзейнасьць зьвязаў з журналістыкай. У 1991–1992 гадах Падаляк працаваў у беларускіх газэтах «FM-бульвар», «Время», «Народная воля», «Белорусская деловая газета», «Газета Андрея Климова» і «Правда Гайдукевича».

    Праблемы Падаляка ў Беларусі пачаліся ў 2002 годзе. Менавіта ў сувязі зь ягоным артыкулам закрылі незалежную газэту «Наша свабода». На Падаляка і выданьне падаў у суд тагачасны кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Анатоль Тозік. У артыкуле гаварылася аб тым, што Лукашэнка «тармозіць разьвіцьцё расейска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва», а таксама аб няпростых адносінах Тозіка з генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам. Чыноўнік сьцьвярджаў, што журналіст выставіў яго інтрыганам і шантажыстам. Тозік выйграў суд. Газэта мусіла заплаціць 54 тысячы даляраў, а асабіста Падаляк — 2,7 тысячы. Выплаціць грошы яны не змаглі і выданьне закрылася.

    18 гадоў таму сьцьвярджаў, што Лукашэнка канчаткова страціў магчымасьць дамовіцца з Расеяй

    У 2004 годзе Падаляк прыняў удзел у перадачы Радыё Свабода пра магчымага наступніка Лукашэнкі і ролю Расеі ў працэсе трансфармацыі. Сярод пераемнікаў ён згадаў Анатоля Тозіка, назваўшы яго «сур’ёзнай фігурай, якая валодае інфармацыяй і мае вагу ў пэўных колах Расеі». Паводле Падаляка, увосень 2003 году Лукашэнка канчаткова страціў магчымасьць дамовіцца пра што б ні было з расейскім кіраўніцтвам, стаў «ізаляваным ад Расеі».

    «На сёньня відавочна, што Расея гатовая сесьці за стол перамоваў з Эўропай, з амэрыканцамі і зь беларускай альтэрнатыўнай групай — гэта можа быць і апазыцыя, і намэнклятура». — сказаў Міхаіл Падаляк.

    Дэпартацыя зь Беларусі

    У тым жа годзе Міхаіл Падаляк працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара ў незалежнай газэце «Время», якую заснаваў памерлы нядаўна Павал Жук (ён жа быў і выдаўцом «Нашай свабоды». — РС). У красавіку 2004 году да Падаляка дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ, прапанавалі сабраць рэчы і суправадзілі на чыгуначны вакзал. Адтуль журналіста дэпартавалі ва Ўкраіну. Падаляк заявіў, што гэта была рэакцыя ўлады на яго вострыя артыкулы, а КДБ абвінаваціў яго ў тэндэнцыйнасьці, паклёпе і дэстабілізацыі ў краіне. Яго пазбавілі права наведваць Беларусь цягам пяці гадоў. Сам ён заявіў, што гэта адбылося з сувязі зь ягонай крытыкай Лукашэнкі.

    У 2006 годзе Падаляк адкрыў ва Ўкраіне піяр-кампанію, якая кансультавала ў тым ліку і беларускіх палітыкаў. Пра гэта ён сказаў у адным зь інтэрвію, але не ўдакладніў, каго канкрэтна кансультаваў.

    Называў Мілінкевіча «отбеливателем» Лукашэнкі

    Часовае вяртаньне ў беларускую мэдыйную прастору Падаляка адбылося ў 2009 годзе, калі ў інтэрнэце зьявіўся артыкул «Отбеливатель М» пра нібыта лябісцкую ролю Аляксандра Мілінкевіча ў паляпшэньні вобразу Лукашэнкі. Падаляк сьцьвярджаў, што Эўропа прыдумала гульню, у выніку якой Мілінкевіч будзе ўключаны ва ўладу, а Лукашэнка атрымае новы легітымны прэзыдэнцкі тэрмін.

    «Мілінкевіч, хвацка надзьмутая мэдыйная бурбалка, абавязкова робіцца адзіным кандыдатам-дублёрам на чарговых выбарах (навошта Лукашэнку ганьбіцца, выстаўляючы карыкатурныя пэрсанажы накшталт незабыўнага Гайдукевіча С. В.). Атрымлівае свае гарантаваныя 20–25%, каб усё выглядала вельмі праўдападобна і пасьля выбараў, на якіх зноў жа трыюмфальна перамагае Лукашэнку, гарантуе сабе месца… віцэ-прэм’ера па гуманітарцы», — гаварылася ў артыкуле.

    Абвінаваціў беларускую газэту ў прыдуманым інтэрвію зь ім

    Бадай апошні раз у беларускіх СМІ пра Падаляка чулі ў 2010 годзе. У газэце «Свободные новости плюс» выйшла інтэрвію зь ім. У ім Падаляк хваліўся дарагой машынай і аховай, высокапастаўленымі знаёмымі ў расейскіх і ўкраінскіх спэцслужбах і казаў, што неразборлівы ў замоўцах — абы плацілі грошы. Аднак неўзабаве пасьля публікацыі ён заявіў, што не даваў інтэрвю беларускай газэце, назваўшы яго «прыдумкай» і «кампіляцыяй дзясяткаў прыватных размоваў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці